З 21 кастрычніка мінулага года ў мінскай архікатэдры адбываецца перэгрынацыя фігуркі Маці Божай Фацімскай па сем’ях парафіянаў. Мэта перэгрынацыі — падрыхтаваць парафію да святых місій, якія пройдуць у архікатэдры з 14 па 27 кастрычніка пад кіраўніцтвам айцоў кармэлітаў. Гэта будуць першыя святыя місіі ў Мінску з пачатку адраджэння Касцёла на Беларусі, якія павінны ажывіць веру і аднавіць духоўнае аблічча парафіі. У гэтай інтэнцыі ўжо моляцца шматлікія вернікі — малітва аб місійных ласках надрукавана на спецыяльных абразках з выявамі архікатэдры і святых, якія змешчаны ў яе алтары. Малітва заканчваецца словамі: «Маці Божай ласкі, будзь Маці парафіі ў часе святых місій і разам з нашымі святымі апекунамі падтрымлівай нас сваім заступніцтвам. Амэн».

Па словах пробашча мінскай архікатэдры ксяндза-дзекана Антонія Клімантовіча, падрыхтоўка парафіі да місій асаблівым чынам даручана Маці Божай Фацімскай у 90-гадовы юбілей Яе аб’яўленняў, тым больш, што Маці Божая Фацімская сама, так бы мовіць, «выказала» такую ініцыятыву — напярэдадні кс. Антоній атрымаў з Фацімы каштоўную пасылку — мінікаплічку з фігуркай Маці Божай. Адразу ж узнікла рашэнне аб перэгрынацыі гэтай фігуркі па сем’ях парафіянаў, і цяпер пасля кожнай вячэрняй святой Імшы чарговая сям’я выходзіць да галоўнага алтара, каб атрымаць фігурку. Усе вернікі моляцца за гэтую сям’ю «Вітай Марыя...», ксёндз благаслаўляе і акрапляе асвячонай вадой.

На сённяшні дзень Маці Божая Фацімская праз пасрэдніцтва сваёй фігуркі наведала больш за 170 сем’яў парафіянаў архікатэдры.

 
З гісторыі перэгрынацыі
фігуры Маці Божай Фацімскай

Традыцыя перэгрынацыі фігуркі Маці Божай Фацімскай пачалася з красавіка 1942 года. Спачатку — па гарадах Партугаліі, а з 13 мая 1947 года распачалося падарожжа па ўсіх кантынентах, каб навяртаць людзей да свайго Божага Сына. Маці Божая шчодра «раздавала» мноства духоўных і матэрыяльных ласкаў. Сучаснікі называлі гэта падарожжа трыумфальным шэсцем Маці Божай Фацімскай як Божай Місіянеркі. Было таксама сказана, што гэта адна з найбольш значных падзеяў эпохі. Многія біскупы зазначалі: «Гэта больш чым місія». Біскуп Матолезе з Таронта, напрыклад, сказаў: «Я двойчы адпраўляў місіі: першы раз з сотняй, а другі раз з паўтара сотнямі місіянераў на працягу 15 дзён; але Божая Маці адна за два дні дасягнула значна большага...» Святы Айцец Пій ХІІ назваў гэтыя падзеі «падарожжам цудаў па ўсім свеце».

 
Фігурка на Беларусі

Вядома, што на тэрыторыі былога Савецкага Саюза і, наогул, у савецкія краіны фігурка Маці Божай Фацімскай не магла трапіць. Аднак у маі 1977 года, з вялікай Божай ласкі, Фацімская Панна наведала Варшаву.

На Беларусь Маці Божая Фацімская ў сваёй фігурцы прыбыла ўпершыню ў 1991 годзе. Прывёз яе тагачасны біскуп Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч і падараваў магілёўскаму касцёлу святога Станіслава. Дарэчы, гэта была першая фігурка, прывезеная з Партугаліі ў Савецкі Саюз. З таго самага часу духоўнае жыццё ў краіне пачало набываць новую незгасальную моц. Ужо праз два гады дзве тысячы дзяцей наведвалі школу рэлігіі пры касцёле і ў нядзелю служылі чатыры святыя Імшы. Тады пробашчам касцёла святога Станіслава быў сённяшні біскуп Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Уладзіслаў Блін.

