ПЕРШАЯ ТАЯМНІЦА
Візія пекла...

Гэта таямніца складаецца з трох розных частак, з іх дзве цяпер адкрыю. Першаю была візія пекла. Наша нябесная Пані паказала нам мора агню, якое вырывалася з глыбіні зямлі, у гэты агонь былі акунутыя дэманы і душы, нібы раскалёныя да чырвані вуглі, празрыстыя, чорныя ці карычневыя языкі полымя, якія мелі чалавечыя абрысы. Яны ўзносіліся ў пажары, ахопленыя полымем, якое вырывалася з іх разам з клубамі дыму. Разляталіся ва ўсе бакі, нібы іскры падчас вялікіх пажараў, усё гэта было ў стане бязважкасці, сярод пакутлівых стогнаў і крыкаў адчаю. Ад іх выгляду можна было аслупянець і памерці ад страху. Дэманы мелі страшныя і жудасныя абрысы агідных, невядомых звяроў, але і яны былі празрыстыя і чорныя. Гэтае відовішча доўжылася толькі хвіліну. Дзякуй Найсвяцейшай Маці, якая перад гэтым супакоіла абяцаннем, што забярэ нас на неба (у першай візіі). Калі гэтага б не адбылося, то мы памерлі б ад страху і жудасці.

 
ДРУГАЯ ТАЯМНІЦА
Паратунак у Беззаганным Сэрцы Марыі

Сястра Люцыя ўзгадвае: «Мы звярнулі позірк на нашу Пані, якая сказала: „Вы бачылі пекла, куды ідуць душы грэшнікаў. Каб выратаваць іх, Бог хоча ўстанавіць на зямлі набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Калі свет зробіць тое, што Я вам скажу, — многія душы будуць збаўлены і настане спакой у свеце. Вайна скончыцца, але калі людзі не перастануць абражаць Бога, то падчас пантыфікату Пія ХІ распачнецца другая вайна, яшчэ горшая. Калі вы ўбачыце ноч, асветленую невядомым ззяннем, ведайце, што гэта вялікі знак, які Бог пасылае, каб паведаміць вам пра тое, што гэтаю вайною, голадам, пераследам Касцёла і Святога Айца Ён пакарае свет за яго злачынствы. Каб гэтага пазбегнуць, Я прыйду, каб прасіць аб прысвячэнні Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і аб ахвяраванні святой Камуніі ў першыя суботы кожнага месяца дзеля адкуплення грахоў. Калі людзі выканаюць Мае просьбы, Расія навернецца і настане мір, калі ж не, то Расія распаўсюдзіць свае памылкі па ўсім свеце, выклікаючы ў ім войны і пераслед Касцёла. Праведнікі стануць мучанікамі, Святы Айцец будзе шмат пакутаваць, многія народы будуць знішчаны, але ўрэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе. Святы Айцец прысвяціць Мне Расію, якая навернецца, а для свету настане час міру“».

Другая таямніца датычыцца набажэнства Беззаганнага Сэрца Марыі. Як я ўжо раней гаварыла, наша Пані 13 чэрвеня 1917 г. запэўніла мяне ў тым, што ніколі не пакіне мяне і што Яе Беззаганнае Сэрца будзе заўсёды маім прытулкам і шляхам, які будзе весці мяне да Бога. Кажучы гэтыя словы, Яна раскрыла свае далоні і пранізала нашыя сэрцы святлом, якое праменіла з іх. Мне здаецца, што з таго дня гэтае святло перш за ўсё павінна было ўмацаваць у нас свядомасць і асаблівую любоў да Беззаганнага Сэрца Марыі так, як гэта было ў двух іншых выпадках, якія датычацца Бога і таямніцы Найсвяцейшай Тройцы. З гэтага дня мы адчулі ў нашых сэрцах больш палымяную любоў да Беззаганнага Сэрца Марыі. Жасінта не раз гаварыла:

— Гэта Пані сказала, што Яе Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога.

— Ты вельмі любіш Яе?

— Я вельмі люблю Яе Сэрца. Яно такое добрае! — узгадвае сястра Люцыя.

