Да 350-годдзя мучанiцкай смерцi

Жыццёвы шлях

Калi 31 лiпеня 1611 г. дваццацiгадовы Андрэй Баболя, вучань езуiцкай школы ў Вiльнi, выказаў жаданне належаць да лiтоўскай правiнцыi Таварыства Езуса, ён, напэўна, не думаў аб тым, што рыхтуе яму будучыня. Ён хацеў быць верным Божаму паклiканню, таму, пачуўшы голас Хрыста «Iдзi за Мною!», не марудзiў, але звярнуўся з просьбаю прыняць яго ў закон у той самы дзень, калi скончыў сярэднюю школу. Падабаўся яму размах апостальскай працы i iнтэлектуальны ўзровень вiленскiх езуiтаў, таму вырашыў ажыццявiць сваё паклiканне да святарства ў супольнасцi, якую пазнаў падчас вучобы. Тагачасны лiтоўскi правiнцыял Павел Бокша загадаў прыняць кандыдата. Як вучань, Андрэй, напэўна, меў у сваiм асяроддзi выключную характарыстыку. Усе тыя падзеі, якія павінны былі прывесці яго да янаўскай трагедыі, а дакладней, да янаўскай перамогі, пачаліся вельмі звычайна. Пераступаючы парог навiцыяту, якi тады знаходзiўся ў мурах Вiленскай акадэмii, ён запiсаў у спецыяльны сшытак прызнанне: «Я, Андрэй Баболя, з Малапольшчы, дапушчаны ў апошнi дзень лiпеня 1611 г. да першых выпрабаванняў, гатовы з Божаю дапамогаю выканаць усё, што мне прапанавана».

10 жнiўня ён атрымаў габiт законнiка i распачаў навiцыят. Пэўную манатоннасць навiцыяцкiх заняткаў перапынiў час выпрабаванняў. Андрэй прайшоў iх тры: месяц аказваў паслугу хворым у шпiталi, вёў катэхiзацыю на гарадской плошчы для выпадковых слухачоў, а таксама пiлiгрымаваў, просячы мiласцiну, у ваколiцах Вiльнi. Асаблiва прыкрым было гэтае апошняе, але католiкi, як i евангелiсты цi праваслаўныя, не перабiралi ў сродках барацьбы з апанентамi. Непрыязнасць, а часам нават варожасць iншаверцаў да Таварыства Езуса спалучаліся са знявагаю. Заканчэннем навiцыяту былi законныя шлюбы: вечнай убогасцi, чыстасцi i паслухмянасцi. Андрэй склаў iх 31 лiпеня 1613 г. падчас св. Iмшы, якую цэлебраваў яго рэктар i настаўнiк навiцыяту Лаўрэнцiй Барцiлiус. Яшчэ ў той самы дзень А.Баболя перайшоў у студэнцкi калегiум на факультэт фiласофii.

У 1616 г. здаў выпускны экзамен па фiласофii. Паводле звычаю Таварыства, маладых магiстраў высылалi на выхаваўчую i дыдактычную практыку ў якi-небудзь калегiум. Андрэя скiравалi да калыскi польскiх езуiтаў — у Бранева. Напэўна, ён быў задаволены гэтым месцам працы, бо ў заўсёды перапоўненым «Hosianum» панаваў добры дух. Аб духоўнай дынамiцы гэтага асяродка сведчыць наступны факт. У той год, калi Баболя адыходзiў з Бранева, трынаццаць вучняў школы звярнулiся з просьбай прыняць iх у Таварыства, а пяць пайшлi ў iншыя законы.

Другiм месцам, дзе Андрэй правяраў свае сiлы як педагог, быў Пултуск. Навучальная ўстанова, у якой налiчвалася тады больш за 800 студэнтаў, была любiмай школай сыноў магнатаў.

Пасля двухгадовай педагагiчнай практыкi ён распачаў вучобу на тэалагiчным факультэце Вiленскай акадэмii. Рэктарам калегiума тады працаваў лiтовец Ян Грузэўскi, якi, як яго папярэднiк кс. Барцiлiус, настаўнiк навiцыяту, побач са звычайнымi заняткамi, звязанымi з яго пасадай, з ахвотаю наведваў вязняў, хворых у шпiталях, а таксама катэхiзаваў дзяцей. Гэты прыклад не мог не паўплываць на Андрэя.

