Апошняя наша размова з пробашчам парафіі св. Яна Хрысціцеля, што ў мінскім мікрараёне Серабранка, ксяндзом Ігарам Лашуком на старонках часопіса «Ave Maria» адбылася пяць гадоў таму з нагоды кансэкрацыі новапабудаванай парафіяльнай капліцы . Гаварылі тады пра поспехі і праблемы, пра планы і мары, звязаныя з будаўніцтвам касцёла і жыццём парафіі. За гэты час многае змянілася. Ксёндз Ігар з 2007 года з’яўляецца яшчэ і дэканам Серабранскага дэканата. Аб тым, як рухаюцца справы будаўніцтва, а таксама пра новыя планы, мары і задумы сённяшняя наша размова з ксяндзом Ігарам Лашуком.
 

— Ксёндз Ігар, на якой стадыі здзяйснення Ваша запаветная мара пра будаўніцтва касцёла ў Серабранцы?

— Дзякуючы Усемагутнаму Богу, у сакавіку 2007 года мы атрымалі з Мінгарвыканкама дазвол на будаўніцтва касцёла і парафіяльнага дома. За няпоўныя тры месяцы нам удалося зрабіць усю неабходную дакументацыю і адразу ж распачаць будову. Да зімы выкапалі катлаван — гэта была вельмі аб’ёмная праца, бо трэба было далёка вывозіць грунт. Забілі каля 400 сваяў, якія злучылі металічным каркасам і залілі бетонам. Гэта самая цяжкая, складаная і адказная праца, бо на фундаменце будзе трымацца будынак касцёла.

— Гэта Ваша адзіная будоўля?

— Не. Акрамя ўзвядзення касцёла ў Серабранцы, маем яшчэ дзве будовы —маладзёжна-парафіяльны цэнтр у бараўлянскай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў і парафіяльны цэнтр з капліцай у Раўбічах.

— Раскажыце падрабязней пра гэта.

— У Бараўлянах каля капліцы распачалі будаўніцтва парафіяльнага цэнтра, дзе будзе жыць святар, плануюцца залы для катэхізацыі і сустрэчаў з моладдзю. На сённяшні дзень збудаваны нулявы цыкл і падвальнае памяшканне. Вельмі важна, каб святар жыў там, дзе служыць. Пакуль жа туды прыязджае з Мінска мой сабрат па ордэне салезіянаў, ксёндз Казімір Шыдэлка.

Што тычыцца касцёла ў Раўбічах, вядома, што там цяпер знаходзіцца музей. Паколькі касцёл нам не аддаюць, мы вырашылі пабудаваць парафіяльны цэнтр з капліцай. Распачалі працу з таго, што прывялі ў парадак могілкі, якія знаходзяцца побач з касцёлам. Сваімі сродкамі, з дазволу сельсавета, зрабілі агароджу і паставілі вялікі крыж. Але неўзабаве пачалася цэлая вайна супраць крыжа. Пакуль уладкоўвалі крыж, дырэктар музея некалькі разоў выклікала міліцыю, абвінавачваючы нас у самаўпраўстве. Мы тлумачылі, што такім чынам хочам ушанаваць памяць тых людзей, якія былі пахаваны каля касцёла. Калісьці іх косці выкінулі з трунаў, і яны валяліся па разбураным касцёле. Потым іх нехта сабраў і часткова закапаў на могілках. А калі рабілі з касцёла музей, астатнія рэшткі вынеслі і кінулі ў яму. У памяць пра гэтых людзей мы таксама паставілі мемарыяльную пліту.

— Імёны гэтых людзей вядомыя?

— Не. Вядома толькі, што пад алтарнай часткай былі пахаваны святар і дзве свецкія асобы — дабрачынцы касцёла.

— Чым скончылася справа з усталяваннем крыжа?

— Калі асвячалі крыж, прыехаў участковы з амапаўцамі, але нас не чапалі. Пазней прыбыла камісія ад Міністэрства культуры, склалі акт незаконнай устаноўкі крыжа на могілках. Па сённяшні дзень ідзе цяжба. Але члены камісіі, якія падпісалі акт, хутка пачалі адмаўляцца ад сваіх подпісаў. Я ім казаў, што вельмі небяспечна выступаць супраць крыжа. Чакаем вынікаў і спадзяемся, што крыж не будзе знішчаны.

— На якой стадыі знаходзіцца будаўніцтва парафіяльнага цэнтра ў Раўбічах?

