2 красавіка:
благаслаўлёнага Міколы Чарнецкага, біскупа і мучаніка

Нарадзіўся 14 снежня 1884 г. у вёсцы Семакіўка ў Заходняй Украіне ў грэка-каталіцкай сялянскай сям’і, дзе быў старэйшым з дзевяці дзяцей. У 18-гадовым узросце паступіў у духоўную семінарыю ў Станіслававе (сёння Івана-Франкоўск), адкуль быў скіраваны на далейшую вучобу ў Рым, дзе атрымаў ступень доктара тэалогіі. Прыняўшы ў 1909 г. святарскае пасвячэнне, становіцца выкладчыкам і духоўным айцом у семінарыі ў Станіслававе. Выкладае ў Духоўнай акадэміі ў Львове, а ў 1919 г. уступае ў законную супольнасць рэдэмптарыстаў. Нясе адданае душпастырскае служэнне на Валыні, дзе царкоўныя структуры былі амаль цалкам знішчаныя пры царскім рэжыме. У 1926 г. прызначаны Апостальскім Візітатарам для мясцовых грэка-католікаў, а ў 1931 г. Папа Пій ХІ мянуе яго біскупам. Біскупскае пасвячэнне Мікола Чарнецкі прыняў у Рыме з рук благаслаўлёнага біскупа Рыгора Хамышына, пасля чаго працягвае адданае служэнне католікам усходняга абраду на ўкраінскіх тэрыторыях, якія ў той час знаходзіліся ў складзе Польшчы. 11 красавіка 1945 г. быў арыштаваны савецкімі ўладамі і асуджаны на шэсць гадоў лагераў у Сібіры. На падставе толькі афіцыйных дадзеных, перанёс не менш за 600 гадзін допытаў і катаванняў у НКВД, прайшоўшы праз 30 розных вязніц і лагераў. У 1956 годзе, калі яго здароўе было канчаткова падарванае, ён нарэшце атрымлівае дазвол вярнуцца на Радзіму. Безнадзейна хворы біскуп працягвае патаемна выконваць свае абавязкі. Нягледзячы на страшныя жыццёвыя выпрабаванні, Мікола Чарнецкі вылучаўся евангельскай цярплівасцю, лагоднасцю і незвычайнай дабрынёю, дзякуючы чаму ўжо пры жыцці яго лічылі святым. Ён памёр 2 красавіка 1959 г. у Львове і разам з шэрагам іншых украінскіх мучанікаў — ахвяраў савецкага рэжыму, быў беатыфікаваны Папам Янам Паўлам ІІ падчас яго Апостальскага падарожжа на Украіну у 2001 г. У Грэка-каталіцкай Царкве яго ўспамін адзначаецца 27 чэрвеня.

 
14 красавіка:
святой Лідвіны (Людвіны), панны

Нарадзілася 18 сакавіка 1380 г. у невялікім галандскім мястэчку непадалёк ад Ратэрдама ў беднай сялянскай сям’і. Лідвіна вырасла і стала прыгожай дзяўчынай, але яе непакоілі залёты шматлікіх прыхільнікаў, і яна прасіла ў Бога пазбавіць яе ад гэтага. Ва ўзросце пятнаццаці гадоў, катаючыся на лёдзе, дзяўчына павалілася і зламала рабро. З гэтага пералому пачаліся страшныя фізічныя пакуты, якія працягваліся амаль 40 гадоў. Лідвіна гераічна пераносіла цярпенне, праяўляючы незвычайную цярплівасць, і пры гэтым заўсёды была ў добрым настроі. Яна магла толькі крыху варушыць галавою і плячом, аслепла на адно вока; ёй моцна балелі зубы, страўнік не ўспрымаў ежу, з роту і з носу няспынна цякла кроў, а ўсё цела было пакрытае пухірамі. Шмат гадоў яна падмацоўвалася толькі Хлебам Пана. У цярпеннях Лідвіна мела шмат містычных перажыванняў, падчас якіх у духоўным экстазе наведала Галготу і іншыя святыя месцы. Аднойчы, як яна сама апавядала, ёй давялося прайсці праз цярнёвую карону, і пасля гэтага ў яе назаўсёды засталіся крывавыя раны на плячах. У апошніх містычных з’явах хворая ўсё часцей бачыла куст ружаў: напачатку малы, ён паволі рос, на ім распускаліся лісткі і бутоны. Аднойчы Лідвіне з’явіўся Анёл і сказаў, што Пан возьме яе з гэтага свету, калі на кусце распусцяцца ўсе бутоны. Яна памерла 14 красавіка 1433 г. у сваім родным доме. Лідвіну, якая з’яўляецца, бадай, самай вядомай прадстаўніцай містыкі цярпення, шырока ўшаноўваюць у Галандыі, дзе захоўваецца частка яе рэліквій. Праз заступніцтва святой хворыя просяць у Бога ласку вытрымкі ў цярпеннях.

 
28 красавіка:
святога Пятра Шанэля, святара і мучаніка

Нарадзіўся 12 ліпеня 1803 г. у Пуацье (Францыя). Уступіў у законную Супольнасць Марыі (марыстаў), заснаваную на пачатку ХІХ ст. у Ліёне з мэтаю абвяшчэння хвалы Бога і Яго Маці ва ўсім свеце. З 1837 г. займаўся місіянерскай дзейнасцю на востраве Футуна (архіпелаг Фіджы). Тубыльцы вельмі добра ставіліся да каталіцкага місіянера, давяралі яму і лічылі чалавекам вельмі добрага сэрца, аднак хрост наважваліся прыняць нямногія з прычыны пераследу з боку іншых супляменнікаў. Калі Пётр пераканаў сына правадыра племені прыняць хрысціянства, яго было загадана забіць. Пётр Шанэль прыняў смерць за Евангелле 28 красавіка 1841 г. і стаў першым мучанікам у Акеаніі. Яго дзейнасць і смерць не былі дарэмнымі — нягледзячы на пераслед, востраў Футуна неўзабаве стаў хрысціянскім.