Святарскiя пасвячэннi, мэту i прадмет мараў кожнага клерыка, ён атрымаў 12 сакавiка 1622 года, у дзень кананiзацыi першых езуiтаў: Iгнацыя Лаёлы i Францiшка Ксавэрыя. Удзялiў iх яму бiскуп Яўстафiй Валовiч.

За год да святарскiх пасвячэнняў Андрэй атрымаў дазвол генерала закона Mуцiуса Вiтэлесхi перайсцi з лiтоўскай правiнцыi ў польскую, аднак Баболя пажадаў застацца ў той правiнцыi, у якую ўступiў. Вiдавочна, думаў, што тут зможа больш плённа працаваць для Божай хвалы.

У 1622 г., адразу пасля заканчэння тэалагiчнага факультэта, быў скiраваны на год трэцяй прабацыi ў Нясвiж, дзе паглыбляў сваё знаёмства з канстытуцыяй Таварыства i асабiсты кантакт з Богам праз «Духоўныя практыкаваннi» св. Iгнацыя. Там, пасля прабацыi, ён правёў першы год сваёй апостальскай працы. Стаў рэктарам касцёла. Праявiў сябе як дасканалы адмiнiстратар, а таксама старанны душпастыр: быў выдатным спаведнiкам i прапаведнiкам. Акрамя заняткаў на месцы, быў «народным» мiсiянерам ваколiцаў: у суседнiх вёсках удзяляў святы хрост, сакрамэнтальным вузлом злучыў 49 параў, якiя жылi без шлюбу, многiх прывёў да споведзi i направы жыцця. У Нясвiжы выконваў таксама абавязак прэфекта бурсы для моладзi з бедных сем’яў.

Напэўна, А.Баболя ўжо быў вядомы як прапаведнiк Божага Слова, бо аб iм клапацiлiся менавiта як аб выдатным прапаведнiку, езуiты з Варшавы. Аднак правiнцыял паслаў Баболю ў Вiльню на працу ў касцёл св. Казiмiра. Тут яму даверылi Марыянскую Садалiцыю мяшчанаў, амбону, канфесiянал, касцёльную адмiнiстрацыю, а таксама лекцыi з Святога Пiсання i дагматыкi. Калi ў чэрвенi 1625 г. Вiльню апанавала невядомая эпiдэмiя, ён, не зважаючы на небяспеку заразiцца, паспяшыў разам з iншымi аказваць паслугу хворым. Вынiкам самаранскай дапамогi тады стала смерць 6 езуiтаў. Аднак сабраны быў немалы духоўны плён: выслухана на споведзi 8000 чалавек, дзякуючы прыкладу гераiчнага пасвячэння навярнулася 26 iншаверцаў...

У 1627 г. узнiкла пытанне аб дапушчэнні Андрэя да складання чатырох шлюбаў. Напiсаныя характарыстыкi адзiнадушна падкрэслiвалi кемлiвасць кандыдата, добрую адукацыю, глыбiню думак, прапаведнiцкiя здольнасцi, а таксама вялiкi ўплыў на людзей. Праўда, яго папракалi за ўпартасць, а таксама за выбуховы характар. Канчаткова Баболя быў дапушчаны скласці чатыры шлюбы 2 чэрвеня 1630 г. у касцёле св. Казiмiра ў Вiльнi.

