16 сакавіка айцец марыянін Юзаф Пятушка адсвяткаваў пяцідзесяцігадовы юбілей свайго святарства. 50 гадоў адслужыў ён Богу пры алтары, у канфесіянале, удзяляючы людзям святыя сакрамэнты, схіляючыся над ложкам хворых ды нямоглых, абмяркоўваючы са студэнтамі іхнія праблемы альбо бласлаўляючы на сумесны жыццёвы шлях сужэнскія пары. Усе гэтыя гады ён проста быў там і з тымі, куды і да каго яго пасылаў Бог.

Ягоны лёс у многім падобны да лёсу тых старэйшых святароў, якія нарадзіліся на Беларусі, потым былі вымушаныя выехаць за яе межы, жыць і служыць Богу ўдалечыні ад радзімы, а калі з’явілася магчымасць вярнуцца — адразу ж вярнуліся і пачалі несці Божае слова і Божы спажытак тым, хто шмат гадоў быў пазбаўлены магчымасці жыць паўнакроўным хрысціянскім жыццём.

Айцец Юзаф нарадзіўся ў вёсцы Пераходы, на Віленшчыне. У маленстве хлопчык разам з сям’ёй жыў у Росіцы, у тым самым мястэчку, якое пазней стала месцам вялікай ахвяры. Ягоны бацька сябраваў з блаславёным Антоніем Ляшчэвічам, з рук якога сын Юзік і прыняў упершыню Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Потым сям’я выехала ў Польшчу і, магчыма, дзякуючы гэтаму ацалела.

Нядаўна ў тэлеперадачы пра акадэміка Ліхачова ў запісе даўняга з ім інтэрв’ю слынны вучоны, прыгадваючы сваё юнацтва, пакалечанае сталінскім тэрорам, выказаў такую думку. Аднойчы ў сталінскім лагеры была сітуацыя, калі ён прамарудзіў з’явіцца на чарговы выклік аховы. Потым даведаўся, што тады людзей пагналі на расстрэл. Будучы акадэмік, гонар і сумленне расейскай творчай інтэлігенцыі, зразумеў, што хтосьці ў той дзень пайшоў на смерць за яго. Усведамленне гэтай страшнай «замены», падоранай яму магчымасці жыць і нават рэалізавацца ў гэтым жыцці запатрабавалі ад яго выключнай годнасці. Усім сваім жыццём гэты чалавек пацвердзіў, што недарэмна двойчы была яму падаравана ласка жыць.

Магчыма, штосьці падобнае адбылося і з айцом Юзафам. Ён адчуў ў душы пакліканне да святарства і манаства і праз пяць гадоў пасля трагічнай смерці таго святара, які ў Росіцы ўпершыню паяднаў яго з Езусам ды сваімі доўгімі вечаровымі размовамі з ягоным бацькам зрабіў на хлопца вялікі ўплыў, у 1948 годзе уступіў у навіцыят ордэна айцоў марыянаў. Зноў жа, не выпадкова пайшоў ён менавіта ў той ордэн, да якога належаў і блаславёны Антоні Ляшчэвіч. Праз год склаў першыя манаскія шлюбы, потым была вучоба ў духоўнай семінарыі. А 24 ліпеня 1954 года яго разам з іншымі братамі марыянамі польская служба бяспекі прымусова вывезла ў Гетшвалд. Ды праз нейкі час ён зноў меў магчымасць працягваць вучобу ў семінарыі і адначасова ў Акадэміі каталіцкай тэалогіі. Пасля святарскіх пасвячэнняў у 1957 годзе айцец Юзаф служыў Богу і людзям у розных месцах: працаваў сярод студэнтаў Люблінскага універсітэта, навучаў рэлігіі дзяцей і моладзь, за што зведаў пераслед з боку камуністычных уладаў.