Жасінта атрымала некалькі дадатковых візій, якія прадказвалі будучыню. «Аднойчы, — узгадвае Люцыя, — у часе адпачынку, калі мы былі каля студні маіх бацькоў, Жасінта села на камень каля студні, а Францішак пайшоў са мною ў бліжэйшы зараснік шукаць дзікі мёд. Праз некаторы час Жасінта ўсклікнула:

— Ты бачыла Святога Айца?

— Не.

Я не ведаю, як гэта адбылося, але я бачыла Святога Айца ў вялікім доме на каленях перад сталом. Ён закрыў твар далонямі і плакаў. На вуліцы перад домам было многа людзей. Адны кідалі ў яго камянямі, другія асыпалі яго праклёнамі і брыдкай лаянкай. Бедны Святы Айцец, нам трэба шчыра маліцца за яго.

Іншым разам мы пайшлі ў грот Кабеса. Мы прыйшлі, укленчылі і нахіліліся да самай зямлі, паўтараючы словы анёла. Крыху пазней Жасінта ўстала і сказала мне: „Ці не бачыш, колькі дарог, сцежак і палёў напоўнена людзьмі, якія плачуць ад голаду, таму што ім няма чаго есці? І Святога Айца ў касцёле ў малітве перад Беззаганным Сэрцам Марыі, і многіх людзей, якія моляцца з ім?“»

 
ТРЭЦЯЯ ТАЯМНІЦА
Маё Беззаганнае Сэрца пераможа

«Пішу ў духу паслухмянасці Табе, мой Божа, Які наказваеш мне гэта праз Яго Эксцэленцыю біскупа Лейрыі і Тваю і маю Найсвяцейшую Маці. Пасля дзвюх частак, пра якія я ўжо расказала, мы ўбачылі ўверсе злева ад Нашай Пані анёла з вогненным мячом у левай руцэ, ад ззяння якога вырываліся языкі полымя, здавалася, што яны падпаляць зямлю, але яны згасалі ў сутыкненні з бляскам, які сыходзіў у яго кірунку з правай рукі Нашай Пані. Анёл, паказваючы правай рукой на зямлю, прамовіў гучным голасам: „Пакаянне, пакаянне, пакаянне!“ І ўбачылі мы ў бязмежным святле, якім ёсць Бог, „штосьці падобнае да таго, калі бачыш людзей у люстэрку, калі яны праходзяць перад ім“, — біскупа, апранутага ў белае адзенне, „у нас было адчуванне, што гэта Святы Айцец“, шмат іншых біскупаў, святароў, манахаў і манашак, якія ўзыходзілі на стромкую гару, дзе стаяў вялікі Крыж, збіты з неачэсаных бэлек, быццам з коркавага дрэва, пакрытага карою. Перш чым Святы Айцец дайшоў туды, ён прайшоў упэўненым крокам праз вялікі напаўзруйнаваны і напаўдрыжачы горад, змучаны болем і цярпеннем, ён ішоў і маліўся за душы мёртвых людзей, целы якіх сустракаў на сваім шляху. Прыйшоўшы на вяршыню гары, ён укленчыў каля вялікага Крыжа, а потым быў забіты групаю жаўнераў, якія некалькі разоў трапілі ў яго з агнястрэльнай зброі і стрэламі з лука, такім жа чынам былі забітыя адзін за адным біскупы, святары, манахі і манашкі, а таксама шмат свецкіх мужчын і жанчын рознага паходжання і становішча. Па абодва бакі ад Крыжа стаялі два анёлы, кожны трымаў у руках крышталёвую лейку, у якую збіраў кроў Мучанікаў і ёю акрапляў душы, што набліжаліся да Бога».

(Урывак з ліста сястры Люцыі ад 3 студзеня 1944 г., у якім яна апісвае трэцюю частку таямніцы, аб’яўленую 13 ліпеня 1917 г. у Кова да Ірыі, Фаціма.)

Матэрыялы падрыхтаваны паводле кнігі:
Wiesław Sapalski. Ratunek dla świata. Fatima.

Пераклад з польскай мовы Іны Ламакі.