Пасля складання шлюбаў ён адчуў на сабе адну з асаблівасцяў езуiцкага харызмату: перавод з аднаго месца працы на другое. Спачатку яго паслалi ў Бабруйск, невялiчкае мястэчка, забудаванае драўлянымi домiкамi . Католiкi, рассеяныя сярод iншаверцаў, былi цалкам пазбаўленыя душпастырскай апекi. Рэлiгiйнае невуцтва, вымiранне сакрамэнтальнага жыцця прывяло да знiжэння ўзроўню маральнасцi. У 1630 г. езуiты заснавалi ў Бабруйску сваю пляцоўку, і першым яе пробашчам стаў А.Баболя. Тут ён правёў тры гады. Справа, якую выконваў, была пiянерскай як у сэнсе матэрыяльным, так i ў духоўным. Побач з клопатам аб эканамiчным забеспячэннi, неабходным для існавання, Андрэй прамаўляў казаннi i спавядаў. Дапамагаць яму прыбылі чатыры святары i законны брат. Святары аддавалi свае сiлы i час перадусiм для мiсiянерскай дзейнасцi ў суседнiх вёсках. Брат Кшыштаф Гэнэль, скульптар, быў заняты будаўнiцтвам касцёла. Пiшучы ў гэты час характарыстыку А. Баболi ў Рым, правiнцыял Мiкалай Ленчыцкi падкрэслiваў яго разважлiвасць, добрую адукацыю, здольнасць лёгка знаходзіць кантакт з людзьмi, а таксама станоўчы ўплыў святара на атачэнне.

У 1633 г. Андрэй Баболя быў пераведзены ў Плоцк, дзе ён кiраваў Марыянскай Садалiцыяй вучняў езуiцкай школы (больш дакладных дадзеных з гэтага перыяду няма). З Плоцка Баболю перавялi ў Варшаву. Паклапацiўся аб iм мясцовы пробашч.У Варшаве полем дзейнасцi Андрэя павiнна была стаць перш за ўсё амбона, аднак ён нядоўга тут затрымаўся; праз год вярнуўся ў Плоцк, прыняўшы на гэты раз абавязкi прэфекта калегiума, а таксама абвяшчэнне Божага слова. Школа, якой кiраваў, была невялiкай — толькi чатыры настаўнiкі. Падчас побыту Баболi ў Плоцку значна ажывiўся культ св. Станiслава Косткi, чаму, несумненна, паспрыяў Андрэй сваiмi казаннямi.

З часу выезду з Плоцка да 1642 г. А.Баболя працаваў у Ломжы, дзе — як і ў Плоцку — яму была даверана разам з амбонаю школа.

У лiпенi 1642 г. ён вярнуўся ў Вiльню, каб, як раней, кiраваць Садалiцыяй Марыянскай i весцi ў касцёле заняткi па тлумачэнні Святога Пiсання. У канцы 1642г. (на пачатку 1643г.) Андрэя перавялi ў Пiнск. У гэты час узраслi намаганнi мясцовых езуiтаў у прапаведнiцтве. Многiя з праваслаўных вернiкаў прыходзiлi ў езуiцкi касцёл, каб паслухаць казаннi або выкладанне катэхiзiса. Плённая дзейнасць святароў вяла да шматлiкiх навяртанняў. Не безвынiковым быў клопат аб развiццi марыйнага культу, якi пашыралi члены Садалiцыі пад кіраўніцтвам А.Баболі.

У 1646 г. Андрэй апынуўся зноў у Вiльнi. На гэты раз прычынаю стала яго здароўе, якое да гэтага часу здавалася непахiсным. Клiмат Вiльнi быў куды лепшым, чым на Палессi. У касцёле св. Казiмiра Баболя вярнуўся да абавязкаў, якiя выконваў перад гэтым, i працаваў тут шэсць гадоў.

Летам 1652 г., маючы лепшы стан здароўя, ён зноў вярнуўся ў Пiнск, дзе практычна пражыў да канца жыцця. На працягу гэтага апошняга перыяду сваёй зямной дзейнасцi працаваў перадусiм як мiсiянер на Палессi. Заданне, якое паставiў перад iм Божы Провiд праз вусны настаяцеляў, было не зусiм лёгкiм. Апостальства ўскладнялi як знешнiя ўмовы, так i духоўная атмасфера. Адсутнасць дарог i адсюль цяжкi доступ да людзей, iзаляваных ад свету, прычынiліся да таго, што рэлiгiйна-маральны стан палешукоў быў вартым жалю. Яны верылі розным забабонам. Праўда, у нядзелю натоўпам ездзiлi ў горад, але ў касцёле або ў царкве з’яўлялiся толькi на благаславенне ў канцы святой Iмшы, а ўвесь астатнi час праводзiлi ў карчме.

