Св. Бэрнард з Клерво казаў: «Ёсць адна надзвычайная, цудоўная, выратавальная зорка. У небяспецы, сумненнях думай пра Марыю, заклікай Марыю; няхай Яна не пакідае твайго сэрца, не сыходзіць з тваіх вуснаў, каб выпрасіць Яе малітоўнае заступніцтва, не забывай наследаваць Яе прыклад».

Маці Найсвяцейшая, Марыя з Фацімы! Калі Ты прыйшла ў Даліну Спакою, Ты была апранута ў белы плашч, а над ім зіхацела зорка, Ты ўся была са святла, якое ёсць Бог. Адзінаю Тваёю аздобаю была яна — маленькая зорка. Ты не насіла яе так, як звычайна на сваіх святых абразах, на сваім чале ці на плячы, але на падоле плашча. Сёння я кленчу перад Табою і дзякую Табе за гэты знак.

Твая фацімская зорка асвятляе ўсё, быццам маяк. Гэта пуцяводная зорка майго жыцця, зорка майго збаўлення. Яна нібы праменьчык у канцы змрочнага тунэлю. Твая зорка змушае мяне ісці наперад. Ажно да мэты. Ажно да перамогі.

Я гляджу з захапленнем на Твой нябесны знак і з радасцю бачу, што зорка аздабляе Твой плашч так нізка! Ты нібы прагнеш даць яе на адлегласці выцягнутай рукі, паказаць, што яна знаходзіцца блізка да мяне, што яна лёгка дасягальная, калі толькі я пажадаю ісці шляхам, які яна мне паказвае.

Ты хочаш, Маці, каб я заглядзеўся на Тваю зорку і навучыўся распазнаваць яе святло. Ты раз’ясняеш яе святлом цемру майго граху, надаеш майму заблытанаму жыццю Боскі парадак, Ты ўказваеш мне горні свет, якога я не разумею і не магу ахапіць розумам, але па якім так моцна сумуе маё сэрца. Я гляджу на Тваю «зорку неба» і малю: выпрасі для мяне найбольшую ласку — ласку быць збаўленым, ласку быць вечна жыхаром неба!

Маці Найсвяцейшая, ужо сёння я хачу, каб у маім жыцці ззяла нябеснае святло. Будзь маёю ранішняю зоркаю, якая вядзе да Бога. Прашу Цябе з пакораю і адвагаю дзіцяці: дай мне яе як узнагароду за маё змаганне пад Тваім блакітным штандарам. Няхай і маім лёсам станецца трыумф Твайго Беззаганнага Сэрца!

Падрыхтаваў Вінцэнты Лашэўскі.
Пераклад з польскай мовы с. Ігнацыі MSF.