Прэзентацыя апошняй кнігі Слугі Божага Яна Паўла ІІ «Памяць і самасвядомасць» адбылася ў дзвюх гродзенскіх парафіях: у катэдральнай парафіі Францішка Ксавэрыя і ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў мікрараёне Дзевятоўка. Перакладчыца кнігі Вялікага Папы, галоўны рэдактар часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера» пісьменніца Крыстына Лялько, расказала пра сваю працу над перакладам кнігі, згадала пра дзве незабыўныя сустрэчы з Янам Паўлам ІІ, адказала на пытанні.

Асабліва змястоўнаю, зацікаўленаю і шчыраю атрымалася гаворка з касцёльнаю моладдзю дзевятоўскай парафіі. Маладых вернікаў цікавілі многія праблемы з сённяшняга жыцця Касцёла, пераклады літургічных тэкстаў на беларускую мову і само функцыянаванне гэтай мовы ў Касцёле. На сустрэчы гучала шмат вершаў і паэтычных перакладаў.

На ўспамін пра цёплы вечар у каміннай зале дзевятоўскай парафіі ў многіх маладых парафіянаў засталася кніга Вялікага Папы і іншыя выданні выдавецтва «Pro Christo».

Фота М. Новікава.