Мінула 10-я гадавіна з дня смерці ксяндза Станіслава Гаўліка, былога пробашча чатырох парафій у Беларусі, які значную частку свайго святарскага жыцця прысвяціў адраджэнню Касцёла на Гродзеншчыне.

Ён прыехаў у Беларусь на хвалі «перабудовы» ў 1989 годзе, а з 1990 года быў прызначаны біскупам Аляксандрам Кашкевічам пробашчам парафіі св. Юды Тадэвуша ў Прывалцы. Адначасова з аднаўленнем старадаўняга драўлянага касцёла ў Прывалцы святар разам з вернікамі пабудаваў цагляны касцёл у Азёрах і капліцу ў Пераломе, вёў рамонт у Кашубінцах і Жыдомлі.

У гэтых працах дапамагаў яму кс. Цэзары Міх, таксама кларэтын, які прыехаў на дапамогу кс. Станіславу ў 1990 годзе. Цяпер а. Цэзары працуе ў Скідзелі, дзе ён пабудаваў прыгожы касцёл пад тытулам св. Юзафа.

Людзям цяжка зразумець справу Божага паклікання, часам і жыццёвыя абставіны перашкаджаюць пайсці за голасам Божым. У айца Станіслава ўсё адбылося неяк заканамерна і лагічна.

Нарадзіўся ён у 1945 годзе ў Тшэбніцы каля Вроцлава, на самым захадзе Польшчы. Ужо з маладых гадоў ён марыў стаць святаром, але неабходнасць доўгі час апекавацца хворым бацькам адклала на некаторы час рэалізацыю Божага паклікання. Ён працаваў закрыстыянінам у базыліцы св. Ядвігі, каралевы Слёнска, у Тшэбніцы, а таксама быў медбратам у мясцовым шпіталі. Толькі пасля смерці бацькі, ва ўзросце 34 гадоў, ён прыйшоў у ордэн місіянераў кларэтынаў. У 1986 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне з рук кардынала Генрыка Гельбіновіча ў Вроцлаве. Апошнія сем гадоў свайго жыцця ён правёў у Беларусі, дзе акрамя ахвярнай душпастырскай працы чытаў лекцыі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У снежні 1996 года кс. Гаўлік паехаў у Тшэбніцу на пахаванне старэйшага брата. Ён прыехаў туды 16 снежня, але на пахаванне на наступны дзень не трапіў: раніцай 17 снежня стала вядома, што ноччу святар памёр.

Айцец Станіслаў як бы прадчуваў, што не многа яму адпушчана для душпастырскай працы, і таму імкнуўся як мага больш зрабіць, выкарыстоўваючы для гэтага кожную хвіліну свайго жыцця. У яго было шмат планаў па адбудове Божых святыняў і людскіх сэрцаў, але ў першую чаргу ксёндз Гаўлік хацеў разбудзіць у людзях духоўны пачатак.

Айцец Станіслаў вельмі любіў дзяцей і моладзь, вечарамі збіраў нас для супольнага спеву і разважанняў пра Бога і духоўныя каштоўнасці. Мы вельмі любілі гэтыя размовы і былі ўпэўненыя, дзякуючы святару, што ў кожным з нас дабра больш, чым зла.

Дзякуючы яго працы і пад яго ўздзеяннем з парафіі Прывалка выйшлі два святары: кс. Віталь Чабатар і кс. Ігнат Санюта, якія вельмі ўдзячныя пробашчу за яго бясцэнную навуку.

