«Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце
Евангелле ўсякаму стварэнню»

(Мк 16, 15)v

Гэта апошнія словы Езуса Хрыста на зямлі, апошняя запаведзь, якую Ён абвясціў перад сваім унебаўшэсцем. Апошняя воля Збавіцеля — закон для кожнага сапраўднага хрысціяніна, тым больш для легіянераў Марыі, мэта якіх — праз Божую Маці набліжаць людзей да Хрыста.

Сярод разнастайнай апостальскай дзейнасці Легіёна Марыі існуе таксама накірунак «Peregrinatio pro Christo» (г. зн. падарожжа дзеля Хрыста). Група легіянераў накіроўваецца ў аддаленыя месцы, каб несці добрую навіну аб Хрысце. Вось так і нашыя легіянеры па даручэнні духоўнага кіраўніка Каміцыума Легіёна Марыі ксяндза Рамана Новака і з благаславення ксяндза біскупа Антонія Дзям’янкі 9 лютага адправіліся ў горад Слаўгарад Магілёўскай вобласці. Група складалася з сямі чалавек, і былі гэта легіянеры з Мінска, Маладзечна, Барысава, Стаўбцоў, Смаргоні, Ліды. Задача, якая стаяла перад легіянерамі, — знайсці католікаў з мэтай далейшага стварэння і рэгістрацыі тут каталіцкай парафіі. Працавалі легіянеры два дні, разбіўшыся на групы.

Слаўгарад — невялічкі, вельмі ўтульны і па-свойму прыгожы горад з прыветлівымі і добразычлівымі жыхарамі. За два дні, што мы тут былі, ні ад каго ні разу не пачулі крыўднага слова ў свой адрас. Наадварот, людзі як маглі і вельмі шчыра спрабавалі нам дапамагчы, успамінаючы тых, хто, на іх думку, можа быць католікам. Амаль усе з удзячнасцю бралі ад нас часопісы «Любите друг друга», іконкі Езуса Міласэрнага, цудоўныя медалікі Беззаганнай Панны Марыі і асноўныя хрысціянскія малітвы, надрукаваныя на асобных лістках. Людзі, у большасці сваёй, вельмі адкрытыя на Бога. Адчувалася, што многія прагнуць духоўнага падмацунку. Вось толькі адзін прыклад. Наша група ў складзе трох чалавек працавала ў асноўным на гарадскім рынку. Адна пажылая жанчына хадзіла за намі і зачаравана слухала. Назаўтра яна ўжо чакала нас на рынку і ўсім наўкола казала: «Слухайце, што яны вам скажуць...». Гаварыла, што абразік Езуса Міласэрнага, нібы сонейка, асвяціў яе душу, і нават у хаце пасвятлела. Папрасіла некалькі абразікаў і малітваў, маўляў, буду раздаваць сваім знаёмым, каб і яны адчулі такую ж радасць, як я.

За два дні працы легіянеры знайшлі каля 20 католікаў і яшчэ некалькі чалавек, з якімі трэба спаткацца, каб высветліць іх веравызнанне. Гэтую працу даручылі жыхарцы Слаўгарада, каталічцы Нэлі Шаеўскай, якая з задавальненнем узялася дапамагаць легіянерам, бо вельмі прагне, каб у яе горадзе хутчэй паўстала каталіцкая парафія.

Прыехаўшы ў Слаўгарад, легіянеры адразу ж накіраваліся да Марыі Іванаўны Якушковай. Прыветлівая, вельмі шчырая і ахвярная, яна спаткала нас на дварэ — несла з падвала бульбу ды слоікі з саленнямі, каб частаваць гасцей. У хаце нас прывітаў яе муж, Іван Рыгоравіч, такі ж добры і шчыры чалавек. У гэтым годзе Іван ды Мар’я, як тут некаторыя іх называюць, адзначаць 50-гадовы юбілей сумеснага жыцця, а менавіта шлюбу, па які яны ездзілі ў касцёл г. Даўгаўпілса. На гэтым настаяла Марыя Іванаўна, бо з дзяцінства выхоўвалася ў пабожнай каталіцкай сям’і. Родам яна з Віцебшчыны, а дакладней, з Мёрскага раёна. Да вайны бальшавікі раскулачылі іх сям’ю і саслалі на Стаўраполле. Там памерлі бацькі. Родны дзяцька, які працаваў лесніком у Мёрах, забраў Марыю да сябе. Усе сваякі Марыі Іванаўны былі людзьмі веруючымі. Асаблівай пабожнасцю вызначалася бабуля, на долю якой выпала шмат гора. Падчас вайны снарадам ёй раскрышыла ногі, і гэтым жа снарадам быў забіты яе муж. З таго часу яна была прыкутая да ложка.

