Сёння часта можна пачуць ад людзей: «Не веру ў цуды». Аднак і сёння яны магчымыя.

15-гадовы Анджэй Мэхэжынскі з Кракава рыхтаваўся да ўдзелу ў чарговых спаборніцтвах па хуткасным альпінізме. Ён быў добрым спартсменам і падаваў надзеі на будучыя рэкорды. 20 чэрвеня 1999 года хлопец быў на чарговай трэніроўцы...

У доме Мэхэжынскіх зазваніў тэлефон. Бацька падняў слухаўку і пачуў пра тое, што Анджэй зваліўся. «Мы пабеглі на месца сынавых трэніровак, — распавядае бацька, — і ўбачылі яго ўжо ў машыне «Хуткай дапамогі». На ягоную галаву было страшна глядзець». У шпіталі бацькі даведаліся, што ў Анджэя зламаная аснова чэрапа, стрэсены мозг, пашкоджаны ствол мозгу і вельмі моцны крывацёк у чэрапе.

Сям’я Мэхэжынскіх — нашчадкі заснавальніцы супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак Цэліны Бажэнцкай, якая, дарэчы, паходзіць з беларускай зямлі (нарадзілася ў Антовілі, каля Оршы). Таму зразумела, што сям’я адразу ж звярнулася па малітоўную падтрымку да сясцёр. Уся супольнасць, а яе сёстры нясуць службу Богу ў розных краінах свету, у той жа дзень распачала маліцца навэнну праз заступніцтва сваёй заснавальніцы Цэліны Бажэнцкай. На шосты дзень Анджэй яшчэ знаходзіўся ў коме і паведамленні пра стан ягонага здароўя былі вельмі сумныя: дактары казалі, што калі ён нават і выйдзе з комы, то застанецца спаралізаваным і глухім...

У той дзень Анджэй спрабаваў адплюшчыць вочы, паволі пачаў варушыць рукамі, а на наступны, сёмы дзень свайго побыту ў шпіталі, ён абудзіўся канчаткова.

На дзевяты дзень у доме Мэхэжынскіх зноў зазваніў тэлефон. «Я замерла на месцы, — успамінае Анджэева маці, — бо ведала, што гэта званок са шпіталю». Слухаўку падняў бацька і пачуў: «Прыязджайце, калі ласка, і... можаце забраць свайго сына дахаты».

Анджэй быў... здаровы. Медыкі нават не палічылі патрэбным пераводзіць яго з аддзела інтэнсіўнай тэрапіі ў іншы. Ён проста мог вярнуцца дадому, бо дактары не бачылі сэнсу трымаць яго больш у шпіталі. Нейрахірург, прафесар Эдмунд Шваджык, засведчыў, што імклівае выздараўленне Анджэя ён лічыць незвычайным і па медыцынскіх мерках невытлумачальным выпадкам у сваёй шматгадовай практыцы. «Не было яшчэ ніколі, каб чалавек пасля такой цяжкай траўмы галавы з аддзела інтэнсіўнай тэрапіі выйшаў дадому», — сказаў ён. Гэтак прафесар сведчыў на працэсе прызнання гэтага выпадку аздараўлення здзейсненым цудам праз пасрэдніцтва Маці Цэліны. Навэнна працягвалася 9 дзён, і на дзевяты дзень Анджэй вярнуўся дахаты.

Цяпер Анджэй вучыцца на філасофскім факультэце Ягелонскага універсітэта ў Кракаве і па-майстэрску ўзыходзіць да новых вяршыняў. 16 снежня 2006 года Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI падпісаў дэкрэт, якім зацвердзіў прызнанне цуду аздараўлення праз заступніцтва Слугі Божай Цэліны Бажэнцкай. У гэты ж дзень Анджэй Мэхэжынскі чарговы раз стаў чэмпіёнам Польшчы па спартыўным альпінізме.

Той дэкрэт быў патрэбны яшчэ і дзеля таго, каб вызначыць дзень беатыфікацыі Маці Цэліны — 27 кастрычніка 2007 года. Гэта вялікая радасць для супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак, усяго Касцёла ў Польшчы, а таксама і для Касцёла ў Беларусі, бо, як было сказана вышэй, Маці Цэліна хоць і была полькаю, але нарадзілася ў 1833 г. на Беларусі, тут прайшло яе маленства, юнацтва, потым яна выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага і іхняя сям’я жыла на Гродзеншчыне. Пазней, калі разам са сваёй дачкой Ядвігай яна заснавала супольнасць сясцёр змёртвыхпаўстанак, Маці Цэліна прагнула, каб сёстры гэтай супольнасці працавалі на яе «роднай зямлі». Гэтую просьбу Маці Цэліны рэалізуюць яе духоўныя дочкі, якія з 2000 года працуюць у парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваполацку. Кіраўніца варшаўскай правінцыі, да якой належыць наваполацкі дом сясцёр змёртвыхпаўстанак, сястра Ганна Гэлена Скалік, звяртае ўвагу на тое, што Маці Цэліна можа быць узорам для ўсіх жанчын: «Жыццё нашай заснавальніцы было вельмі багатае. Яна прайшла ўсе этапы жаночага жыцця: ад маладой дзяўчыны, праз досвед сужэнства, мацярынства, цяжкай хваробы мужа, якім яна да апошніх ягоных дзён клапатліва апекавалася, праз пазнейшы нялёгкі жыццёвы досвед удавы — да заснавання супольнасці. Таму можна лічыць, што кожная жанчына знойдзе ў ёй узор для сябе».

Сястра змёртвыхпаўстанка Марыя Магдалена,
парафія Найсвяцейшага Сэрца
Пана Езуса ў Наваполацку