Спачатку ў вёсках Пiншчыны езуiцкiх мiсiянераў прымалi вельмi неахвотна. Аднак пасля, калi растаў лёд недаверу, шмат сялянаў збiралася на казаннi ў вясковых хатах. Душпастырская праца неаднаразова была для Баболi нагодаю для таго, каб прымаць удзел у дыскусіях з праваслаўным духавенствам. Знаёмства з працамi Айцоў Усходняга Касцёла дапамагала з кожнай дыскусіі выходзiць пераможцам. Самым вялiкiм яго дасягненнем стала навяртанне жыхароў дзвюх вёсак — Баландычы i Удрожын.

Аднак разам з апостальскiмi дасягненнямi ўзрастала непрыязнасць да Андрэя. Калi, нягледзячы на слабое здароўе, ён хадзiў з вёскi ў вёску, яго часта закiдвалi не толькi знявагамi, але таксама кідалі наўздагон гразёю i каменнем. Завяршэннем гэтай варожасцi сталі трагічныя падзеі ў Янаве. (...)

Там 16 мая 1657 года Андрэй Баболя быў закатаваны казакамі...

 
Гiсторыя культу

Пастаянныя войны, якiя вяла Рэч Паспалітая ў XVII стагоддзi, спустошылi краiну i паралiзавалi грамадскае жыццё. Гэтая сiтуацыя не спрыяла развiццю культа мучанiка, якi за еднасць Касцёла аддаў сваё жыццё. Памяць пра Баболю знiкла пасля смерцi тых, хто ведаў яго асабiста. Зерне, кiнутае ў глебу, у належны яму час прарастае i развiваецца ў цудоўны колас. Падобным чынам вырас культ Баболi. Мiнула 45 гадоў пасля смерцi Андрэя. Краіна ў гэты раз зноў перажывала трагедыю Паўночнай вайны. Небяспека пагражала таксама i Пiнску. Калi ў нядзелю, 16 красавiка 1702 г., заклапочаны рэктар тутэйшага калегiума Марцiн Гадэбскi прасiў неба аб паратунку, яму прыснiўся невядомы езуiт, якi пераканаў яго, што ён, Андрэй Баболя, будзе апекавацца кляштарам з умоваю, што яго цела будзе ўшанавана. Адшуканне астанкаў Баболi не было лёгкiм. У падзямеллi касцёла спачывала шмат езуiтаў, а ўсялякiя запiсы загiнулi ў бурлiвай гiсторыi калегiума. На месцы не ўдалося нават устанавiць даты смерцi, што аблегчыла б пошукi. У ноч з 18 на 19 красавiка (на гэты раз свецкаму закрыстыянiну) другi раз паказаўся Баболя i дакладна апiсаў месца, дзе быў пахаваны. Праз тры гадзiны працы з зямлi выкапалi труну з лацiнскiм надпiсам: «Айцец Андрэй Баболя. Таварыства Езуса. Забiты казакамi». Было вялiкае здзiўленне, калi ў труне ўбачылi астанкi, якiя захавалiся нятленнымi, з усiмi слядамi катаванняў. Рэлiквii прыбралi ў новыя шаты i пераклалi ў другую труну. Навiна аб адшуканнi цела, якое захавалася ў вiльготным склепе сярод тлеючых трупаў, маланкаю абляцела ўсё Палессе. Жыхары Пiнска, Янава i ваколiцаў пачалi ўспамiнаць аповеды старэйшых. Нечакана адрадзiлася вуснае паданне аб гераiзме Андрэя. Шмат людзей з ваколiцаў прыходзiла да акенца крыпты, у якой спачываў Баболя, каб пакланiцца мучанiку.

Андрэй Баболя атулiў апекаю не толькi езуiцкi калегiум. Калi ў 1709–1710 гг. страшная эпiдэмiя паглынула тысячы ахвяраў (у 1710 г. лiтоўская правiнцыя пахавала 118 езуiтаў, сярод якiх 94 паплацiлiся жыццём за самаранскую паслугу), толькi Пiншчыну эпiдэмiя абмінула. Таксама памнажалiся ласкi, якiя былi ўпрошаны праз пасрэднiцтва А. Баболі.

Генерал Таварыства Езуса Мiхал Тамбурынi, якому паведамiлi аб пашане, якою акружаюць Баболю вернiкi, i аб тым, што яна ўсё больш распаўсюджваецца, загадаў працуючаму ў Рыме польскаму езуiту Яну Давiдовiчу заняцца справаю беатыфiкацыi. (...)