Дзесяць гадоў таму ў мінскай архікатэдры таксама з’явілася фігурка Маці Божай Фацімскай і адбылася яе перэгрынацыя па сем’ях. Свой багаты плён, яна несумненна, прынесла. Памятаю, як адна жанчына сказала, што яе няверуючы муж, які не мог уявіць, як можна мужчыну стаяць на каленях, упершыню ў жыцці ўкленчыў перад фігуркай Маці Божай Фацімскай. Праз некаторы час ён пайшоў на першую сваю споведзь. Такіх навяртанняў было шмат. Можна ўпэўнена сказаць, што ніводнае наведванне Маці Божай Фацімскай праз пасрэдніцтва яе фігуркі не застаецца без плёну.

Дзякуй Пану Богу, што вернікі мінскай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі маюць магчымасць зноў запрасіць да сябе ў сем’і Маці Божую Фацімскую ў Яе цудоўнай фігурцы. Безумоўна, Яна шчодра адорыць усіх патрэбнымі ласкамі. Што датычыць асабіста мяне, той час, што Маці Божая Фацімская была ў нашай сям’і, стаў часам сапраўднага супакою і гармоніі. Было нават такое адчуванне, што знаходзішся на гары Табор (апісаць гэта немагчыма).

 
Водгукі парафіянаў

Людміла Карона: «Здалося, што да нас у кватэру таямнічым чынам прыйшла жывая Маці Божая. Яна напоўніла сэрцы сапраўднай радасцю. Адкрыла для мяне як для маці некаторыя выхаваўчыя моманты ў адносінах з дачкой. Я таксама парадавалася за дачушку, якая вельмі шчыра малілася. Так не хацелася развітвацца з фігуркай!..»

Уладзімір Вайцяховіч: «Вельмі добрая магчымасць сумеснай малітвы з тымі, хто ніколі не маліўся Ружанец. Ажыўляецца вера. Чалавек, які мала думае пра Бога, гледзячы на фігурку Маці Божай, задумваецца аб вечных каштоўнасцях. Плён наведвання фігуркі Маці Божай Фацімскай заўсёды ёсць, а калі ён пакуль што нябачны, то гэта, вядома ж, часова...».

Леанарда Казлова: «На малітву каля фігуркі Маці Божай Фацімскай я запрасіла легіянераў Марыі з прэзідыума Маці Божай Міласэрнасці. Мы маліліся ў розных інтэнцыях, даручаючы Маці Божай самыя няпростыя справы, у тым ліку вяртанне вернікам касцёла святога Юзафа ў Мінску. Мы ўсе адчулі заклік Маці Божай больш маліцца за сваю краіну, за свой народ. У душы было адчуванне, што ўсе інтэнцыі, у якіх мы маліліся, выслуханы...».

Адчуваючы вялікую ласку, некаторыя парафіяне прыходзяць запісацца паўторна на перэгрынацыю фігуркі, але, на жаль, ёсць і тыя, хто абыякава ставіцца да гэтага, маўляў, я і так шмат малюся, альбо ў мяне ў хаце таксама ёсць фігурка Маці Божай. На гэта ксёндз-дзекан Антоній Клімантовіч гаворыць: «Час малітвы каля фігуркі Маці Божай Фацімскай — гэта благаславёны час, ён нясе вялікія ласкі. Перэгрынацыя фігуркі мае асаблівую місію: дапамагчы ў аб’яднанні нашых сем’яў у духу пакоры і любові, ажывіць веру, адкрыць сэрцы на Божую любоў. Трэба абавязкова выкарыстаць такую цудоўную магчымасць».

Галіна Калевіч