Благаслаўлёная Ты памі жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус! Ты прыйшла наведаць нас і пажадала застацца з намі, спадарожнічаць нам у пілігрымцы на шляхах гісторыі. Тваё імя і Твая выява — ва ўсіх нашых сэрцах і ў нашым розуме.

Ян Павел ІІ

О, Фацімская Пані, якая ў сваёй цудоўнай фігуры столькі разоў выпраўлялася ў свет з жаданнем скараціць мой шлях да Цябе. Дзякую Табе за тое, што Ты выходзіш мне насустрач, за тое, што робіш дзевяноста дзевяць крокаў, пакідаючы мне толькі адзін. Бо любоў Маці змушае Цябе спяшацца да кожнага з нас.

Калі Ты набліжаешся да мяне, Цябе атачае ўсё самае прыгожае. Цябе праслаўляюць расквечаныя лугі, Ты патанаеш у кветках, а каля Тваіх ног сядзяць белыя галубы — сімвал новага, лепшага свету, для з’яўлення якога патрэбна вялікая малітва — з Табою і праз Цябе.

Я гляджу на белых галубоў, якія спадарожнічалі Табе ў Тваёй вандроўцы па свеце як знак, дадзены Богам. Гэта знак супакою, які сыдзе на свет з Твайго Беззаганнага Сэрца. Ты абяцала яго нам, калі мы споўнім тое, аб чым Ты нас просіш.

Сёння я хачу зрабіць крок да Цябе, крок на шляху да супакою. Таму абяцаю Табе яшчэ больш пабожна маліцца на ружанцы, яшчэ больш пабожна ўдзельнічаць у набажэнствах першых суботаў месяца і будаваць сваё духоўнае жыццё, абапіраючыся на набажэнства да Твайго Беззаганнага Сэрца.

Вось я стаю перад Табою, Марыя! З даверам заклікаю Цябе! Спадзеючыся на Тваю клапатлівую апеку, з глыбіні сэрца я звяртаюся да Цябе словамі Папы Яна Паўла ІІ: «Марыя, Каралева супакою, дай нам Хрыста, сапраўдны супакой свету! У Тваім Сэрцы, Марыя, я складаю сваю надзею на супакой».

Пераклад з польскай мовы с. Ігнацыі MSF.