— Ніхто ніколі не чуў ад яе наракання і крыўды на лёс,— гаворыць Марыя Іванаўна. — Яна ніколі не жалілася. Наадварот, казала, што вельмі шчаслівая, што можа пакутаваць дзеля Хрыста. Праўда, часам ноччу мы чулі, як яна плакала. Кожны дзень бабуля збірала родных каля свайго ложка на малітву, а потым усіх благаслаўляла.

Прыклад жыцця бабулі, яе мужнасць і гераізм веры вельмі дапамагалі ў жыцці Марыі Іванаўне. Нідзе і ніколі яна не забывалася пра Бога і пра малітву. Не адракалася ад веры і тады, калі працавала настаўніцай у сярэдняй школе. Яна выкладала хімію і біялогію і лічылася лепшым педагогам не толькі Слаўгарада, але і ўсёй Беларусі. Пра гэта расказваў нам яе муж Іван Рыгоравіч, пра гэта гаварылі людзі, чые дзеці, дзякуючы Марыі Іванаўне, паступілі на бясплатныя аддзяленні розных медыцынскіх інстытутаў краіны. А такіх дзяцей ажно 50 чалавек! Марыя Іванаўна была іх рэпетытарам, але ніколі ні з каго не брала за сваю працу грошай. Калі ў яе пытаюцца, чаму, яна адказвае: «Трэба спяшацца рабіць дабро, час вельмі плынны. У вечнасць з сабою не возьмем ніякіх матэрыяльных каштоўнасцяў. За намі пойдуць нашыя добрыя ўчынкі і наша добрае імя...».

Добрае імя Марыі Іванаўны Якушковай вядомае на ўвесь Слаўгарад. Адна жанчына, якой легіянеры расказалі пра мэту свайго візіту, сказала, што дзеля Марыі Іванаўны гатова дапамагаць стварэнню тут каталіцкай парафіі, нягледзячы на тое, што сама яна праваслаўная. Дадала, што дзякуючы Марыі Іванаўне яе сын вучыцца ў медыцынскім інстытуце. Адметна, што многія ў Слаўгарадзе на пытанне легіянераў, ці ведаюць яны католікаў, называлі сям’ю Якушковых, прычым рабілі гэта з вялікай павагай. Падумалася, вось яно, сапраўднае сведчанне веры, калі сваім жыццём чалавек прапаведвае веру і любоў да Хрыста. Рабіць гэта значна цяжэй, чым словамі, аднак сям’і Якушковых гэта ўдаецца.

Вельмі прыемна было чуць і ад Івана Рыгоравіча, што такіх цудоўных жонак як Марыя Іванаўна на свеце няма і такіх вось шчырых і адданых каталічак — таксама. І сапраўды, мужнасці і адданасці веры ў Марыі Іванаўны можна толькі павучыцца. Вось красамоўны прыклад. У нядзелю 11 лютага Марыя Іванаўна паднялася а 4-й гадзіне раніцы на малітву. Абавязкова чытае прызначаныя на гэты дзень тэксты Бібліі — Старога і Новага Запавету. Робіць гэта, дарэчы, кожны дзень, што для нас было вельмі павучальным. Потым а 6-й раніцы пайшла на аўтобус, каб паехаць у Магілёў да касцёла. Ехаць амаль 80 кіламетраў. Вярнулася яна толькі пад вечар. І гэта ў свае 80 гадоў! Вядома, што не кожную нядзелю стан здароўя дазваляе ёй наведваць касцёл, які знаходзіцца так далёка, таму зразумелая запаветная мара Марыі Іванаўны мець хаця б маленькую каплічку ў родным Слаўгарадзе. Маюць жа праваслаўныя тут царкву, у пратэстантаў ёсць ажно два малітоўныя дамы, пара і католікам мець сваю святыню. З католікамі Слаўгарада гэтага вельмі жадаюць легіянеры Марыі ўсёй Беларусі і шчыра моляцца ў гэтай інтэнцыі.

Галіна Калевіч,
легіянерка Марыі з Мінска.
Фота аўтара.