Некалькі гадоў таму ў Маскве на адной з канферэнцый, прысвечаных дэмаграфічным праблемам, выступіў мусульманін, які запытаў: «Хрысціяне, дзе вашыя дзеці? Каталіцкія Партугалія, Італія, Іспанія, праваслаўная святая Русь, дзе вашыя дзеці»? У падтэксце яго прамовы можна было прачытаць прэтэнзіі, скіраваныя да самога Езуса Хрыста. Многія яму тады адказвалі, што Хрыстус тут ні пры чым, вінаватыя людзі. Сапраўдны хрысціянін ніколі не будзе забіваць у аборце сваё дзіця, як і наогул чыніць зла, а дрэнныя вернікі, на жаль, ёсць у кожнай канфесіі. Аргумент, вядома ж, слушны, але хрысціянам ёсць над чым задумацца...

Мяркуем, сродкі масавай інфармацыі, каталіцкія ў тым ліку, павінны часцей расказваць пра шматдзетныя сем’і, пра іх радасці і праблемы. Таму мы запрашаем да супрацоўніцтва і вас, нашыя шаноўныя чытачы. У гэтым жа матэрыяле гаворка пойдзе пра шматдзетную сям’ю Клімовічаў з Мінска.

Дзеці — узнагарода ад Пана Бога Галаву сям’і Клімовічаў Алега Казіміравіча добра ведаюць тыя, хто з мінскай пілігрымкай ідзе летам у Будслаў. Апошнія тры гады ён корміць пілігрымаў, бо працуе шэф - поварам палявой кухні. Праца вельмі няпростая і вельмі ахвярная.Трэба ўстаць а 5-й раніцы і легчы пазней за ўсіх, да таго ж амаль цэлы дзень быць каля агню. Занятасць такая, што і на малітву не заўсёды хапае часу. Але, па словах яго жонкі Маргарыты Іванаўны, пасля пілігрымкі духоўны стан мужа адметна ўзрастае, і гэта сведчыць пра тое, што за сваю шчырую ахвярнасць чалавек атрымлівае ад Бога шчодрыя ласкі. Трэба сказаць, што наогул сям’я Клімовічаў не абдзелена гэтымі ласкамі. «Вось ад Пана дар: гэта дзеці, узнагарода Яго — плод улоння»,— сказана ў Святым Пісанні, а дакладней у 127-м псальме. Сучаснаму чалавеку цяжка зразумець старую ісціну, што дзеці — гэта сапраўды вялікая ўзнагарода ад Пана Бога, што гэта ні з чым не параўнальная ласка. Маргарыта і Алег Клімовічы гэта добра разумеюць. Яны нарадзілі і выхоўваюць пяцёра дзяцей, прычым малодшаму Янку ідзе ўсяго трэці гадок. Старэйшаму Казіміру ўжо 21 год, Катарыне — 20, Ганне —19 і Насці 18 гадоў. Заўважым, што чацвёра старэйшых дзяцей нараджаліся штогод. У сучасным свеце гэта сапраўдны гераізм, які мяжуе з пакутніцтвам. Па словах Рыты, нават родныя і блізкія людзі не разумелі іх, не кажучы ўжо пра суседзяў, знаёмых ды ўрачоў. Апошнія не столькі дапамагалі, колькі крыўдзілі сваімі негатыўнымі адносінамі. Наведванне паліклінікі заўсёды ператваралася ў сапраўднае выпрабаванне. Праўда, калі зацяжарыла Янкам у свае 43 гады, вялікага прэсінгу не адчувала. Дакторка адразу запыталася: «Вы, напэўна, веруючая»? Далей старалася шчыра дапамагаць. Калі ўзнікла пагроза выкідыша, тэрмінова паклала Рыту ў шпіталь. Становішча было настолькі сур’ёзным, што дактары не давалі аніякіх шанцаў на тое, што дзіця застанецца ва ўлонні маці. Але ўсё ў руках Божых! У сям’і Клімовічаў гэта ўсе добра разумеюць. Малітвамі і ахвярамі дзіцятка было ўратавана. Рыта ўспамінае, што ў шпіталі яна кожную раніцу пачынала са спеваў «Гадзінак». Даручыла сябе і дзіця апецы Маці Божай. Роды прайшлі без праблем, а хлопчык нарадзіўся здаровенькім і вельмі прыгожым. Напэўна, лішне казаць пра тое, якая гэта радасць і пацеха для бацькоў і старэйшых дзяцей, ды наогул для ўсёй шматлікай радні.

У нашай размове Алег Казіміравіч успомніў дзіўны сон, які ён бачыў, калі малодшага сына яшчэ не было. Ідучы па дарозе, ён спаткаў хлопчыка, які сядзеў на ўскрайку і, плачучы, еў кавалак хлеба. Алег разумеў: дзіця плача ад страху, што ў яго забяруць гэты хлеб. Ён падняў немаўля з зямлі і, прыціснуўшы да сэрца, сказаў: «Не бойся, маленькі, ніхто цябе не пакрыўдзіць». Тварык хлопчыка ўвесь час потым стаяў у вачах. Калі нарадзіўся Янак, Алег зразумеў, што бачыў у сне менавіта яго.

