19 мая Касцёл на Беларусі папоўніўся яшчэ адным святаром. У гэты дзень прыняў святарскае пасвячэнне дыякан Дзяніс Шастаковіч з ордэна місіянераў Святой Сям’і. 2 чэрвеня, у першую суботу месяца, айцец Дзяніс адправіў прыміцыйную св. Імшу ў роднай парафіі св. Дамініка, што ў вёсцы Акцябр (ранейшая назва Хатавічы) Лагойскага раёна Мінскай вобласці.

За некалькі гадзін да Эўхарыстыі святары, дыяканы, клерыкі з ордэна місіянераў Святой Сям’і, а таксама аднавяскоўцы і сябры сабраліся каля бацькоўскага дому а. Дзяніса, каб ва ўрачыстай працэсіі суправаджаць яго да касцёла. Пасля бацькоўскага благаславення працэсія рушыла да святыні. Новапрэзбітэр ішоў з крыжам у руцэ ў сярэдзіне вялікага вянку з жывых кветак, які неслі дзяўчынкі ў белых сукенках. Такой падзеі за ўсю сваю гісторыю вёска Хатавічы яшчэ не перажывала. Пажылыя вяскоўцы гаварылі, што гэта першае святарскае пакліканне на іх памяці, таму многія не маглі стрымаць слёз.

Касцёл св. Дамініка ў гэты дзень з цяжкасцю змяшчаў прысутных. Людзі з’ехаліся з усяго наваколля, каб падзякаваць Пану Богу за тое, што паклікаў на сваё жніво іх земляка, якога многія памятаюць малым міністрантам. У сваім прывітальным слове пробашч парафіі а. Рычард Пежхала MSF, звярнуўшыся да вернікаў, у прыватнасці сказаў: «Сёння вы бачыце плён сваіх малітваў, якія складалі спачатку за клерыка Дзяніса, потым за дыякана Дзяніса і вось ужо за святара Дзяніса. Няхай Добры Бог шчодра ўсіх узнагародзіць». Падчас казання, якое прамовіў дэкан аднаго з мінскіх дэканатаў, пробашч касцёла святых Сымона і Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, таксама гучала падзяка парафіянам за іх ахвярнасць і адданасць веры. Менавіта сіламі вернікаў і па іх ініцыятыве католікі Хатавічаў маюць свой касцёл. На пачатку 90-х гадоў людзі збіралі сродкі літаральна па капейцы. Потым купілі вялікі дом і перабудавалі яго ў святыню. І вось людская ахвярнасць шчодра ўзнагароджана Панам Богам святарскім пакліканнем з гэтага касцёла.

Пасля Імшы да алтара выстраілася вялікая чарга людзей, якія хацелі павіншаваць айца Дзяніса. Гучала шмат цёплых і шчырых пажаданняў, дзеці падаравалі новапрэзбітэру сваё выступленне з прыгожымі вершамі і спевам. На гэтую св. Імшу прыехала таксама дэлегацыя Легіёна Марыі з Мінска. І невыпадкова. Айцец Дзяніс з 1997 года быў актыўным легіянерам. Маладым хлопцам у шэрагах воінаў Марыі ён нёс Слова Божае хворым у шпіталях, моладзі ў інтэрнатах, парках і скверах. Ён быў адным з самых актыўных абаронцаў ненароджаных дзяцей. На свеце жыве не адно дзіцятка, да ўратавання якога прычыніўся легіянер брат Дзяніс. Легіянеры жадалі а. Дзянісу і надалей той апекі Маці Божай, якою ён заўсёды быў атулены. Са слязьмі на вачах дзякавалі Міласэрнаму Богу і Панне Марыі за ласку святарскага і манаскага паклікання для свайго брата ў Хрысце.

Сёння легіянеры Марыі разам са шматлікімі вернікамі, якія перажываюць за лёс касцёла св. Юзафа ў Мінску, дзякуюць Пану Богу за тое, што а. Дзяніс дэкрэтам біскупа Антонія Дзям’янкі прызначаны адміністратарам парафіі гэтага касцёла. Думаецца, што гэта вялікі знак з Неба, які ажыўляе надзею.

Галіна Калевіч