Гэтая малітва, а дакладней, яе інтэнцыя, узнікла ў браслаўскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Пробашч Лешак Вітвіцкі вырашыў аб’яднаць малітваю людзей, якіх турбуе адна праблема, — боль. Горыч самоты, хваробы, крыўды на чэрствасць сваіх родных і блізкіх, якія могуць вырасці да крыўды на ўвесь свет, — усё гэта робіць чалавека нешчаслівым. Як дапамагчы гэтаму няшчасцю? Сальватарыянін Лешак Вітвіцкі перакананы: паратунак — у малітве.

А малітва гэтая вельмі простая, вядомая ўсім нам з маленства — Ружанец. Але, калі ў цэнтры яе ўвагі паставіць праблему хворага й самотнага чалавека, які захоча яднаць свае цярпенні з цярпеннямі Хрыста, яна можа набыць новае гучанне. І гэта зусім не азначае, што на ружанцы пасля гэтага не трэба маліцца ў іншых, больш радасных інтэнцыях. Проста досвед болю, хваробы, адзіноты знаёмы цяпер многім і многім старэйшым людзям, якія дажываюць свой век на адзіноце, знаёмы ён і маладым, чыё здароўе не назавеш моцным, ведаюць, на жаль, яго і многія дзеці, бесклапотная пара маленства якіх аказалася зусім не бесклапотнаю, але спавітаю болем і крыўдаю. Усё гэта нашмат лягчэй можна перажываць, яднаючы свае цярпенні і боль з Хрыстом, якому дасканала вядомыя і боль, і цярпенні, і несправядлівасць, і пагарда свету. Яднацца з Хрыстом, які церпіць, у малітве — гэта штодня маліцца на ружанцы. Гэта — удзельнічаць у малітоўным ружанцовым коле Жывога Ружанца, у цэнтры ўвагі якога пастаўлены хворы і самотны чалавек, які хоча яднаць свае цярпенні з цярпеннямі Хрыста. Гэты ружанец у Браславе так і назвалі — «З Езусам у цярпенні».

Кожны хворы чалавек — гэта безліч праблемаў. Змагацца з імі на адзіноце — амаль што Сізіфава праца. Прыняць іх у веры, па-хрысціянску — штосьці зусім іншае. Кажуць, што да таго, пакуль сам не трапіш у шпіталь, можаш нават і не падазраваць, як шмат на свеце гора. А калі самому забаліць, то і на боль іншага чалавека зірнеш зусім іншымі вачыма. Але адна рэч — бедаваць, нудзіць, вохкаць ды марнець дзень па дні, і зусім іншая — шукаць апірышча ў Богу. Малітва здольная яднаць, надаваць сілы і надзеі. Яна дапамагае чалавеку шырэй зірнуць на свет, заўважыць тое, што раней заставалася па-за ягонай увагаю. А пазней можа нават аказацца, што тое новае раптам зробіцца найважнейшым. Малітва вучыць слухаць, бачыць, заўважаць тое, што ляжыць зусім не на паверхні. Без усяго гэтага жыццё хрысціяніна было б сумным і нічым не адрознівалася б ад жыцця тых, хто не прагне быць з Хрыстом.

Але важна яшчэ і іншае — паставіць у цэнтр увагі малітвы высакародную, бескарыслівую мэту. Гэта дапаможа верніку зберагчы саму малітву ад пачуцця сумнаватага абавязку й руціны, бо часта ж можна пачуць пра тое, што ружанцовая малітва сумная, дакучлівая ў сваёй манатоннасці, і гэта не такая малаважная праблема, каб адмахнуцца ад яе. Адзін мужчына праваслаўнага веравызнання распавядаў, што раней такой руціннай малітвай для яго быў акафіст да Багародзіцы. Усё кардынальна змянілася пасля таго, як з ягонай дачкой здарылася няшчасце: цяпер ён не можа легчы спаць, не памаліўшыся акафіст.

Калі ў Браславе ўзнікла першае кола Жывога Ружанца «З Езусам у цярпенні», гэтая малітва адразу ж стала вельмі папулярнай. Цяпер у ёй бяруць удзел 340 чалавек, аб’яднаных у 17 ружанцовых колаў. Кожны месяц удзельнікі Жывога Ружанца прымаюць новую інтэнцыю — найчасцей за хворых людзей, якім патрэбна Божая падтрымка. Але бываюць і іншыя інтэнцыі — за навяртанне, за вызваленне кагосьці ад згубнай залежнасці, за памерлых удзельнікаў ружанцовых колаў. Праблемаў у нашым штодзённым жыцці хапае, але не заўсёды хапае вытрымкі, сталасці перажываць іх з Богам у сэрцы. У Браславе знайшлі такое выйсце ў ружанцовай малітве.

Назва супольнасці тлумачыцца непасрэдным, жывым кантактам паміж яе ўдзельнікамі, якому спрыяюць штомесячныя сустрэчы, абмен таямніцамі, абмеркаванне розных праблемаў, на якія багатае нашае жыццё. Удзельнікі групаў наведваюць тых хворых і самотных, якія па стане здароўя ўжо не могуць самі прыйсці ў касцёл. Ім носяць таямніцы дахаты, а разам з імі часта носяць і рэлігійную прэсу, кнігі, расказваюць пра навіны парафіяльнага жыцця. Дзякуючы ўсяму гэтаму хворыя людзі менш адчуваюць сваю самоту, а больш патрэбу малітвы, ахвяравання сваіх цярпенняў у нейкай інтэнцыі. Яны больш не самотныя. Яны — жывая частка жывой, дзейснай і такой прыгожай малітвы, якая самой задумай надае сэнс іхняму штодзённаму жыццю ў болю й цішы. Іхнія дні і гадзіны цяпер яднаюцца ў цярпеннях з Хрыстом. Такім чынам, цярпенню, болю й самоце нададзены вялікі й прыгожы сэнс.

Важна тое, што ружанцовыя колы не падзелены па ўзроставай прыкмеце. У Браславе няма моладзевых альбо дзіцячых групаў. Тут моляцца ўсе разам: дарослыя, моладзь, дзеці, здаровыя і хворыя, дзякуючы чаму вернікі змалку вучацца ўсур’ёз ставіцца да жыццёвых праблемаў. У ружанцовай малітве прымаюць удзел таксама і сёстры эўхарысткі, разам з вернікамі ружанцовай малітвай моляцца святары і сам пробашч. Словам, тут на практыцы, з дня ў дзень жывуць па прынцыпе: чужога гора не бывае.

Некалі чула выраз: «Не марнуйце свайго болю!» У браслаўскім касцёле, разважаючы над сэнсам тутэйшай ружанцовай малітвы, з’яднанай з цярпеннямі Езуса, падумалася раптам: боль, асвечаны малітвай, у цэнтры якой знаходзіцца Езус Хрыстус, не мае шанцу быць змарнаваным.

Калі ў кагосьці з чытачоў узнікла жаданне далучыцца да ружанцовай малітвы, спалучанай з цярпеннямі Езуса Хрыста, можна напісаць на адрас: 211970 Браслаў, вул. Савецкая, 23, Інэсе Сапун.

Ірына Студзеньская