«Вы гаворыце, што вы няшчасныя! …Пачнем з пытання: ці не хворыя вы? …тры чвэрці з ліку ўсіх людзей, што жывуць на зямлі, палічылі б сябе цалкам шчаслівымі, калі бы мелі магчымасць карыстацца тымі выгодамі, якім вы не надаяце ніякага значэння». Гэтыя разважанні я прачытала ў кнізе «Духоўныя асновы жыцця» швейцарскага філосафа Францыска Вейса гадоў пятнаццаць таму. Пад словамі філосафа падпісалася б і мая гераіня. Бо яна, можна сказаць, жывое іх увасабленне. Маю гераіню завуць Ірына Ізыдараўна Шутовіч. Ёй 72 гады.

Усё жыццё гэтай жанчыны — барацьба, выпрабаванне сілы волі і стойкасці. Яна добра памятае вайну, у хаце яе бацькоў былі і немцы, і партызаны. З маленства дзяўчынцы давялося шмат працаваць. У дванаццаць гадоў яна пайшла на работу ў калгас. На кані развозіла торф па палях. Як пасталела, стала працаваць на ферме, уручную даіла 36 кароў. А дома яе чакала свая гаспадарка і пяць маленькіх дзетак. Нялёгка было жыць. Аднак гэтыя цяжкасці былі кропляй у моры тых выпрабаванняў, якія ёй падрыхтаваў лёс.

...Адно імгненне, адзін неасцярожны рух падзяліў жыццё Ірыны Ізыдараўна на «да» і «пасля». Аднойчы на рабоце ёй у вочы трапіў хімікат. Выратаваць зрок практычна не ўдалося. Ні мясцовым урачам, ні краснадарскім, ні цюменскім, хаця яны імкнуліся зрабіць усё магчымае. Жанчыне прыйшлося вучыцца жыць па-новаму. Амаль што без вачэй.

Хутка пасля трагедыі яе чакаў новы ўдар — памёр муж. Ёй было толькі трыццаць дзевяць. Пад яе апекай — прыкаваная да ложка маці і дзеці-школьнікі, малодшы сын толькі ў першы клас пайшоў. Яна не магла спасаваць, не мела права. Шмат працавала, «умудралася» нават палоць калгасныя буракі. Ад цяжкай працы аслепла поўнасцю. Атрымала пасведчанне інваліда першай групы. «Для мяне настала цёмная ноч», — характарызуе свой стан Ірына Ізыдараўна. У такім стане яна жыве ўжо амаль два дзесяткі гадоў. Яна і цяпер носіць акуляры, але не для карэкціроўкі зроку, а для абароны вачэй.

Ірына Ізыдараўна па-ранейшаму жыве ў сваёй роднай вёсцы Дубатоўка. Ужо дваццаць шэсць гадоў побач з ёй — мужчына, таксама ўдавец, з якім яна павянчалася.

— Сляпому аднаму — не жыць. Я ж і печы вытапіць не магу, і есці сабе не зраблю, — з горыччу зазначае жанчына, — магу толькі адзежу памыць, падлогу ў хаце працерці. Ісці жыць да дзяцей не хачу, усе яны — гарадскія, а я вёску люблю. Мне тут вольна. А хто я ў горадзе? Птушка ў клетцы.

Яна з дзяцінства палюбіла рукадзелле, рана навучылася вышываць, вязаць на спіцах і кручком, ткаць дываны і ручнікі. Рэчы, зробленыя ўласнымі рукамі, і цяпер упрыгожваюць дом Ірыны Ізыдараўны. Пасля таго, як «згубіла вочы», яна не можа займацца любімай справай. Адзінае, што дагэтуль робіць бездакорна, — вяжа на спіцах. Шалікі, шкарпэткі, рукавіцы, пальчаткі... «Ацяпляе» зімой родных і знаёмых. Рэчы, звязаныя руплівымі рукамі бабулі Ірыны, носяць дзеткі з прытулку Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

— Мне многія гавораць: «Спрытна ў цябе атрымліваецца вязаць. Каб не ведалі, што ты сляпая, дык і не паверылі б, што ты зусім не бачыш».

Калі я вяжу, мне жыць лягчэй. Нервы супакойваюцца, — прызнаецца мая субяседніца. — Таму вяжу шмат. Усім, хто папросіць. А яшчэ шмат малюся. Ведаю мноства малітваў. Нават ксяндзы кажуць, што ў мяне — Божы дар. Дзівяцца, як гэта можа завучыць на памяць столькі тэксту зусім бязграматны чалавек. Я ж ні пісаць, ні чытаць не ўмею.

...Калі ў мяне пытаюць, як мне жывецца, адказваю: «Нармальна. Пенсія неблагая, амаль трыста тысяч атрымліваю. Вось толькі вачэй не хапае». Каб мне Бог даў вочы... (твар бабулі ажывіўся, з’явілася ўсмешка, і мне падалося, што ў гэты момант яна сапраўды паверыла ў цуд), я б ад радасці ўскочыла да неба, — бадзёра прамовіла яна, а пасля невялікай паўзы, уздыхнуўшы, прадоўжыла. — Вы і не ўяўляеце, як цяжка жыць сляпому... Без веры ў Бога, без Яго душэўнай падтрымкі проста не ведаю, як справілася б са сваёй бядой.

Для сябе аднаго я ў Бога прашу — лёгкай смерці. І каб людзей Бог аберагаў ад усяго благога. Хай іх жыццё будзе шчаслівейшым.

Галіна Антонава, Смаргонь.
Фота аўтара.