 
ШЛЮБЫ ЗАКЛЮЧАЮЦЦА НА НЯБЁСАХ

У сучасным свеце, на вялікі жаль, паняцце «шматдзетная сям’я» нясе на сабе адбітак нейкага негатыву. У многіх яно выклікае падазронасць, маўляў, нешта там не так, альбо спачуванне. Дык вось, сям’я Клімовічаў ушчэнт разбівае гэты стэрэатып.

Алег і Рыта знешне вельмі прыгожыя сучасныя людзі. Абое з вышэйшай адукацыяй, дарэчы, скончылі адзін і той жа інстытут — былы політэхнічны: Алег — аўтатранспартны факультэт, а Рыта — факультэт дарожнага руху (інспектар ДАІ). Як і многія аднакурснікі, яны марылі аб працоўнай кар’еры. Аб кар’еры шматдзетнай маці Рыта на той час і не думала, аднак цвёрда ведала, што аборт — гэта забойства дзіцяці, і ў сваім жыцці такога граху яна не дапусціць.

Рыта нарадзілася і выхоўвалася ў сям’і глыбока веруючых католікаў з роду Ягелаў. Яе бацька Іван Іосіфавіч больш за 20 гадоў з’яўляецца старшынёю парафіяльнага камітэту і закрыстыянінам касцёла св. Станіслава ў Даўгінаве, што недалёка ад Будслава. Дарэчы, гэту сям’ю многія пілігрымы добра ведаюць, бо шмат хто гасціў у іх доме і мыўся ў іх лазні, калі пілігрымка затрымлівалася на начлег у гэтай вёсцы.

Алег таксама паходзіць з каталіцкай сям’і. Яго бацькі родам з Лагойшчыны. Маладымі прыехалі ў Мінск, тут і засталіся. Алег, а таксама яго брат і пяцёра сясцёр нарадзіліся ўжо ў Мінску.

Гісторыя знаёмства Алега і Рыты вельмі адметная. Гэта той выпадак, калі гавораць, што шлюбы заключаюцца на нябёсах. Паміраючы, маці Алега наказала сваёй старэйшай дачцы Яні, каб тая апекавалася малодшымі братамі. Прасіла і аб тым, каб дачка прыгледзела ў касцёле для іх сужэнак. Аднойчы, калі Рыта са сваёй старэйшай сястрою Валянцінай была ў мінскім касцёле на Кальварыі, да іх падышла Яніна і сказала, што хоча пазнаёміць іх са сваімі братамі Казімірам і Алегам. У наступную надзелю хлопцы таксама з’явіліся ў касцёле. Завязалася сяброўства, якое перарасло ў каханне. Першымі вяселле згулялі Казімір і Валянціна, а праз некаторы час Алег і Рыта. Жылі абедзве сям’і спачатку ў бацькоўскім доме Клімовічаў — гэта раён Зялёнага лугу (прыватны сектар), потым па чарзе атрымалі кватэры. Рыта з Алегам — двухпакаёўку. Перад нараджэннем Янкі яны пераехалі ў новую чатырохпакаёвую кватэру, а пасля нараджэння пятага дзіцяці дзяржава пагасіла крэдыт, які сям’я брала на будову жылля. У мінулым годзе Маргарыта Іванаўна атрымала таксама ганаровую ўзнагароду — ордэн Маці.

— Ва ўсім, што з намі адбываецца, мы бачым Провід Божы, — гаворыць шматдзетная маці. Бог усё бачыць наперад і плануе наша жыццё. Не трэба толькі перашкаджаць Божым планам.

 
ВЫХАВАННЕ З БОГАМ

Справу адукацыі дзяцей бацькі таксама аддалі ў Божыя рукі.

Старэйшыя дзеці Клімовічаў вучацца там, куды паклікала сэрца, прычым, вучацца бясплатна. Казімір і Ганна — у БНТУ, Насця — у музычным вучылішчы на аддзяленні фартэпіяна. Катарына мае ўжо музычную адукацыю, але збіраецца вучыцца далей.

Катарына і Анастасія іграюць на электрааргане і музычна суправаджаюць кожную святую Імшу — адна ў парафіі Маці Божай Ружанцовай, што ў мікрараёне Лошыца, а другая ў малінаўскай парафіі св. Антонія ў Мінску. Усе дзеці гэтай сям’і — актыўныя ўдзельнікі супольнасці каталіцкай моладзі. Алег Казіміравіч прызнаўся, што дзеці цяпер з’яўляюцца лідэрамі духоўнага жыцця іх сям’і і што менавіта яны часцей нагадваюць бацькам пра час сумеснай малітвы. Нярэдка нават могуць іх і павучыць. Аднойчы, калі бацька пачаў настаўляць старэйшага сына крыкам, той спакойна адказаў: « Тата, ты не сварыся, а лепш памаліся за мяне». Для бацькі гэта быў вельмі павучальны момант.

Як жа прыемна бачыць, калі бацькі цешацца дзецьмі, а дзеці любяць бацькоў і ганарацца імі! Вось яно — выхаванне з Богам і ў Богу! Вось яна — адкрытасць на Божую ласку шматдзетнасці! Місія шматдзетных бацькоў — асаблівая місія. Яна з тых, пра якую сказана ў Евангеллі: «Шмат пакліканых, але мала выбраных» ( пар. Мц 22, 14). Сям’я Клімовічаў сапраўды выбраная Богам.

Галіна Калевіч