У вечнасць адышоў ксёндз Люцыян Паўлік МІС (21.ХІІ.1913 г. — 11.IV.2007 г.)

Словы з 146-га псальма, вынесеныя ў загаловак гэтага артыкула, сказаныя псальмістам нібыта знарок пра яго — ксяндза марыяніна Люцыяна Паўліка. Усё ягонае доўгае (ён пражыў 93 гады) і прыгожае жыццё было прысвечана праслаўленню Пана Бога, якому ён даверыў сваё жыццё, маючы ўсяго 15 гадоў, калі ўступіў у навіцыят ордэна ксяндзоў марыянаў.

 
Ксёндз Люцыян Паўлік нарадзіўся 21 снежня 1913 г. у Вулце Вішнеўскай, блізу польскіх Седльцаў, блізка таксама і ад Брэста, адно што па той бок мяжы. Свае першыя шлюбы законніка ён склаў у кляштары ў Скурцы, потым — вучоба, чарговыя шлюбы і нарэшце 15 жніўня 1936 г. — вечныя шлюбы.

У 1938 г. пасля таго, як польскія ўлады выгналі з Друі беларускіх святароў, а з Вільні беларускіх клерыкаў, на вучобу ў Вільню прыехалі маладыя польскія семінарысты. Сярод іх былі Люцыян Паўлік і Юзаф Францкевіч, які пазней доўгі час служыў Богу ў Глыбокім. Гэтыя два святары на працягу ўсяго свайго жыцця ахвярна неслі сваё служэнне на Беларусі.

Ксёндз Люцыян прыняў святарскія пасвячэнні ў віленскай катэдры 16 красавіка 1944 г. Сваю прыміцыйную Імшу адправіў у друйскім касцёле Святой Тройцы 23 красавіка 1944 г. Тут і застаўся служыць.

6 чэрвеня таго ж года быў жорстка замучаны фашыстамі ксёндз Баляслаў Грамс у Ідолце. Ксёндз Паўлік адслужыў па ім пахавальную Імшу і распачаў службу ў асірацелай парафіі.

4 ліпеня 1944 г. пажар ахапіў касцёл у Друі, куды ксёндз Паўлік быў прызначаны пробашчам парафіі. На ягоную долю выпала адбудоўваць друйскі касцёл, пра што ён заўсёды з гонарам успамінаў. Было гэта вельмі няпростае заданне. Дзе было браць, напрыклад, будаўнічыя матэрыялы ў пасляваеннай Друі?

Ды ў Бога няма нічога немагчымага. Вялізны буран прайшоўся блізу Друі і паваліў таўшчэзны лес, які і прыдаўся для рамонту. Пасвячэнне адрамантаванай святыні адбылося 2 жніўня 1948 г. Не мог тады прадбачыць шчаслівы святар, якія страшныя выпрабаванні абрынуцца на яго ў адплату за ахвярную працу па вяртанні да жыцця касцёла. У прэсе распачалося цкаванне «цемрашала» і ўсёй адноўленай дзейнасці друйскіх марыянаў. НКУС вырашыў выкарыстаць гэта і прапанаваў ксяндзу Люцыяну супрацоўніцтва. Рашуча і катэгарычна адмовіў. Не мог не разумець малады святар, чым гэта яму пагражала, але паступіцца ўласным сумленнем таксама не мог сабе дазволіць. Вымушаны быў хавацца на хутарах друйскай, а потым і ідолцкай парафій. А на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў той час адзін за другім арыштоўвалі святароў. Дайшла чарга і да прыяцеля ксяндза Люцыяна Юзафа Францкевіча, а неўзабаве і да яго самога. Гэта здарылася 18 кастрычніка 1950 года. Кароткі суд 30 снежня 1950 года — і жудасны вырак: «за варожую прапаганду супраць савецкай улады» ксёндз Люцыян Паўлік быў прыгавораны да смяротнай кары, якая была заменена на 25 гадоў прымусовай працы ў лагеры.

Так ксёндз Люцыян трапіў у няветлую сібірскую тайгу, у сталінскі лагер Чаболта. Цярпенні, боль, цяжкая праца і немагчымасць поўніць святарскую службу выпалі на ягоную долю. Працы, самай цяжкай, не цураўся і не баяўся. Да таго ж клапатліва апекаваўся ўжо нямоглым, вынішчаным хваробаю і непасільнаю працаю ксяндзом Вацлавам Забароўскім з Браслаўшчыны.

Пасля смерці «бацькі народаў» 17 мая 1956 г. ксёндз Люцыян Паўлік атрымаў вызваленне, але гэтае вызваленне зусім не азначала свабоды, бо пасля вяртання яму не дазволілі зноў несці святарскую службу ў Друі. Многія польскія святары, якія ў той час таксама атрымлівалі вызваленне з лагераў, выязджалі тады ў Польшчу. Ксёндз Люцыян не стаў дамагацца такога дазволу. Ён меў іншы клопат: распачаць службу Богу на тутэйшай зямлі, на якую з нялюдскай сілаю абрынуўся ваяўнічы атэізм. Амаль неверагодна, але яму прапанавалі месца службы на выбар: Мёры альбо Задарожжа на Глыбоччыне. Ён выбраў апошняе. І праслужыў Пану Богу і людзям у задарожскім касцёле Маці Божай Ласкавай цэлых 50 гадоў. Больш за тое, ягоная святарская паслуга сягала далёка за межы гэтай немалой парафіі. Доўгія гады кожную нядзелю ксёндз Люцыян адпраўляў святую Імшу ў Лынтупах, Нарачы і Задарожжы. Апрача таго, ён не адмаўляў сваёй паслугі кожнаму, хто да яго звяртаўся, незалежна ад месца жыхарства. Часта да яго прыязджалі людзі з розных куткоў Беларусі. Ніхто не злічыць, колькі людзей ахрысціў гэты святар вечарамі, начамі, на досвітку, колькі ён паяднаў з Богам, колькі ўдзяліў сакрамэнту сужэнства, бежмавання (ён меў на гэта дазвол касцёльных уладаў).

