Новы касцёл Божай Міласэрнасці ў мікрараёне Маладзёжны горада Ліды бачны здалёк, яшчэ з радуньскай шасейкі, што бяжыць уздоўж шэра-блакітных гарадскіх блокаў, мінае горад і выбягае, здаецца, у чыстае поле. І толькі праз нейкі час позірк выхоплівае на даляглядзе муры і званіцу святыні...

Сёлета, у другую велікодную нядзелю, многія з тых, хто спяшаў на ўрачыстасць кансэкрацыі касцёла Божай Міласэрнасці, арыентаваўся, напэўна, на бачныя здалёк абрысы святыні. І, хіба, не адзін хто ўсцешана думаў, што ўсё больш і больш у нашым краі становіцца такіх арыенціраў, якія прыцягваюць не толькі позіркі, але й радуюць сэрца, бо змяняюць, адухоўліваюць аблічча гэтай зямлі...

Касцёл Божай Міласэрнасці ў Лідзе ўражвае сваёю велічнаю прыгажосцю. Ёсць нейкая асаблівая гармонія гэтай святыні з усім наваколлем. Можна сказаць, што яна цудоўна ўпісалася ў яго не толькі сваёю архітэктураю, але й каларыстыкаю. Ёсць таксама гармонія паміж знешнім і ўнутраным хараством святыні. Светла-жаўтавая, узнёсла-лёгкая звонку і ўрачыста-белая, прасторная ўнутры. З вялікім густам аздобленая, без лішніх упрыгожанняў, яна змушае акцэнтавацца на самым істотным і важным: на галоўным алтары з табэрнакулюмам і абразом Езуса Міласэрнага над ім, на вялікім драўляным укрыжаванні ў правай наве і на незвычайна прыгожай капліцы Маці Божай Фацімскай — у левай...

Мне даводзілася не раз бываць у Маладзёжным, калі касцёл Божай Міласэрнасці яшчэ будаваўся. У гасцінным доме пробашча парафіі ксяндза Станіслава Пацыны, на плябаніі, якая, дарэчы, таксама была выбудавана ад падмурку і палову якой пробашч адразу ж аддаў пад кляштар Сясцёр Місіянерак Хрыста Валадара, размовы заўсёды вяліся найперш пра будаўніцтва касцёла. Уся дружная сям’я Пацынаў жыла гэтаю справаю. Будова святыні была іх найважнейшым жыццёвым клопатам. Мне часта і светла згадваецца святой памяці тата ксяндза, пан Станіслаў. Талковы, разважлівы, заўсёды прыязна ўсмешлівы, ён быў праваю рукою сына ва ўсіх будаўнічых справах, яго галоўным дарадчыкам і дбайным гаспадаром новабудоўлі. На жаль, пан Станіслаў не дажыў да светлага дня кансэкрацыі касцёла. Як сказаў ксёндз Станіслаў, «тата адышоў па вечную ўзнагароду да Пана». Таму святую Імшу ў гэты прыгожы дзень сын ахвяраваў за бацьку. Таму ў мамы Бэрнарды, якая таксама ўсе гады будаўніцтва ахвярна і цяжка працавала, былі на вачах слёзы не толькі радасці і ўзрушэння. Занадта шмат сілы — фізічнай і духоўнай — забірае будаўніцтва касцёла, вельмі вялікай ахвяры патрабуе... Але гэта прыгожая ахвяра, бо складзена яна на хвалу Найвышэйшаму, бо прынесеная дзеля таго, каб на гэтай зямлі шчодрымі струмянямі разлівалася Божая Міласэрнасць, каб слабыя і грэшныя душы, прыпадаючы да жыватворнай крыніцы ласкі, знаходзілі паратунак і збаўленне...

Свята кансэкрацыі было такое ж узнёслае і светлае, як і сама святыня. На пачатку ўрачыстасці пробашч касцёла ксёндз Станіслаў Пацына і двое старэйшых вернікаў, якія з першага дня працавалі на будоўлі касцёла, уручылі ардынарыю Гродзенскай дыяцэзіі біскупу Аляксандру Кашкевічу хроніку будаўніцтва і сімвалічны ключ ад святыні.

Ксёндз Станіслаў ад імя сваіх парафіянаў прывітаў душпастыра гродзенскіх католікаў і прысутных гасцей, згадаўшы асноўныя падзеі з гісторыі парафіі, апекуном якой з’яўляецца Міласэрны Хрыстус.

