Адзін з выклікаў, на які неабходна адказаць нашым сучаснікам, а асабліва моладзі, — гэта гатоўнасць жыць не для знешняга выгляду, напаказ, але развіваць унутранае жыццё — сферу, якая аб’ядноўвае быццё і дзеянне, месца прызнання нашай годнасці дзяцей Божых, пакліканых да свабоды, не аддзяляючыся ад крыніцы жыцця, але падтрымліваючы сувязь з ёю. Прызнанне сябе сынамі і дочкамі Бога, прыгожае і добрае жыццё перад абліччам Божым, а таксама перамогі над злом і няпраўдаю — вось што напаўняе сэрца чалавека радасцю. Даючы кожнаму чалавеку магчымасць адкрыць сэнс свайго жыцця і сваю адказнасць за яго, мы адкрываем шлях, які вядзе да сталення людзей, да паяднання чалавецтва ў імкненні да супольнага дабра.

Рускі вучоны Сахараў з’яўляецца прыкладам гэтага: у той час, калі пры камуністычнай уладзе яго знешняя свабода была скаваная, яго ўнутраная свабода, якой ніхто не мог яго пазбавіць, дала яму магчымасць рашуча выступіць у абарону сваіх суайчыннікаў у імя супольнага дабра. Таксама і сёння важна, каб чалавек не даў сябе скаваць знешнімі ланцугамі, такімі як рэлятывізм, пагоня за ўладай і прыбыткам за любы кошт, наркотыкі, неўпарадкаваныя пачуццёвыя адносіны, бязладдзе ў сферы сужэнства, непрызнанне чалавечай істоты на ўсіх этапах яе існавання ад зачацця да натуральнай смерці, калі лічыцца, што ёсць перыяды, у якія чалавечая істота па-сапраўднаму не існуе. Мы павінны мець адвагу нагадаць нашым сучаснікам, што такое чалавек і што такое чалавецтва. Я заклікаю грамадзянскія ўлады і тых, хто мае абавязак перадаваць каштоўнасці, заўсёды мець такую адвагу ў адносінах да праўды пра чалавека.

З прамовы Бэнэдыкта XVI
да членаў парыжскай Акадэміі
маральных і палітычных навук,
Ватыкан, 10 лютага 2007 г.