Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2007 г. >>>

Раздзел ІІ
Вера як адданасць Хрысту

У суб’ектыўным сэнсе вера — гэта не толькі ўдзел у жыцці Бога, але таксама экзістэнцыяльная адданасць Хрысту — адзінаму Пану і адзінай любові. Гэта вымагае ад чалавека свядомага выбару і арыентавання сваёй волі на Хрыста як на канчатковую мэту і найвышэйшую каштоўнасць.

Адданасць Хрысту — гэта наш адказ на Яго поўны любові позірк і на Яго заклік. Гэты адказ будзе заўсёды пазначаны і адценнем прыгоды, і адценнем рызыкі. Езус хоча, каб ты быў адданы Яму, не пытаючыся пра падрабязнасці і наступствы твайго выбару, не задаючы пытанняў пра будучыню. Ён хоча, каб ты, як Марыя, сказаў Яму «так», тым самым выяўляючы свой цалкавіты давер. Сутнасць даверу да Езуса і адданасці Яго асобе схаваная менавіта ў няведанні, якое з’яўляецца цемраю, і таму патрабуе веры. Адданасць Хрысту — гэта пачатак любові, якая будзе рэалізоўвацца праз паяднанне нашай волі і волі Хрыста. Гэта пачатак асабістага паяднання з Богам.

Нашая адданасць Хрысту будзе немагчымаю, калі мы не адарвём сябе ад усяго таго, што можа нас знявольваць. Каб пайсці за Хрыстом, апосталам давялося пакінуць усё. Калі мы выбіраем Хрыста як нашую найвышэйшую каштоўнасць, то павінны таксама згадзіцца на тое, каб Ён Сам нас фармаваў.

«Ніхто не можа служыць двум гаспадарам»

Вера, якая з’яўляецца адданасцю Хрысту, — адзінаму Пану і адзінай нашай любові, патрабуе ад нас, каб мы прызналі Яго найвышэйшаю каштоўнасцю. Цалкавітая адданасць Хрысту патрабуе, каб нашае сэрца было вольным, вольным ад знявольваючай нас мамоны. У Евангеллі гаворыцца: «Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне» (Мц 6, 24). Ёсць два гаспадары — Бог і мамона, трэцяга няма. Так гаворыць найвышэйшы з аўтарытэтаў — Езус Хрыстус. І гаспадары гэтыя радыкальна супрацьлеглыя. Евангелле выразна сцвярджае: «ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць». Калі ты любіш аднаго пана, то будзеш ненавідзець другога. І далей: »ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць». Калі ты прыхільнік аднаго гаспадара, то да другога будзеш ставіцца з пагардаю. Гэтае сцверджанне вельмі моцнае. Такім чынам, мы не можам быць адданымі Хрысту і служыць Яму, адначасова служачы мамоне, хоць нам заўсёды пагражае спакуса згадзіцца на кампраміс і спалучыць тое, чаго спалучыць нельга.

«Ніхто не можа служыць двум гаспадарам». Кім з’яўляюцца гэтыя «гаспадары» (у грэцкім тэксце kyrios)? Адным з іх ёсць Хрыстус, наш адзіны, праўдзівы Пан — kyrios. Другім з’яўляецца мамона — фальшывы kyrios, фальшывы пан. Служыць мамоне — азначае трапіць у рабства і залежнасць ад нейкіх матэрыяльных ці духоўных дабротаў. Звернем увагу на тое, што мамону называюць панам, якому служаць так, як каралю. Мы альбо служым Богу і любім Яго, і тады ненавідзім мамону, г.зн. нашую прывязанасць да матэрыяльных ці духоўных дабротаў, альбо — аж цяжка выгаварыць — мы любім нашую прывязанасць да гэтых дабротаў, а значыць — можа, несвядома, — пачынаем пагарджаць Богам.

Распазнаць, якое аблічча і якія разнавіднасці мае мамона ў тваім жыцці, дапаможа аналіз тваёй малітвы. Калі ты ўсвядоміш, аб чым падчас малітвы часцей за ўсё думаеш, тады зразумееш, што з’яўляецца для цябе найвышэйшым скарбам. «Бо дзе ёсць скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (Мц 6, 21). Твая рассеянасць дапаможа табе зразумець, колькі ў табе ёсць прывязанасці да мамоны. Калі яе шмат, то не здзіўляйся, што табе цяжка сканцэнтравацца на ружанцовай малітве, падчас адарацыі ці Найсвяцейшай Эўхарыстыі.

У грэцкай мове слова kyrios азначае абсалютнага пана і валадара, а слова douleuein [служыць] азначае нявольніцкую службу абсалютнаму пану і цалкавітую прыналежнасць яму. У Евангеллі гаворыцца, што мы з’яўляемся цалкавітаю ўласнасцю Пана, незалежна ад таго, прызнаём мы гэта ці не. Мы з’яўляемся і заўсёды застанемся ўласнасцю Пана — Езуса Хрыста.

Габрэйскі тэрмін mamona спачатку азначаў нейкі скарб, гэта значыць грошы ці каштоўныя рэчы, пакладзеныя на дэпазіт. Тады гэты тэрмін не меў прыніжальнага значэння. Аднак з часам яго значэнне змянялася. Людзі пачалі меркаваць, што калі аддаць грошы ці каштоўнасці банкіру альбо нейкаму даверанаму чалавеку на захаванне, то можна на гэты свой скарб разлічваць і спадзявацца. Гэта быў першы крок у эвалюцыі значэння слова «мамона». Мамона станавілася прадметам даверу. А потым людзі пачалі пісаць слова «мамона» з вялікай літары і тут яна ператварылася ўжо ў фальшывага пана і ўладара. Адбылася дзіўная замена: рэч авалодала чалавекам. Усё тое, на што чалавек ускладаў сваю надзею, станавілася для яго богам.

