...Аблокі закрылі дарагое аблічча Збаўцы, але апосталы не рушылі з месца. З салодкага стану захаплення іх вывелі анёлы. Тады вучні вярнуліся ў Ерузалем. Там яны трывалі ў малітве і рыхтаваліся прыняць Святога Духа, якога ім абяцаў спаслаць пасля свайго Унебаўшэсця Збаўца: «Прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі ў Ерузалеме і ва ўсёй Юдэі, і ў Самарыі, і ажно да краю зямлі» (Дз 1, 8). Пан споўніў абяцанае: праз вогненныя языкі на апосталаў сышоў Святы Дух: «І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даў ім прамаўляць» (Дз 2, 4). Было гэта праз дзесяць дзён пасля Унебаўшэсця і праз пяцьдзесят дзён пасля Змёртвыхпаўстання — ва ўрачыстасць Пяцідзесятніцы.

Свята Пяцідзесятніцы, ці Спаслання Духа Святога, з’яўляецца ўрачыстым завяршэннем пасхальнага перыяду. Акрамя велікодных песняў, на ўрачыстасць выконваюцца традыцыйныя і абавязковыя літургічныя спевы: секвенцыя Veni Sancte Spiritus (Прыйдзі, Духу Святы) і гімн Veni Сreator Spiritus (Прыйдзі, Стварыцелю, Духу Святы).

Пра аўтаномнасць свята Спаслання Святога Духа сведчыць уведзеная ў літургію старажытная секвенцыя Veni Sancte Spiritus. Жанр секвенцыі з’яўляецца адным з самых позніх жанраў грыгарыянскага харала — а першыя спевы паходзяць з ІХ ст. Сама секвенцыя Veni Sancte Spiritus адносна маладая, бо ўзнікла ў 1200 г. Яе аўтарства дакладна вызначыць не ўдалося. Некаторыя даследчыкі лічаць яе аўтарам арцыбіскупа Стэфана Лангтона з Кэнтэрберы († 1228), а іншыя прыпісваюць аўтарства Папу Інацэнту ІІІ (1198–1216 гг.). У старажытнасці секвенцыі выконваліся амаль у кожнай Імшы, як у наш час рэлігійныя песні, таму іх было вельмі шмат, але на Трыдэнцкім Саборы, які праходзіў у ХVІ ст., амаль усе яны былі скасаваныя. Засталіся толькі пяць секвенцый, якія дазвалялася выкарыстоўваць у літургіі, і сярод іх — Veni Sancte Spiritus. У тэксце секвенцыі вельмі прыгожа выказваецца падзяка людзей за сем дароў Святога Духа — Суцяшальніка і Даўцы ласкаў. Мелодыя Veni Sancte Spiritus мае народнае паходжанне і вылучаецца не толькі яскравай інтанацыйнасцю, але і надзвычай моцнай выразнасцю. У Імшы гэтая секвенцыя традыцыйна выконваецца паміж Alleluja і чытаннем Евангелля.

У працэсіі падчас урачыстай літургіі на Спасланне Духа Святога спяваецца гімн Veni Сreator Spiritus. Жанр гімна ці, як яго яшчэ называюць, хвалебнай песні, дасягнуў свайго росквіту ў ІV ст. пры медыяланскім (міланскім) біскупе Амброзію. Але тады гімн быў забаронены ў літургічнай практыцы з-за «нябоскага паходжання». Літургічны статус гімн набыў толькі ў Х–ХІ стст. Шматвяковая традыцыя гімна дапамагла яму захавацца ў літургіі Касцёла падчас Трыдэнцкага Сабору — тады, калі многія гімнаграфічныя жанры былі забаронены. Veni Сreator Spiritus з’яўляецца адным з самых старажытных гімнаў Каталіцкага Касцёла, тэкст і мелодыя якога вядомыя ўжо з ІХ ст. Аўтарства гімна належыць абату з Фулды, а пазней арцыбіскупу Магунцкаму Рабанусу Маўру († 856 г.). Народна-песенная мелодыя Veni Сreator Spiritus робіць гімн адным з найбольш узнёслых і прыгожых у Каталіцкім Касцёле. Гэты гімн гучыць таксама падчас літургіі Нешпараў, кансэкрацыі біскупа, святарскага пасвячэння, асвячэння касцёла, сакрамэнту шлюбу і ў найбольш важныя і ўрачыстыя моманты, калі слабым людзям асабліва патрэбна нябесная дапамога Святога Духа.

На жаль, у нашых касцёлах секвенцыя Veni Sancte Spiritus і гімн Veni Сreator Spiritus цяпер не вельмі папулярныя, хоць яны з’яўляюцца абавязковымі і рэкамендуюцца для выканання ў паўсюдным Каталіцкім Касцёле ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, якую мы сёлета адзначаем 4 чэрвеня.

Святлана Шэйпа, музыказнаўца