Другая велікодная нядзеля. Свята Божай Міласэрнасці. Еду на сваю родную Лідчыну. Там, у мікрараёне Маладзёжны, адбудзецца кансэкрацыя новага касцёла Божай Міласэрнасці. Але гэта будзе апоўдні. А пакуль што — светлая красавіцкая раніца і сонца па-веснавому шырока распасцірае свае абдымкі. Яго прамяністае святло ўліваецца ў душу ціхаю радасцю, і міжволі прыходзіць думка пра тое, што нездарма сёння такое яркае сонца, што сама Божая Міласэрнасць струменіць з неба, спрабуючы сагрэць гэты азяблы, толькі што абуджаны свет...

Незаўважна ў малітве і роздуме прабегла дарога, і вось ужо мінаем паваротку на Ліду. Да ўрачыстасці ў Маладзёжным яшчэ амаль тры гадзіны, а таму кіруемся спачатку ў пасёлак Дзітва, каб наведаць новую капліцу, якую тут нядаўна пабудаваў пробашч белагрудскага касцёла святога Арханёла Міхала ксёндз Рышард Пэрчак. Яна стаіць з правага боку ад дарогі, пры ўездзе ў пасёлак, прыгожа атуленая гонкімі радкавымі соснамі. Яшчэ не кансэкраваная. Гэтая ўрачыстасць чакае святыню 28 чэрвеня, у вігілію патранальнага свята: капліца носіць тытул святых Пятра і Паўла.

...Каля ўваходу нас сустракае ксёндз Рышард. Гэта яго другая парафія. Першая — таксама на Лідчыне, за нейкі дзесятак кіламетраў адсюль, у старажытнай Белагрудзе. Туды ксёндз Рышард быў прызначаны ў 1997 годзе, і ўжо працуючы ў белагрудскай парафіі, пачаў прыязджаць у Дзітву. Дзякаваць Богу, было да каго: у пасёлку жыве шмат католікаў, ёсць дзеці і моладзь, а значыць, парафія будзе расці. І гэта найперш радуе і абнадзейвае ксяндза Рышарда.

Не памятаю ніводнай нашай з ім сустрэчы ў маёй роднай белагрудскай парафіі, каб святар не загаварыў пра дзітвянскую капліцу. Яе будаўніцтва, пачынаючы з 2001 года, стала яго пастаянным клопатам, а цяпер і яго радасцю: капліца нарэшце закончана і вернікам ёсць дзе славіць Бога. Яшчэ, праўда, робіцца галоўны алтар, а на яго, вядома, патрэбны сродкі, якія клапатліва збіраюць парафіяне.

Свята Божай Міласэрнасці для ксяндза Рышарда — асаблівае. І ў белагрудскай, і ў дзітвянскай парафіях ён пашырае і развівае культ Божай Міласэрнасці як яго шчыры і адданы апостал. Таму асаблівая святочная атмасфера адчувалася ў гэты дзень у новай капліцы Пятра і Паўла. Адразу пасля ранішняй святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, і на працягу ўсяго дня трывала адарацыя, якая завяршылася вячэрняю святою Імшою...

А ў часе ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы адбыўся хрост. Супольнасць дзітвянскіх католікаў павялічылася яшчэ на аднаго маленькага верніка, які пры хросце атрымаў імя Тамаш. Засяроджаны малітоўны настрой новай святыні часам парушалі няўрымслівыя маленькія парафіяне: тупацелі сабе туды-сюды па разасланай ад алтара да дзвярэй дывановай дарожцы. І было бачна, што гэтыя першыя крокі ў Божым доме зусім не перашкаджаюць ксяндзу Рышарду, а па-сапраўднаму яго радуюць. Бо, напэўна ж, думаючы таксама пра дзяцей і моладзь, а, можа, найперш пра іх, будаваў ён гэтую ўтульную капліцу.

Крыстына Лялько.
Фота Міколы Новікава.