Гэта быў святар з вялікай літары, святар, які не ўмеў адмаўляць тым, хто шукаў дарогу да Бога. Ён адмаўляў у сакрамэнце толькі тады, калі ведаў, што чалавек без належнай пашаны ставіцца да Пана Бога, ігнаруе асноўныя запаведзі хрысціянскага жыцця. І, мабыць, не было для яго большай радасці, як тады, калі да Бога знаходзіў дарогу закаранелы грэшнік, які гадамі не быў у споведзі, не жыў сакрамэнтальным жыццём.

Ксёндз Паўлік абслугоўваў яшчэ і бліжэйшыя парафіі, у якіх былі пазачыняныя касцёлы, — Лужкі, Чарневічы, Германавічы, Празарокі, Падсвілле, Бабруйшчыну, Прошкава... Пра тры матацыклы, якія гэты нястомны святар з’ездзіў па вясковых дарогах, расказвалі як пра своеасаблівы паказчык ягонай службы. 6 сур’ёзных аварый і 4 аперацыі перанёс гэты чалавек. Быў час, калі парафіяне прывозілі альбо нават і прыносілі яго з плябаніі ў касцёл, але ні цяжкія хваробы, ні варожае стаўленне ўладаў не маглі перашкодзіць яму несці святарскую паслугу, і калі ў 90-я гады з’явілася магчымасць вяртання занядбаных і скалечаных святыняў вернікам, за гэтую справу ўзяўся таксама ксёндз Паўлік. Ягоным клопатам, а меў ён тады ўжо вельмі шаноўны ўзрост, былі адбудаваныя, вернутыя да жыцця касцёлы ў Празароках, Лужках, Германавічах, капліца ў Прошкаве, пачата будаўніцтва касцёла ў Падсвіллі. Цяпер гэта здаецца амаль неверагодным, але гэта тая гісторыя, якая адбывалася на нашых вачах зусім нядаўна і за якую гэтаму чалавеку вельмі ўдзячныя вернікі адноўленых парафій.

Ён умеў любіць Бога і людзей. І ўмеў ахвярна служыць Богу і людзям, і таму ў задарожскі касцёл у дні развітання з ксяндзом Люцыянам Паўлікам на працягу трох дзён прыязджалі вернікі і святары з розных куткоў Беларусі. У гэтыя дні тут было багата малітвы. Пахавальныя службы адпраўлялі біскупы Антоні Дзям’янка і Уладзіслаў Блін, якія высока ацанілі службу гэтага святара. У Задарожжы глыбокае казанне сказаў біскуп Антоні Дзям’янка, а ў друйскім касцёле Святой Тройцы — архімандрыт грэка-католікаў айцец Сяргей Гаек. У развітальным слове кіраўнік варшаўскай правінцыі ксяндзоў марыянаў Павел Навумовіч сказаў: «Помнік ксяндзу Люцыяну ўжо стаіць. Бо жывым і найлепшым помнікам яму з’яўляюцца ўсе людзі, якіх ён нарадзіў для веры і ўмацаваў у ёй. Ягоным жывым помнікам з’яўляюцца таксама і беларускія марыяне — адроджаныя, маладыя, энергічныя». А генерал ордэна ксяндзоў марыянаў Ян Рокаш у сваім лісце прыгадаў прыгожую даўнюю традыцыю — спяваць на пахаванні святара гімн «Te Deum» («Цябе, Бога, праслаўляем»), бо праслаўляць

Пана Бога трэба за кожны хрост, кожны шлюб, кожную споведзь днём і ноччу, патаемна і яўна, як і спаўняў гэты святар. Заканчваўся ліст ксяндза генерала надзеяй на тое, што калі ксёндз Люцыян не пакінуў беларускай зямлі ў часы панавання жорсткага атэізму, то ён застанецца з ёю назаўсёды.

... Пахаваны ксёндз марыянін Люцыян Паўлік у Друі побач з ягонымі сабратамі ў манастве, пры касцёле, у якім ён 63 гады таму адслужыў сваю першую святую Імшу і распачаў такую багатую і такую прыгожую святарскую службу.

... Малітва ўдзячнасці... Яна была галоўнай у тыя дні каля труны з целам ксяндза Люцыяна. Удзячнасці Богу за дар прыгожага, ахвярнага й годнага святарства, усю значнасць якога можа вымераць толькі Пан Бог.

Цябе, Божа, праслаўляем за дар святарства для ксяндза Люцыяна Паўліка!

Ірына Жарнасек