8 мая 1994 года распачалася гэта гісторыя. У той дзень на ўскраіне мікрараёна Маладзёжны, у полі, засаджаным бульбаю, быў устаноўлены крыж і ксёндз Станіслаў адправіў першую святую Імшу. Тады на яе сабралася 70 мясцовых католікаў.

4 снежня таго ж года была асвечана бляшаная капліца, а ў чэрвені 1995 г. будаўнікі пачалі капаць катлаван пад фундамент новага касцёла, які спраектаваў польскі архітэктар з Зялёнай Гуры пан Скавроньскі.

Цяпер у парафіі Божай Міласэрнасці 1700 вернікаў, а гэта значыць, што адначасова з узвядзеннем муроў уздымаўся, рос таксама жывы касцёл. І ў гэтым вялікая заслуга як пробашча парафііі, так і сясцёр місіянерак з супольнасці Хрыста Валадара, якія з самага пачатку працуюць у Маладзёжным. Асабліва сястры Юзэфы Сікоры. У часе ўрачыстасці на адрас гэтай ахвярнай, працавітай і вельмі ініцыятыўнай сястры не раз гучалі словы ўдзячнасці і заслужанага прызнання.

Кульмінацыяй урачыстасці стала святая Імша, у часе якой біскуп Кашкевіч здзейсніў кансэкрацыю касцёла. Разам з ім святочную Літургію канцэлебравалі не толькі святары з Ліды і Гродна, але таксама святары з суседняй Польшчы — дабрадзеі парафіі Божай Міласэрнасці, якія разам з сваімі ахвярнымі парафіянамі збіралі сродкі на будаўніцтва новага касцёла ў Лідзе. Менавіта таму радасць мясцовых католікаў у гэты дзень з поўным правам дзяліла вялікая група польскіх вернікаў, якія прыехалі на ўрачыстасць на двух аўтобусах.

Увогуле, гэтае свята на лідскай зямлі хочацца назваць яшчэ святам падзякі, бо на ім гучала вельмі шмат удзячных і шчырых словаў.

І ардынарый дыяцэзіі біскуп Кашкевіч, і пробашч парафіі ксёндз Пацына мелі каму і за што дзякаваць. І гэта знаходзіла жывы водгук у прысутных, падмацоўвалася шчырымі воплескамі парафіянаў, шматлікіх гасцей урачыстасці, якіх не змагла змясціць нават такая прасторная, вялікая святыня. Прыемна было чуць словы падзякі, скіраваныя таксама да мясцовага — гарадскога і раённага — кіраўніцтва, за тую падтрымку і дапамогу, без якой немагчыма было б ажыццявіць такі грунтоўны праект. Але найбольшая ўдзячнасць за тое, што яшчэ адзін Божы дом узнёс свае крыжы над Лідчынаю, несумненна, належыць ксяндзу Станіславу Пацыну, пробашчу парафіі Божай Міласэрнасці. Звяртаючыся да яго, біскуп Аляксандр Кашкевіч сказаў: «Ад імя гродзенскага Касцёла дзякую табе, дарагі ксёндз Станіслаў, за гэту вялікую справу. Гродзенскі Касцёл атрымаў вельмі прыгожы дом для Пана ва ўрачыстасць Божай Міласэрнасці. Няхай Хрыстус валадарыць у гэтай святыні і благаслаўляе кожнага з нас, асабліва жыхароў Ліды і гэтага мікрараёна. Няхай напаўняе нас сваёю ласкаю, каб мы былі моцныя ў веры, каб даверыліся Яму да канца...».

Свята закончылася, але вернікі не спяшаліся разыходзіцца. Многія з іх, выйшаўшы з касцёла, падоўгу стаялі на пляцы, не могучы адвесці вачэй ад сваёй святыні. Як быццам бачылі яе ўпершыню, як быццам пасля свайго «хросту» яна яшчэ больш папрыгажэла...

Няхай жа яна заўсёды прыцягвае людскія вочы і сэрцы. Няхай вечна ўзвышаецца на гэтай роднай зямлі, даючы магчымасць яе жыхарам прыпадаць да гаючай і невычэрпнай крыніцы Божай Міласэрнасці.

Крыстына Лялько.
Фота Міколы Новікава.