Ён шмат часу прысвячаў выхаванню моладзі: і тады, калі быў прэфектам марыянскай семінарыі ў Любліне, і калі пазней займаўся справамі пакліканняў у Варшаве. Магчыма, гэта дапамагло яму і самому не губляць маладосці духа. Ён сам не баяўся «выплысці на глыбіню» і дапамагаў іншым зрабіць тое ж самае. Маючы ўжо за 50 гадоў, калі працаваў у інстытуце псіхіятрыі і неўралогіі ў Варшаве, айцец Юзаф заснаваў там супольнасць адновы ў Духу Святым, а гэта, вядома, яскрава сведчыць усё пра тую ж маладосць духа.

Ён не меў недахопу ў працы, ягоная служба была заўсёды цікавая і шматгранная, але ўвесь час у памяці жыў успамін пра радзіму і ўсведамленне таго, што там, на Беларусі, а таксама і ва ўсім СССР, людзі не мелі магчымасці жыць паўнакроўным хрысціянскім жыццём. Гэта падштурхнула святара ў 70-я гады паехаць на радзіму, нібыта ў госці. А потым і пайшло: паездкі ў 1971–1989 гг. у розныя гарады Савецкага Саюза выліліся для яго ў своеасаблівую місіянерскую службу. Бо як інакш назваць тое, што айцец Юзаф у тыя гады ездзіў і адпраўляў святую Імшу ў Варонежы, Іркуцку, Омску, Ленінрадзе, у Мінску, Магілёве, Оршы, Рызе, Кіеве?.. У Магілёве ён ахрысціў у свой час 60 дзяцей. Праўда, здараліся і непамыслоты. Напрыклад, у Княжычах, на Магілёўшчыне, дзе прадстаўнікі ўладаў праявілі асаблівую пільнасць. Такіх непрыемнасцяў немагчыма было ўнікнуць, асабліва калі ўлічыць, што ён нёс святарскую паслугу там, дзе пасля кастрычніцкага перавароту была аб’яўлена непрымірымая вайна Богу. Ды толькі на практыцы было так, што часам тыя, хто ваяваў з Богам для іншых, начамі маглі самі несці хрысціць сваіх дзяцей альбо калі і не самі, то заплюшчвалі вочы на «цемрашальства» сваёй маці альбо цешчы, якія везлі дзяцей тых «змагароў» на хрост за трыдзевяць зямель. Быў у місіянерскіх паездках айца Юзафа і свой прынцып: ён, напрыклад, будучы на Украіне, не ехаў адпраўляць Імшу ў Львоў, бо там сітуацыя была, вядома, адрознаю ад кіеўскай альбо харкаўскай. Як, зрэшты, адрознівалася яна і ў Мінску ад гарадзенскай альбо хоць бы і глыбоцкай ці браслаўскай. Ён памятаў наказ аднавіцеля закона марыянаў блаславёнага Юрыя Матулевіча — ісці туды, дзе цяжэй. Памятаў і на практыцы рэалізоўваў яго. Быў, праўда, у ягоным місіянерстве і вымушаны перапынак, у 1981–1983 гг., калі ў часы дзейнасці «Салідарнасці» з Польшчы было вельмі цяжка выехаць.

Незабыўная старонка жыцця айца Юзафа — ягонае знаёмства і сяброўства з айцом Аляксандрам Менем. Айцец Юзаф ездзіў да яго ў Падмаскоўе, меў з гэтым святаром не адну змястоўную гутарку. Потым айцец Мень па запрашэнні айца Юзафа наведаў яго ў Варшаве… Гэтых людзей аб’ядноўвалі аднолькавыя погляды на чалавека і ягонае прызначэнне ў свеце, якое так прыгожа выказаў айцец Мень: «Няхай няверуючы задумаецца пра вялікі пласт культуры, звязаны са Святым Пісаннем. Няхай той, хто сумняваецца, убачыць, што ёсць ясныя і цвёрдыя шляхі. Няхай вернікі ўбачаць, якое святло мае ў сабе Евангелле. Няхай хрысціянін умацуецца ў тым служэнні, якое мы павінны несці сёння грамадству».

