Заключны дакумент асамблеі Папскай акадэміі «Pro Vita»

16 сакавіка быў апублікаваны заключны дакумент ХІІІ генеральнай асамблеі Папскай акадэміі ў абарону жыцця, якая правяла ў канцы лютага міжнародны кангрэс на тэму «Хрысціянскае сумленне ў абарону права на жыццё».

Сярод разнастайных пытанняў, прапанаваных для абмеркавання Касцёлу і грамадству, асамблея адзначыла, што «спецыфічныя патрабаванні хрысціянскага сумлення выпрабоўваюцца ў сферы аховы здароўя, там, дзе належыць абараняць жыццё чалавека і дзе ўзнікае рызыка апынуцца ў сітуацыі садзейнічання злу пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў».

«Усё больш надзённай становіцца мабілізацыя тых, каго хвалююць праблемы абароны жыцця чалавека, — гаворыцца ў дакуменце, — мабілізацыя, якая павінна закрануць і палітычную сферу: гэта неад’емнае патрабаванне справядлівасці — захаванне прынцыпа роўнасці, згодна з якім належыць абараняць правы ўсіх, асабліва найбольш слабых і безабаронных».

 
Малітва аб вяртанні святыні

19 сакавіка 2007 г. ва ўрачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, да мінскага касцёла святога Юзафа прыходзілі вернікі, якія маліліся аб вяртанні святыні Касцёлу.

Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, увесь вечар да святыні падыходзілі людзі розных узростаў, якія трымалі ў руках запаленыя свечкі і праз заступніцтва святога Апекуна Касцёла ўзносілі свае малітвы да Бога. На сённяшні дзень касцёл святога Юзафа і кляштар бэрнардынцаў застаюцца адзінай ацалелай каталіцкай святыняй у сталіцы, якая не вернута католікам. Цяпер у касцёле XVII ст., зачыненым яшчэ царскімі ўладамі, размешчаны архіў, а кляштар да нядаўняга часу быў заняты вайсковай пракуратурай.

Цяпер па ініцыятыве вернікаў вядзецца збор подпісаў грамадзянаў пад зваротам да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю вярнуць касцёл святога Юзафа і кляштар бэрнардынцаў Каталіцкаму Касцёлу. Ужо сабрана некалькі тысяч подпісаў. Беларускіх католікаў падтрымалі таксама вернікі з Расіі.

 
Міжнародны форум моладзі, прысвечаны працы

«Сведчыць аб Хрысце ў працоўным асяроддзі» — пад такім дэвізам адбыўся ІХ Міжнародны форум моладзі, які распачаўся 28 сакавіка. У чатырохдзённай сустрэчы, якая праходзіла ў Рокка-дзі-Папа непадалёк ад Рыма, прынялі ўдзел каля 300 чалавек з 90 краінаў усіх кантынентаў.

 
Другая гадавіна смерці Яна Паўла ІІ

У панядзелак 2 красавіка 2007 г. на плошчы перад базылікай святога Пятра ў Ватыкане Святы Айцец Бэнэдыкт XVI цэлебраваў святую Імшу ў 2-ю гадавіну смерці Яна Паўла ІІ. У набажэнстве ўдзельнічалі каля 20 тысяч вернікаў.

У сваёй гаміліі Святы Айцец сказаў пра свайго папярэдніка: «Слуга Пана — вось кім ён быў. Пан Бог паклікаў яго да служэння і адкрыў перад ім шырокія далягляды. Ён быў надзейным настаўнікам веры, палымяным пастырам і мужным прарокам надзеі, адданым слугою Божае любові».

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што сусветнае значэнне асобы Яна Паўла ІІ «дасягнула найвышэйшага развіцця ў момант яго смерці, калі прыемны водар веры, надзеі і любові напоўніў плошчу Святога Пятра, напоўніў увесь Касцёл».

У гэты ж дзень быў завершаны першы этап беатыфікацыйнага працэсу Яна Паўла ІІ і прадстаўлена сведчанне французскай законніцы сястры Мары Сімон-П’ер з супольнасці Малых сясцёр каталіцкага мацярынства, цудоўным чынам аздароўленай ад хваробы Паркінсона праз заступніцтва Слугі Божага.

Другая гадавіна смерці Вялікага Папы адзначалася таксама ў Беларусі. У Мінску з гэтай нагоды адбылося спецыяльнае набажэнства ў касцёле святых Сымона і Алены, падчас якога святую Імшу ў інтэнцыі хутчэйшай кананізацыі Яна Паўла ІІ цэлебраваў Апостальскі Нунцый у нашай краіне арцыбіскуп Марцін Відавіч разам з Апостальскім Адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Антоніем Дзям’янкам, Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў на Беларусі кс. архімандрытам Сяргеем Гаекам МІС, святарамі з розных дыяцэзій. У набажэнстве прымалі ўдзел шматлікія вернікі з розных парафій, прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычных місій у нашай краіне.

Пасля Імшы адбыўся канцэрт, падчас якога гучалі прыгожыя спевы, якія любіў Ян Павел ІІ, у выкананні розных хораў, а ў 21 гадзіну 37 хвілін, дакладна ў той момант, калі два гады таму Вялікі Папа адышоў у вечнасць, усе прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі яго памяць, пасля чаго адбылася працэсія са свечкамі вакол касцёла. З 25 сакавіка па 10 красавіка ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча, што ў Чырвоным касцёле, экспанавалася выстава кніг, прысвечаная Слузе Божаму Яну Паўлу ІІ.