Нягледзячы на тое, што культ пашыраўся, вынясенне Баболi на алтар праходзiла з цяжкасцю. Клопат бiскупаў, а таксама намаганнi езуiтаў паспрыялi таму, што 9 лютага 1755 г. Бэнэдыкт XIV упiсаў Баболю ў спiс мучанiкаў за веру.

У 1764 г. на канвакацыйным сейме ў Варшаве зноў паўстала справа аб беатыфікацыі. У канстытуцыi, якой прысягаў кароль Станiслаў Аўгуст Панятоўскi ў дзень сваёй каранацыi, было змешчана таксама абавязацельства: «Мы будзем iмкнуцца ўнесцi просьбу да Апостальскай Сталiцы аб беатыфiкацыi Андрэя Баболi SІ». Аднак закон быў скасаваны i справа беатыфiкацыi стаяла практычна на месцы.

Нягледзячы на гэта, культ А.Баболі пашыраўся. Набажэнства да Андрэя Баболi давала сiлы i езуiцкiм мiсiянерам, калi яны патаемна, пераапранаючыся ў купцоў альбо вандроўных рамеснiкаў, працавалi сярод палескiх унiятаў, рызыкуючы быць сасланымi ў Сiбiр цi закатаванымi ў расiйскiх турмах. Не зважаючы на тое, што царскi ўрад рабiў усё, каб перашкодзiць справе беатыфiкацыi, 30 кастрычнiка 1853 г. Папа Пiй IХ абвясцiў Андрэя Баболю благаславёным. Была наладжана вялiкая ўрачыстасць. Усю базылiку св. Пятра выклалi чырвонай адамашкай i асвяцiлi мноствам агнёў. У месцы, дзе паводле звычаю знаходзiўся папскi герб i герб кiраўнiка дзяржавы, з якой паходзiў благаславёны, Святы Айцец параiў павесiць два папскiя гербы, каб такiм чынам сiмвалiчна падкрэслiць, што прыгнечанаму народу ён замяняе караля. У беатыфiкацыйным брэве Святы Айцец напiсаў: «Жадаючы, каб у такi цяжкi час i сярод такой вялiкай колькасці непрыяцеляў вернiкi Хрыста атрымалi новы прыклад, якi павялiчыў бы iх адвагу ў барацьбе, мы дазваляем Слугу Божага Андрэя Баболю, святара-законнiка Таварыства Езуса, якi за каталiцкую веру i за збаўленне душаў прыняў мучанiцтва, з гэтага дня называць благаславёным».

Па-свойму ўшанаваў гэтую беатыфiкацыю раззлаваны цар, асуджаючы на смерць шэсць палякаў, якiя служылi ў рускай армii. Не зважаючы на рэпрэсii, культ благаславёнага пашыраўся таксама i ў Расiйскай iмперыi. У 1908 г. удалося нават надрукаваць у Пецярбурзе бiяграфiю Андрэя Баболi, напiсаную кс. Янам Урбанам SІ.

Пасля атрымання незалежнасцi польскi епiскапат распачаў працэс кананiзацыi благаславёнага Андрэя. Намаганнi былi паспяхова завершаны Пiем ХI у свята Змёртвыхпаўстання.

Апошнiм актам Апостальскай Сталiцы, якi датычыў Андрэя Баболi, з’яўляецца энцыклiка Пiя ХII у сувязi з 300-годдзем з дня смерцi святога, скiраваная да бiскупаў усяго Касцёла. «Мы горача жадаем, – пiша аўтар энцыклiкi, – каб перш за ўсё сыны той зямлi, для якiх непераможны Хрыстовы герой Андрэй Баболя з’яўляецца гонарам i прыгожым прыкладам хрысцiянскай мужнасцi, паразважалi над яго мучанiцтвам i яго смерцю... Сярод iншых хвалебных рысаў больш за ўсё ўражвае цнота веры, моц якой... дадала яму адвагi мужна прыняць мучанiцтва».

Паводле кнігі Феліцыяна Палюшкевіча SІ
«Да праліцця крыві»