Гэтага высокага ладнага мужчыну ў нашым горадзе ведаюць многія. І хоць ён даўно на заслужаным адпачынку, аднак дагэтуль заняты работай: у касцёле святога Міхаіла Арханёла Юзаф Шульжыцкі служыць званаром.

Нядаўна я даведалася пра яго ўзрост. Прызнацца, вельмі здзівілася, што гэты рухавы, бадзёры мужчына хутка адзначыць сваё 75-годдзе! Зусім не скажаш. На гэты конт ён сам жартуе: «Я ж не п’ю і не куру, а жонка гатуе толькі здаровую ежу». А яго добрыя знаёмыя ўпэўнены, што пану Юзафу (звычайна так да яго звяртаюцца людзі) не даюць састарыцца яго добрая душа і велізарная любоў да Бога.

У сямігадовым узросце Юзік Шульжыцкі застаўся без бацькі, а ў 12 гадоў стаў круглым сіратой. Маці пайшла на той свет, пакінуўшы сямёра дзяцей. На двары стаяў сцюдзёны снежань сорак чацвёртага. Не прайшло і паўгода пасля вызвалення Смаргоні ад немцаў. Мужчына добра памятае зруйнаваны цэнтр горада, старую царкву без даху, пашкоджаны касцёл. Хата Шульжыцкіх, як і большасці «цэнтральных» смаргонцаў, згарэла, жыць практычна не было дзе. Падлетку Юзіку давялося рана стаць дарослым, выконваць складаную мужчынскую работу – араць, касіць, секчы дровы. Пасля вайны паспеў закончыць толькі пяць класаў школы – і яго забралі ў армію.

— Я зведаў холад і голад. Часам я думаў, што ніколі не наемся хлеба, – успамінае мой суразмоўца.

Пасля арміі лёс закінуў юнака ў Мурманск, дзе ён атрымаў пасведчанне шафёра, ажаніўся і стаў бацькам. А ў саракапяцігадовым узросце аўдавеў. Зноў вярнуўся ў Смаргонь, ажаніўся. З другой жонкай ён жыве амаль трыццаць гадоў і да гэтага часу сваю другую палавіну называе «моя кохана».

— Праз усё жыццё я пранёс сваю любоў да Бога, – прызнаецца пан Юзаф. — Мой бацька быў веруючым чалавекам. Вучыў і нас, дзяцей, любіць Усявышняга і людзей, цаніць сваё жыццё. Кожны вечар усёй сям’ёй мы маліліся. Малітва нас збліжала...

Перажыўшы часы поўнага адмаўлення рэлігіі, у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя смаргонскі касцёл зноў прыняў сваіх парафіянаў. Пан Юзаф стаў яго наведваць. У хуткім часе яму даручылі званіць у звон, і вось на працягу ўжо дзесяці гадоў ён кожны дзень спяшаецца ў званіцу, каб пазваць вернікаў на святую Імшу. Ці проста яшчэ раз напомніць такім чынам пра сутнасць чалавечага быцця...

Па словах пана Юзафа, гукі звону маюць нейкую асаблівую сілу. «Іншым разам, —гаворыць ён, — бывае на душы неспакойна. Падымуся ў званіцу, пачую знаёмыя гукі — і на душы палягчэе. Па-іншаму пачынаю ўспрымаць рэчаіснасць».

Служба званара патрабуе не толькі дысцыплінаванасці і пунктуальнасці, але і добрай фізічнай загартоўкі. Каб трапіць ў званіцу, трэба пераадолець крутую лесвіцу — 34 высокія прыступкі. У будні дзень — двойчы, раніцай і ўвечары, а ў выхадны ці на свята – пяць разоў! Такія штодзённыя фізічныя нагрузкі не дазваляюць немаладому ўжо чалавеку расслабіцца.

А яшчэ пан Юзаф — актыўны ўдзельнік касцёльнага хору. Разам з іншымі спевакамі ён выступаў не толькі перад беларускай і польскай публікай, але і пабываў на радзіме Фэдэрыка Шапэна, у гасцях у праўнука Міхала-Клеафаса Агінскага.

— Я не ўяўляю сваё жыццё без гукаў звону, без святых песняў. Дзякуючы касцёлу маю магчымасць увесь час развівацца духоўна, сустракацца з цікавымі людзьмі... — зазначае пан Юзаф і па-філасофску дадае. — Галоўнае — рабіць людзям дабро, быць справядлівым, не крыўдзіць нікога ні словам, ні чынам. І тады жыццё ніколі не падасца сумным і бессэнсоўным.

Дарэчы, звон смаргонcкаму касцёлу ў 1996 годзе ахвяравалі мясцовыя вернікі — браты Казімір і Алег Гілі. Звон па заказу вылівалі ў Польшчы. Імёны фундатараў, а таксама былога пробашча Генрыка Куляшэвіча пазначаны непасрэдна на звоне.

Дарэчы, навукай даказана, што званы валодаюць гаючымі ўласцівасцямі. Нярэдка людзі становяцца пад звон, каб пазбавіцца ад глухаты, нематы і дэфектаў маўлення. Устаноўлена, што гукі звону абясшкоджваюць вірусы грыпу, жаўтухі, знішчаюць тыфозную палачку, забіваюць хваробатворныя бактэрыі ў радыусе некалькіх кіламетраў. Нашы продкі, здагадваючыся пра гэта, званілі ў званы кругласутачна. Расійскі цар з гэтай нагоды выдаў нават спецыяльны загад. Сёння даказана, што пры перазвоне акустычная хваля распаўсюджваецца ў форме крыжа, можа вылечыць як фізічныя, так і душэўныя хваробы.

Галіна Антонава, Смаргонь.
Фота аўтара.