А на каго ці на што спадзяешся ты? На што разлічваеш? Хто ёсць тваім Богам? Калі ты спадзяешся на фальшывага бога, то раней ці пазней ты расчаруешся і спазнаеш вялікую горыч, бо гэта такі пан, які цябе цяпер ці некалі падвядзе. Аднак для цябе гэта будзе вялікаю ласкай, бо пачне крушыцца твой давер да мамоны.

Што можа быць тою мамонаю, якая знявольвае тваё сэрца? — Гэта могуць быць як матэрыяльныя, так і духоўныя даброты, напрыклад, прывязанасць да грошай, прывязанасць да сваіх дзяцей, да працы, а значыць да таго, што ты ствараеш, над чым працуеш, прывязанасць да спакою і нават да асабістай дасканаласці. Усе гэтыя прывязанасці становяцца прычынаю твайго рабства, чыняць цябе нявольнікам. Чалавек павінен мець прывязанасць толькі да адной рэчаіснасці — да волі Бога. Кожнае ж зняволенне замыкае цябе на Бога і памяншае тваю веру.

Як распазнаць сваю мамону? Напружанне, стрэс, неспакой, паспешнасць, смутак, якія спадарожнічаюць табе ў жыцці, — гэта знак таго, што ты служыш нейкаму віду мамоны. Напрыклад, некаторыя людзі жывуць у пастаянным напружанні. Якою ж вялікаю павінна быць іх прывязанасць да нечага, супраціўнага Богу! Людзі, вольныя ад усялякіх прывязанасцяў, напоўнены Божым супакоем. Супакой Божы будуе і ўмацоўвае іх псіхічнае здароўе, якое ў сваю чаргу адлюстроўваецца на саматычнай сферы. Такім чынам і дух, і псіхіка, і цела ўдзельнічаюць у вялікай свабодзе чалавека. Чалавек, вольны ад прывязанасцяў, вызваляецца тым самым і ад маршчынаў на твары, ад стрэсаў і ад хваробаў цывілізацыі. Мамона сістэматычна разбурае чалавека. Яна не толькі паралізуе тваё імкненне да Хрыста, тваё жаданне прытуліцца да Яго, але таксама руйнуе і тваё здароўе, і тваю псіхіку.

Выразным праяўленнем прывязанасцяў з’яўляецца таксама твая роспач у тых сітуацыях, калі Пан Бог нешта ў цябе забірае. А Ён будзе забіраць у цябе тое, чым ты зняволены, гэта значыць, усё тое, што з’яўляецца тваім самым вялікім ворагам, прычынаю таго, што тваё сэрца не свабоднае для Пана. Толькі тады, калі ты навучышся разумець і спакойна прымаць падобныя сітуацыі, будзеш станавіцца ўсё больш вольным.

Падчас малітвы, стоячы перад Панам на малітве, паказвай Яму свае далоні не толькі пустыя, але і брудныя, заплямленыя прывязанасцю да мамоны, і прасі, каб Ён злітаваўся. Малітва можа развівацца толькі ў атмасферы свабоды. Як вучань Хрыста ты пакліканы да малітвы, прычым да малітвы кантэмпляцыйнай, аднак для таго, каб твая малітва з часам магла стаць кантэмпляцыяй, — поўным любові ўгляданнем у Езуса Хрыста, твайго Абранніка — неабходна, каб тваё сэрца было вольным. Менавіта дзеля гэтага Езус Хрыстус так змагаецца за тое, каб вызваліць тваё сэрца. Змагаецца праз усялякія здарэнні ў тваім жыцці, праз цяжкасці і жыццёвыя буры, ставячы цябе ў цяжкія сітуацыі, у якіх дае табе шанец інтэнсіўнага супрацоўніцтва з ласкаю. Ва ўсіх гэтых сітуацыях Хрыстус чакае ад цябе, што ты будзеш старацца ачысціць сваё сэрца, забруджанае прывязанасцямі і служэннем мамоне. Таму ўсе цяжкія хвіліны, усе жыццёвыя буры з’яўляюцца для цябе ласкаю, дотыкам Міласэрнага Пана, які так цябе палюбіў, што прагне даць табе незвычайны дар — тваё сэ

рца павінна быць непадзельным, павінна быць сэрцам для Яго.

Верыць — гэта значыць бачыць і разумець сэнс свайго жыцця праз оптыку Евангелля — Бог важней за ўсё. Усё тваё жыццё павінна быць скіравана на Яго, — перадусім на пошук і будаванне Яго валадарства з вераю ў тое, што ўсё іншае дадасца табе (гл. Мц 6, 33). Бог хоча адарыць сваёю любоўю кожнага чалавека. Аднак можа адорваць толькі ў адпаведнасці з адкрытасцю, па меры згоды на вызваленне ад прывязанасцяў, каб з’явілася месца для Яго. Менавіта вера стварае ўнутры нас пустую прастору для Бога.

 
Працяг у нумары №5(145) 2007 >>>

Пераклад з польскай мовы
Міколы Новікава, магістра тэалогіі.