12 мая:
святога Панкрата, мучаніка

Захаваліся вельмі няпэўныя звесткі пра жыццё гэтага святога. Паводле падання, Панкрат нарадзіўся каля 290 г. (паводле іншых крыніцаў — падчас панавання цэзара Валяр’яна паміж 254 і 260 гг.) у Фрыгіі (Малая Азія) у паганскай сям’і рымскіх арыстакратаў. Рана страціўшы бацькоў, Панкрат разам са сваім апекуном Дыянісіем, які даводзіўся яму дзядзькам, прыбыў у Рым, каб атрымаць належную спадчыну. У сталіцы імперыі адбылося яго навяртанне: ён прыняў хрост, які яму ўдзяліў Папа Карнэлій, і далучыўся да мясцовай супольнасці хрысціянаў. Атрыманае ў спадчыну багацце ён выкарыстоўваў на ўчынкі міласэрнасці, дапамагаючы хрысціянам, якія цярпелі ад пераследу ці знаходзіліся ў вязніцах. Аднойчы чатырнаццацігадовы Панкрат быў запрошаны на размову да цэзара Дыяклетыяна, які намаляваў перад ім перспектыву цудоўнага жыцця, поўнага асалодаў, і прапанаваў адрачыся ад хрысціянства. Аднак юнак не паддаўся на ўгаворы цэзара, хоць ведаў, чым гэта пагражае. Адчуваючы сваю блізкую смерць, яшчэ да сустрэчы з Дыяклетыянам ён падзяліў усю сваю маёмасць паміж беднымі. 12 мая 304 г. па прысудзе цэзара Панкрату, які да апошняй хвіліны праслаўляў Хрыста, адсеклі галаву, пакінуўшы цела на разарванне сабакам. Адна хрысціянка, рызыкуючы жыццём, забрала цела мучаніка і пахавала яго ў катакомбах. На тым месцы каля 500 г. Папа Сімах пабудаваў базыліку святога Панкрата за мурамі. Культ святога хутка распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Ён ушаноўваецца як апякун дзяцей і тых, хто прыступае да Першай Камуніі, абараняе ад паклёпаў і фальшывага сведчання, дапамагае ад заікання, а таксама лічыцца апекуном маладых раслінаў і кветак. У некаторых краінах Панкрата называюць халодным святым і святым садоўнікам.

 
18 мая:
святога Яна І, Папы і мучаніка

Нарадзіўся ў другой палове V ст. у Таскане (Італія). 13 жніўня 523 г. быў абраны на пасад святога Пятра. Спазнаў вялікае прыніжэнне ад караля остготаў Тэадорыка І, тагачаснага валадара Італіі. Тэадорык загадаў Яну І паехаць у Канстанцінопаль да імператара Юстыніяна І, каб той адклікаў эдыкт, у якім асуджалася арыянства, і такім чынам вымушаў Папу падтрымаць гэтую ерась. Ян І вярнуўся ў 526 г., аднак без вынікаў, на якія разлічваў Тэадорык. Разгневаны кароль загадаў схапіць Папу і зняволіць яго ў Равэнне. Неўзабаве пасля гэтага, 18 мая 526 г., Ян І памёр, не стрываўшы такога здзеку, і таму ўшаноўваецца як мучанік. Яго рэліквіі знаходзяцца ў базыліцы святога Пятра ў Рыме.

 
20 мая:
святога Бэрнардына Сіенскага, святара

Нарадзіўся 8 верасня 1380 г. у Маса-Марытыма (Італія). У адзінаццацігадовым узросце распачаў навучанне ва універсітэце, у 1402 г. уступіў у ордэн францішканаў і праз два гады прыняў святарскае пасвячэнне. Быў верным паслядоўнікам святога Францішка, жывучы ў беднасці, і ўсе іншыя трактоўкі францішканскага статуту лічыў здрадаю запаветам заснавальніка. Дзесяць гадоў Бэрнардын жыў у поўнай самоце і строгай аскезе, пасля чаго стаў брамнікам у францішканскім кляштары непадалёк ад Фларэнцыі. З 1417 г. распачаў прапаведніцкую дзейнасць і пешкі абышоў амаль усю Італію, змагаючыся словам з амаральнасцю і рэлігійнай абыякавасцю, а таксама пашыраючы культ Імя Езуса. Сваімі пераканаўчымі і палымянымі казаннямі ён прыцягваў увагу як простых людзей, так і знакамітых асобаў. Яго прамовы ў касцёлах і на плошчах заўсёды збіралі вялікія натоўпы. З-за гэтага зайздроснікі абвінавацілі харызматычнага прамоўцу ў распаўсюджанні забабонаў, у выніку чаго яму часова забаранілі прапаведваць, але пасля публічнага багаслоўскага дыспуту, на якім Бэрнардына падтрымаў яго сябра святы Ян Капістран, Папа адмяніў забарону. Маючы бясспрэчны аўтарытэт, Бэрнардын выступаў пасрэднікам і прымірыцелем у спрэчках прадстаўнікоў розных партый і ў канфліктах паміж гарадамі-дзяржавамі. З 1438 па 1442 г. ён быў генеральным вікарыем ордэна францішканаў-абсервантаў, якія строга прытрымліваліся статуту заснавальніка, але пасля ізноў вярнуўся да вандроўнага прапаведніцтва. Зняможаны і падобны на шкілет, Бэрнардын дайшоў да Аквілы, дзе памёр 20 мая 1444 г. ва ўрачыстасць Унебаўшэсця. Святы Бэрнардын з’яўляецца апекуном публіцыстаў і ткачоў, яго заступніцтва просяць ад хваробаў горла і лёгкіх.

 
25 мая:
святой Марыі Магдалены Паццы, панны

Нарадзілася 2 красавіка 1566 г. у Фларэнцыі і на хросце атрымала імя Кацярына. З дзяцінства была вельмі рэлігійная і ва ўзросце 16 гадоў уступіла ў фларэнтыйскі кляштар кармэлітак, прыняўшы імя Марыя Магдалена. Неўзабаве пасля гэтага ў яе жыцці з’явіліся моцныя фізічныя і духоўныя цярпенні, а таксама шматлікія містычныя бачанні, падчас якіх яна размаўляла з Хрыстом, а іншыя сёстры запісвалі гэтыя размовы. Пэўны час манашка адчувала боль ад цярнёвай кароны. Падчас аднаго з бачанняў Марыя Магдалена атрымала наказ па-спрыяць аднаўленню Касцёла і напісала ў сувязі з гэтым лісты да Папы і многіх касцёльных іерархаў. Пасля доўгіх цярпенняў памерла 25 мая 1607 г. і была пахаваная ў сваім кляштары. Яе цела засталося нятленным.