30 сакавіка, у апошнюю пятніцу месяца, на Кальварыйскіх могілках у Мінску адбылося набажэнства Крыжовага шляху, якое ўзначаліў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.

Для католікаў беларускай сталіцы гэта стала сапраўднай падзеяй, бо нават старэйшыя людзі не памятаюць, калі апошні раз на мінскіх Кальварыйскіх могілках такім чынам перажываўся Крыжовы шлях Езуса Хрыста. Вернікі — усяго каля тысячы чалавек — сабраліся з усіх мінскіх парафій.

Распачалося набажэнства Мукі Езуса каля велічнай брамы Кальварыйскіх могілак. Ва ўступным слове біскуп Антоні адзначыў, што кальварыйскі касцёл, які мае назву Узвышэння Святога Крыжа, стаіць на цудоўным месцы. Некалі нашыя продкі прывезлі з Ерузалема кавалачак дрэва Святога Крыжа і для захавання каштоўнай рэліквіі вырашылі пабудаваць касцёл на адным з узгоркаў за горадам, які б сімвалізаваў Галготу. Так з’явіўся касцёл Узвышэння Святога Крыжа, а месца, дзе ён быў пабудаваны, пачалі называць Кальварыяй (лацінская форма назвы Галгота, што ў перакладзе азначае «месца чэрапу» — пагорак за мурамі Ерузалема, дзе быў укрыжаваны Хрыстус).

Падчас Крыжовага шляху вернікі па чарзе — напачатку старэйшыя людзі, а потым моладзь і дзеці, міністранты і святары — неслі вялікі драўляны крыж, чым сведчылі пра тое, што Езус памёр на крыжы за ўсіх людзей. Адметна, што гэты крыж прывезлі з Ліды, з парафіі Маці Божай Беззаганна Зачатай. Лідскія вернікі перадалі яго ў Мар’іну Горку, каб усталяваць на гары Марыі. Крыж зроблены на ўзор місійнага крыжа 1937 года. Менавіта ў тым годзе ў парафію прыехалі працаваць ксяндзы Вінцэнт Лабан і Люцыян Мрачкоўскі, якія ў сакавіку 1943 г. былі расстраляныя фашыстамі разам з дзевяццю іншымі святарамі. Місійны крыж — сведка тых жудасных падзеяў.

Мінскім вернікам пашчасціла несці гэты сімвалічны крыж падчас Крыжовага шляху па Кальварыйскіх могілках. Разам з біскупам Антоніем Дзям’янкам Крыжовым шляхам Збаўцы прайшлі святары: пробашч парафіі святых Сымона і Алены кс. дзекан Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. Альберт Масальскі, адміністратар парафіі кс. Андрэй Бародзіч, а. Аляксандр Пісарук OFM Conv і кс. Аляксандр Тарасевіч.

Больш за дзве гадзіны працягваўся гэты Крыжовы шлях, а пасля яго заканчэння пад адкрытым небам перад касцёлам адбылася святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Антоні Дзям’янка разам з іншымі святарамі.

Пасля св. Імшы біскуп звярнуўся да вернікаў з прапановаю праводзіць набажэнствы Крыжовага шляху на Кальварыйскіх могілках кожную апошнюю пятніцу месяца, пачынаючы з сакавіка і да лістапада. Вернікі з вялікім энтузіязмам падтрымалі гэтую прапанову.

Галіна Калевіч.
Фотаздымкі Міколы Новікава.