 
Бэнэдыкт XVI: «Стварэнне і эвалюцыя»

У сваёй кнізе «Стварэнне і эвалюцыя», якая з’явілася 11 красавіка 2007 г. у Германіі, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI даў высокую ацэнку навуковаму прагрэсу, але адзначыў, што эвалюцыя ставіць такія філасофскія пытанні, на якія навука сама па сабе адказаць не можа.

У гэтай сваёй публікацыі па праблеме эвалюцыі, першай з часу яго абрання Папам, Бэнэдыкт XVI сцвярджае, што тэорыя Дарвіна не можа быць цалкам абгрунтавана, і таму навука беспадстаўна звужае ўяўленні чалавецтва адносна яго паходжання. Папа піша, што «пытанне заключаецца не ў тым, што менавіта прыняць: крэацыянізм (тэорыю пра стварэнне свету і чалавека), які па сваёй сутнасці ненавуковы, ці, наадварот, адстойваць эвалюцыйную тэорыю, якая мае вялікую колькасць уласных недахопаў і не хоча заўважаць пытанняў, што выходзяць за межы магчымасцяў метадалагічнага прыродазнаўства. Навуковыя і філасофскія доказы, хутчэй, павінны працаваць разам, не выключаючы веры. Я лічу важным падкрэсліць наступнае: эвалюцыйная тэорыя прадугледжвае наяўнасць пытанняў, якія павінны адносіцца да філасофіі, таму што самі па сабе яны выходзяць з навуковай сферы».

У сваёй кнізе Бэнэдыкт XVI дзеліцца размовамі з вядомымі тэолагамі, з якімі ён быў знаёмы шмат гадоў, а таксама дае каментары да тэорыі Чарльза Дарвіна, зробленыя ў 1996 г. яго папярэднікам Янам Паўлам ІІ, які сказаў, што эвалюцыйная тэорыя з’яўляецца эфектыўнай пры ўмове, што яна бярэ пад увагу адзін аспект, а менавіта: стварэнне свету — гэта справа Божая. Ян Павел ІІ таксама лічыў, што тэорыя Дарвіна была «больш, чым гіпотэзай».

 
80-годдзе Бэнэдыкта XVI і 2-я гадавіна яго пантыфікату

У панядзелак 16 красавіка Бэнэдыкт XVI святкаваў свой 80-ы дзень нараджэння, а 19 красавіка адзначыў другую гадавіну свайго пантыфікату.

Напярэдадні дня нараджэння, 15 красавіка, Святы Айцец цэлебраваў урачыстую святую Імшу на плошчы Святога Пятра. У Імшы брала ўдзел вялікая колькасць вернікаў, сярод якіх было асабліва шмат суайчыннікаў Святога Айца з Баварыі (для іх былі арганізаваныя спецыяльныя рэйсы).

Увечары сімфанічны аркестр Штутгарцкага радыё выканаў у зале Паўла VI канцэрт у гонар Бэнэдыкта XVI. У канцэрце прагучалі ўлюбёныя творы Святога Айца і сярод іх канцэрт для скрыпкі з аркестрам соль-мажор Вольфганга Амадэя Моцарта.

У дзень нараджэння Бэнэдыкта XVI у кнігарнях Італіі, Германіі і Польшчы з’явілася яго новая кніга «Езус з Назарэта. Ад хросту ў Ярдане да Перамянення». Мяркуецца, што яна будзе перакладзена як мінімум на 30 моваў. Яе напісанне кардынал Ёзаф Ратцынгер распачаў улетку 2003 года. Падрыхтаваная да друку кніга напісана як частка больш вялікай працы, прысвечанай зямному жыццю Збаўцы. Ва ўступе Папа падкрэслівае, што кніга не з’яўляецца выразам яго апостальскага вучэння, а, хутчэй, вынікам асабістых пошукаў і роздумаў, таму чытач можа не згаджацца з некаторымі яго меркаваннямі.

Дзень нараджэння Папы ў Ватыкане быў абвешчаны выходным днём. Разам з тым само святкаванне прайшло дастаткова сціпла. Раніцай 16 красавіка Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю Эдмунду Штойберу і Петэру-Гары Карстэнсену — прэм’ер-міністрам дзвюх федэральных земляў Германіі: Баварыі і Шлезвіг-Гальштэйна. Потым Святы Айцец прыняў арцыбіскупа Мюнхенскага і Фрайзінгскага кардынала Фрыдрыха Вэттэра, якога суправаджалі члены капітулы архідыяцэзіі, калісьці ўзначальванай цяперашнім Папам. У дзень нараджэння Бэнэдыкт XVI таксама сустрэўся з прадстаўніком Канстанцінопальскага патрыярхату Пергамскім Мітрапалітам Іаанам Зізіуласам, старшынёю Міжнароднай змяшанай камісіі па багаслоўскім праваслаўна-каталіцкім дыялогу. У дзень нараджэння Святога Айца ў яго гонар быў дадзены святочны абед, на якім прысутнічалі некалькі дзесяткаў кардыналаў.

19 красавіка адзначалася другая гадавіна выбару Папы Бэнэдыкта XVI на Пасад святога Пятра. Традыцыйна гэты дзень з’яўляецца дзяржаўным святам Ватыкана.