На той час я скончыла 9 класаў і паступіла ў Гродзенскае педагагічнае вучылішча на музычнае аддзяленне. І была якраз на шляху шукання праўды і ідэалаў. Вось тады я і сустрэла айца Станіслава, які паказаў мне мой будучы шлях і накіраваў мае крокі ў патрэбным кірунку, стаўшы для мяне духоўным пастырам і настаўнікам. Нягледзячы на тое, што а. Станіслаў быў вельмі заняты ў чатырох парафіях, ён знайшоў час, каб паехаць са мною ў Вроцлаў, дзе я паступіла на настаўніцкія курсы. Скончыўшы навуку, я вярнулася ў Гродна і выкладала ў Прывалцы ў вясковай школе музыку і польскую мову. Адначасова з гэтай працаю пачала іграць у касцёле ў часе святой Літургіі. Для мяне гэта была вялікая радасць і гонар. Кс. Станіслаў купіў невялікі электраарган, бо, на жаль, стары арган быў знішчаны ў час вайны.

Незабыўнай падзеяй для ўсёй парафіі стала наша паездка ў Вільню. Айцец Станіслаў замовіў вялікі аўтобус, і ўсе жадаючыя змаглі наведаць былую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. Паехалі і дзеці, і моладзь, і нават старыя бабулькі, якія ніколі не выязджалі далей за Гродна і Друскенікаў. У Вострай Браме падчас адпраўлення святой Літургіі ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай не было вольнага месца. Кожны хацеў быць бліжэй да цудадзейнага абраза. Усе старэйшыя людзі не маглі стрымацца ад плачу. Вяскоўцы былі вельмі ўдзячныя свайму пробашчу за тое, што ён зрабіў ім такі цудоўны падарунак.

Наступнай была паездка ў Катынь і Курапаты. Святар клапаціўся пра тое, каб мы, моладзь, ведалі праўдзівую гісторыю свайго народа і краю. Нас тады вельмі ўразілі ў Курапатах глыбокія ямы, у якіх ляжалі незакапаныя чэрапы, косці. На невялікім камяні тады была адпраўленая св. Імша за ўсіх загінуўшых у гэтым жудасным месцы...

А далей была Катынь пад Смаленскам, дзе расстрэльвалі польскіх афіцэраў. Запомніўся страшэнны густы лес. Тады на тым месцы стаяў толькі невялікі крыж, не было ніякіх табліцаў і помнікаў у гонар загінуўшых. Толькі пазней аб гэтым месцы пачалі гаварыць уголас.

Дзякуючы гэтым паездкам і аповедам нашага пробашча многія з моладзі пачалі цікавіцца гісторыяй свайго краю і вёскі.

Айцец Станіслаў заўсёды цікавіўся мясцовымі традыцыямі, часта распытваў старэйшых людзей пра былыя святочныя звычаі. На Божае Нараджэнне ім было адноўлена калядаванне па вёсцы, і на Вялікдзень моладзь і старэйшыя хадзілі па хатах з гармонікам і складалі пажаданні.

Людзі не баяліся звяртацца да пробашча ў розных патрэбах і бедах, і ён імкнуўся ўсім памагчы. Пасля кожнай Імшы, хутка пераапрануўшыся, ён выходзіў на дзядзінец касцёла, каб паразмаўляць з людзьмі, запытацца пра іх здароўе і розныя справы. Ніхто не спяшаўся пасля набажэнства дахаты, кожны хацеў асабіста прывітацца з пробашчам і, калі дазволіць, пацалаваць яго руку.

Кожная нядзеля ўспрымалася як вялікая ўрачыстасць: усе вернікі рыхтаваліся да нядзельнай Імшы, дзеці спявалі і чыталі псальмы, жанчыны ўпрыгожвалі касцёл кветкамі і прыбіралі. Заўсёды ў касцёле стаялі толькі жывыя кветкі. Асабліва кс. Станіслаў любіў белыя ліліі, сімвал чысціні.

На ўсе большыя святы Евангелле чыталася на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах, каб усе прысутныя разумелі сэнс набажэнства. З пачатку 1991 года пробашч пачаў вывучаць з моладдзю і дзецьмі малітвы на беларускай мове. Плакат са словамі «Ойча наш» і «Вітай, Марыя» вісеў на сцяне касцёла. Гэта быў пачатак і майго асабістага судакранання з беларускай мовай падчас Імшы. Пазней мы спявалі розныя песні на беларускай і рускай мовах.