У 1990 годзе айцец Юзаф вярнуўся на Беларусь. Вядома, гэта таксама было не выпадкова, бо заўсёды быў перакананы, што людзі павінны жыць так, як падказвае ім сумленне. А калі яно спіць і нічога не падказвае, то задача святара альбо суседа-верніка, разбудзіць яго. Не навязваючы сваю волю, але проста дапамагчы чалавеку адшукаць ягоны шлях да Збаўцы. Той, хто сам мае адвагу выплысці на глыбіню, не захоча трымаць свяцільню пад пасудзінай.

Айцец Ян Буковіч МІС у артыкуле, прысвечаным блаславёнаму Антонію Ляшчэвічу, праводзіць такую паралель. Айцец Антоні ў размове з сёстрамі эўхарысткамі прыгадваў, якое моцнае ўражанне зрабіў на яго ў гады вучобы ў Пецярбурзе біскуп Зыгмунт Лазінскі. Тады малады клерык падумаў, што ён у сваёй будучай святарскай службе хацеў бы быць падобным да яго. Пазней, калі ў Росіцы ўжо на самога айца Антонія захопленымі вачыма глядзеў хлапец Юзік, у душы апошняга таксама ўзнікла жаданне стаць падобным да гэтага мужнага і мудрага святара. Зернейка паклікання прарасло і дало прыгожы плён. І не толькі ў асобе самога айца Юзафа. Дзякуючы яму некалькі святароў і сясцёр законніц служаць Богу і людзям і ў Польшчы, і на Беларусі, і ў іншых краінах, напрыклад, ажно ў Арменіі. Магчыма, айцец Юзаф і сам не ведае пра некаторыя пакліканні, што адбыліся з ягоным удзелам. Як, напрыклад, было з яшчэ адным хлопчыкам у Менску, які знаходзіўся на варце ў той час, калі айцец Юзаф патаемна адпраўляў святую Імшу, хрысціў дзяцей, удзяляў іншыя святыя сакрамэнты ў прыватным доме мінчанкі Марыі Дубовік на вуліцы Валачаеўскай. Той хлопчык, унук адважнай пані Марыі, што ўзяла на сябе смеласць арганізаваць у сябе імправізаваную «парафію», цяпер пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваполацку — Аляксандр Чайкоўскі. Мне давялося пачуць гісторыю гэтага незвычайнага паклікання (хоць ці бывае яно ўвогуле звычайным?) у часе казання ксяндза Аляксандра на святой Імшы ў адным са шматлікіх касцёлаў Варшавы.

У барысаўскім касцёле 19 сакавіка, калі там святкавалі 50-гадовы юбілей святарства айца Юзафа, было сказана шмат словаў удзячнасці гэтаму чалавеку. Ён, безумоўна, заслужыў павагу вернікаў сваёй бескарыслівай службай, сваім непатрабавальным да выгодаў (усе гэтыя гады ён жыве ў маленькім пакойчыку над сакрыстыяй) жыццём, той неабыякавасцю, з якой ён заўсёды ўспрымаў людскія праблемы. Ягоны жыццёвы шлях так прыгожа ўпісаўся ў гэты незвычайны святарскі ланцуг: Слуга Божы біскуп Лазінскі — блаславёны Антоні Ляшчэвіч — айцец Юзаф Пятушка… Дзякуючы айцу Юзафу гэтая пераемнасць працягваецца ў асобе тых святароў, якім пашчасціла сустрэць яго на сваім жыццём шляху. Рызыкну паспрабаваць адгадаць наймацнейшае жаданне юбіляра: каб гэтая прыгожая святарская пераемнасць мела таксама далейшы працяг праз маладых святароў. І каб тыя, хто ўзяў на сябе адвагу несці гэтую нялёгкую службу, рабілі гэта годна й прыгожа, так, як таго патрабуе сам чын святарства.

Ірына Жарнасек