З Божай ласкай трэба ўмець супрацоўнічаць

Малітоўныя парады святой Кацярыны Сіенскай

Хто з нас не жадаў бы дасягнуць такога стану на малітве, каб цалкам акунуцца ў Бога? На жаль, тут мы сустракаем шмат перашкодаў. Нашыя думкі часта кудысьці адлятаюць, а мы, занятыя імі, так часта і не патрапляем засяродзіцца на размове з Панам Богам. Дык трэба часцей прасіць Святога Духа пасылаць нам ласку засяроджанасці на малітве. Аднак варта памятаць, што з гэтай Божай ласкай чалавек павінен умець таксама супрацоўнічаць. Якім павінна быць нашае супрацоўніцтва са Святым Духам, каб мы маглі дасягаць найбольшай засяроджанасці? Святая Кацярына Сіенская дае дзве важныя парады: трэба ўсведамляць любоў Бога да нас, а таксама нястомна «чытаць» крыж Хрыста.

 
Агонь любові — найлепшая абарона ад «мухаў»

Мухі і іншая жамяра могуць часта прыносіць чалавеку прыкрасць. І хоць вялікай шкоды яны зрабіць не могуць, але здольныя знерваваць ды адцягнуць ягоную ўвагу на сябе. Гэтак жа і на малітве. Калі пачынаем маліцца, мы пастаянна штосьці прыгадваем, у нашай галаве пралятае шмат малаважных думак. Гэта такія «мухі», якіх пасылае д’ябал, каб адцягнуць нашую ўвагу ад Бога. Найбольш яны затрымліваюцца там, дзе душа летняя. Злыя думкі ўцякаюць ад тых, чыё сэрца палае любоўю да Бога. Уцякаюць, як сляпні ад чыгунка з варам. Нават калі яны і наведваюць душу, то пасля таго, як убачаць, што ў ёй ёсць жар Божае любові, хутка адлятаюць. Таму чалавек на малітве найперш павінен распаліць у сабе агонь любові да Бога, павінен таксама усвядоміць, як і Пан Бог моцна яго любіць. Пачынаючы малітву, падумай напачатку пра вялікую Божую любоў да людзей і спрабуй сам запалаць гэткай жа любоўю да Бога.

 
Маліся перад крыжам і чытай крыж

Кацярына Сіенская была непісьменная і не магла дапамагаць сабе на малітве тэкстамі з малітоўніка альбо разважаннямі з кніг святых людзей. Кнігай малітвы быў для яе крыж. Яна імкнулася заўсёды маліцца перад Укрыжаваным Хрыстом і казала, што гэтую кнігу Бог напісаў для нас не чарніламі, а крывёю. Крыж і ўкрыжаванае на ім цела Хрыста дапамагалі ёй устанаўліваць цесную і дасканалую сувязь з Богам. Святая Кацярына, аднак, падкрэслівала, што кнігу крыжа не можа чытаць той, хто закаханы ў самога сябе. Крыж — гэта такі малітоўнік, які вымагае не ведаў, а волі. Кожны, хто глядзіць на крыж, наўрад ці скажа, што ён не можа штосьці прачытаць на ім, адзінай перашкодай можа быць толькі тое, што ён не хоча гэтага. Таму варта маліцца, узіраючыся на крыж Хрыста. Гэта можа быць крыж у капліцы, дома, крыж, які вернік носіць на шыі, альбо крыжык на ружанцы. Узіранне на крыж вельмі хутка прыносіць плён малітоўнай засяроджанасці. Узіраючыся на крыж, цяжка думаць пра сябе. Больш хочацца думаць тады пра Бога.