Вельмі часта ў сваім жыцці мы спяшаемся і, на жаль, спяшаемся дарэмна. Мы стараемся паспець штосьці зрабіць, кудысьці трапіць, штосьці атрымаць, але нават самі не заўсёды разумеем, навошта нам гэта трэба. Дасягнуўшы жаданага, мы ўсё роўна не адчуваем сябе шчаслівымі. Можа, мы проста не туды спяшаемся, можа, робім тое, што ўвогуле не варта рабіць? Здаецца, ведаю, як знайсці адказ на гэтае пытанне.

Калі б мы ведалі, што жыццё скончыцца заўтра, напэўна, захацелі б пражыць апошні свой дзень як падараваны нам Богам. А ці было б у ім месца тым справам, якія яшчэ ўчора мы так стараліся зрабіць?

Кожнаму з нас падараваны гэты дзень, такі цудоўны і такі непаўторны! І Пан Бог хоча, каб менавіта ўжо сёння чалавек быў шчаслівы. Хоча, каб мы напоўнілі кожную сваю хвіліну радасцю і любоўю. Мы сёння маем гэты чароўны дзень і сёння павінны зрабіць яго найлепшым! Больш за тое, у нас ёсць толькі адно жыццё, і яно не можа быць простым існаваннем, яно павінна стаць захапляючай вандроўкай да святасці. Кожны свой подых, крок, учынак, кожную хвіліну ў гэтай вандроўцы трэба напоўніць сэнсам.

І вось тут варта спяшацца? Спяшайцеся да малітвы, бо кожнае слова, з якім мы звяртаемся да Пана, нашмат даражэйшае за мільён словаў, якімі часам чалавек цешыць сябе. Спяшайцеся любіць і шанаваць тых людзей, якія знаходзяцца побач з вамі, тады і яны будуць у адказ шанаваць вас. Спяшайцеся дзякаваць Богу за дар жыцця, якое маеце і якое можаце зрабіць цудоўным. Спяшайцеся папрасіць прабачэння ў тых, каго пакрыўдзілі, бо не ведаеце, ці будзеце мець такую мажлівасць заўтра. Спяшайцеся дапамагчы таму, хто сёння чакае вашай дапамогі. Спяшайцеся да святыні, каб паяднацца з Богам і прыняць уцелаўлёнага Езуса ў сваё сэрца, бо Ён — жыццё і праўда. Спяшайцеся ўсміхнуцца таму, каму патрэбна вашая ўсмешка. Спяшайцеся набыць тыя скарбы, якія маюць вартасць у небе. Не чакайце, што свет раптам стане лепшым, спяшайцеся зрабіць яго лепшым з дапамогаю свайго жыцця паводле Божых запаведзяў. Спяшайцеся набываць не дзеля таго, каб шмат мець, але дзеля таго, каб аддаць таму, хто найбольш мае ў гэтым патрэбу. Спяшайцеся дзякаваць тым, хто стараецца зрабіць прыгожым вашае жыццё, бо сапраўды вялікія іх намаганні. Мы не ведаем, што сапраўды маем, пакуль гэтага не страцім, таму спяшайцеся цешыцца з усяго, што спатыкаеце ў сваім жыцці. Спяшайцеся стацца, як ясны і ласкавы прамень сонейка, які атуляе цяплом усіх, да каго дакранаецца. Спяшайцеся напоўніць сэрцы вашыя дабрынёй, каб вочы ззялі сапраўдным Божым святлом. Спяшайцеся быць справядлівымі, міласэрнымі і не асуджайце нікога, каб і вас не асудзілі. Спяшайцеся з адвагаю несці людзям Хрыста і вы ўбачыце, як радасна служыць Яму і жыць дзеля іншых. Спяшайцеся аддаць свету самае лепшае з таго, што маеце, і адчуеце, як лёгка і прыемна крочыць па жыцці з пустымі рукамі, але з поўным любові сэрцам.

Хто з нас ведае, калі скончыцца яго зямное пілігрымаванне... Які дзень станецца апошнім у яго вандроўцы да Неба... Таму спяшайцеся зрабіць тое, што сапраўды напоўніць сэнсам вашае жыццё і дапаможа прайсці праз браму збаўлення ў Божы Дом. Спяшайцеся ўжо сёння зрабіць як мага больш крокаў на шляху да Нябеснага Валадарства, каб хутчэй дасягнуць яго. Спяшайцеся, сябры, бо сапраўды варта паспець як мага хутчэй стаць шчаслівымі і падзяліцца гэтым шчасцем з іншымі! Спяшайцеся!

Алеся Палеская, Мінск