Мы з самага пачатку называлі ксяндза айцом, бо гэта быў чалавек з вялікім сэрцам і міласэрнай душой. Ён вельмі клапаціўся пра хворых людзей. У Прывалцы да хворых хадзіў пехатою, бо доўгі час у яго не было машыны. У айца быў моцны і прыгожы голас, як арган, ён мог спяваць нават без мікрафона. Падчас святой Імшы ён спяваў разам з усімі людзьмі і ўвогуле любіў спевы мясцовага насельніцтва.

Стараннем айца Станіслава ў Прывалцы і Дуброве былі пастаўлены прыдарожныя крыжы, каля якіх святар разам з вернікамі адпраўляў набажэнствы. У Прывалцы святар аднавіў старыя вайсковыя могілкі з часоў Першай сусветнай вайны.

Уся яго ахвярная праца на беларускай зямлі сутыкалася з мноствам цяжкасцяў. Не адзін раз яму даводзілася разам з парафіянамі абіваць «высокія парогі», каб атрымаць дазвол на будову і рамонт святыняў. Каштавала гэта яму многа сіл і здароўя. За сваю дзейнасць а. Станіслаў Гаўлік быў узнагароджаны Урадам Польшчы залатым медалём «За пашырэнне культуры і асветы».

З першага прыезду ў Прывалку ксяндзу Станіславу спадабалася прыгожая ваколіца прынёманскай вёскі, схаваная сярод лясоў былой Гродзенскай пушчы. Айцец Станіслаў любіў паўтараць: «Ёсць многа працы для выканання, і гэта ўсё можна зрабіць, трэба толькі троху добрай волі». Праз шэсць гадоў прыцы ў Прывалцы ён збіраў звесткі пра мінулае вёскі, якая некалі мела магдэбурскае права. Айцец марыў напісаць кнігу пра гістарычны шлях прывалкаўскай парафіі. На жаль, пробашч не паспеў скончыць сваю працу.

Да сённяшняга дня захаваліся пажаданні а. Гаўліка, якія ён складаў парафіянам з нагоды святаў Божага Нараджэння ў 1990 годзе: «На радасны дзень Божага Нараджэння ўсім парафіянам, дарослым і дзецям, складаю шчырыя пажаданні ўсялякага поспеху: у здароўі, у цвярозасці і Божым благаславенстве на кожны дзень. Кожная Пастэрка і св. Імша ва ўрачыстасць Божага Нараджэння павінна напамінаць нам тую першую Пастэрку, якая была адпраўлена 24 снежня 1989 года першы раз пасля шматгадовага перапынку. Каб тое першае Божае Нараджэнне ў нашай уласнай святыні мабілізавала ўсіх да дынамічнага дзеяння і ўнутранага развіцця, каб з гэтай пары ў нашай парафіі не было душаў, якія стаяць далёка ад Хрыста».

З першых дзён сваёй працы ў Беларусі айцец Гаўлік пашыраў ідэі экуменізму. Ён вельмі шчыра пасябраваў з праваслаўным святаром Міхаілам Астроўскім з Азёраў (у вёсцы Азёры праваслаўны і каталіцкі храмы падзяляе толькі невялікі драўляны плот, і вернікі дзвюх канфесій ахвотна хадзілі віншаваць адныя другіх са святамі, а калі была патрэба, і дапамагалі). Калі ў айца Станіслава былі праблемы з тагачаснымі ўладамі, айцец Міхаіл хадайнічаў за яго перад кіраўніцтвам раёна.

У год свайго пяцідзесяцігоддзя айцец Станіслаў наведаў Рым і сустрэўся са Святым Айцом Янам Паўлам ІІ...

Прыклад яго ахвярнага жыцця, даверу Богу, любові да Касцёла і людзей годны пераймання. Ён стаў перад Богам з поўным багажом добрых учынкаў, і мы верым, што Бог узнагародзіць яго вечнай радасцю ў Нябесным Валадарстве.

Наталля Ганько,
Гродна