— Цалкам падрыхтавана пляцоўка, выкапаны катлаван, завезены матэрыялы пад будову дольнага памяшкання. Больш не паспелі. Наогул, тут вельмі складана што-небудзь рабіць. Столькі перашкодаў, што не ведаеш, як іх пераадолець. Бывае, што ўзнікае пачуццё безнадзейнасці і апускаюцца рукі. На жаль, шмат яшчэ праціўнікаў у справе ўзвядзення касцёлаў. Шмат і нядобрасумленных людзей, я маю на ўвазе звычайных рабочых. Менавіта з-за будаўнікоў на ўсіх трох будоўлях мы не зрабілі таго, што павінны былі зрабіць да зімы.

— Ведаю, што ў Праваслаўнай і Пратэстанцкай Цэрквах ёсць цікавы вопыт — будаўнічыя брыгады складаюцца з вернікаў. Можа, ёсць сэнс і нам пра гэта падумаць?

— Ідэя добрая і рэальная. Я калісьці спрабаваў арганізаваць такую фірму, аднак не хапіла на ўсё сілы і часу. Гэта клопатна, але магчыма. Тут патрэбна падтрымка Мітрапаліта і святароў, бо справа будаўніцтва надзвычай важная. Я таксама гатовы прыняць удзел у рэалізацыі гэтай ідэі.

— Не раз даводзілася чуць, што Вы маеце сапраўдны харызмат будаўніка, згодны з гэтым?

— Як кожны чалавек, я маю свае станоўчыя якасці, маю і свае недахопы. Ведаю толькі адно: калі сядзець на месцы склаўшы рукі, нічога не будзе. Стараюся знаходзіць добрых католікаў у розных дзяржаўных установах, і яны мне потым вельмі дапамагаюць. Большасць чыноўнікаў усё ж такі да святара адносіцца з павагай.

— Раскажыце крыху пра маладзёжны цэнтр у Серабранцы. Як даўно ён працуе?

— Наш цэнтр працуе ўжо сем гадоў. Кіруе ім ксёндз Аляксандр Яшэўскі, вікарый нашай парафіі. Дапамагаюць яму сёстры Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў (салезіянкі). Цэнтр даволі прасторны і ўтульны. Ёсць катэхетычныя і камп’ютэрныя класы, вялікая спартыўная зала, настольныя гульні. Сюды прыходзіць моладзь з усяго наваколля.

— Будаўніцтва жывога касцёла, напэўна, найважнейшая задача ў жыцці кожнага святара. Як Вы з ёю спраўляецеся?

— Будаўніцтва жывога касцёла гэта — пастаянная праца. Лічу, што на сённяшні дзень у нас склалася добрая жывая парафія. У большасці сваёй, людзі ахвярныя, якія дапамагаюць у нашых новабудоўлях. Памятаю, калі трэба было падрыхтаваць пляц пад будову касцёла ў Серабранцы, прыйшлі на дапамогу, як кажуць, і стары і малы. Сваімі сіламі на працягу дня спілавалі і высеклі ўсе дрэвы, вывезлі смецце. Актыўныя ў нас людзі і ў духоўных справах. У парафіі больш за 10 гадоў існуе Легіён Марыі, ёсць шэсць колаў Жывога Ружанца, развітыя рухі «Маці ў малітве», «Маці Божай Патронкі Добрай Смерці», а таксама супольнасць маладых сем’яў. Дзеці да 14-ці гадоў уваходзяць у супольнасць «Дзеці Марыі». Пасля 14-ці — пераходзяць у рух аніматараў. На аніматарах у нас трымаецца ўся маладзёжная дзейнасць. Яны дзяжураць у маладзёжным цэнтры, сочаць, каб не здарылася нічога благога, бо розныя дзеці прыходзяць. На святой Імшы яны — важныя памочнікі. Мы іх з маленства выхоўваем, праводзім рэкалекцыі, а таксама арганізацыйныя і фармацыйныя сустрэчы. Цяпер у нас каля 40 аніматараў. Шмат працы ва ўсіх гэтых кірунках праводзяць сёстры салезіянкі. Яны асноўныя арганізатары парафіяльнага жыцця, і я ім за гэта вельмі ўдзячны.

— У Вашай парафіі, напэўна, пакуль што адзінай у Мінску, а можа нават і ва ўсёй Беларусі, у першую суботу месяца адбываецца начная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта ў інтэнцыі перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі за грахі, якімі абражаюць Божую Маці. Напэўна, гэта вельмі важна?

— Безумоўна. Мы можам быць вельмі руплівымі і актыўнымі, але без малітвы мала што зробім. Я добра ведаю, што найлепш будзе жыць і развівацца тая парафія, дзе больш малітвы, больш ахвярнасці, дзе ёсць сапраўдная пашана да Пана Бога і да Божай Маці.

— Ёсць меркаванне, што наймацнейшай з’яўляецца начная малітва, бо самыя вялікія грахі адбываюцца ўначы. Таму ў гэты час вельмі важна перапрашаць Пана Бога...

— Сапраўды, чалавечая сутнасць найбольш праяўляецца ўначы. Навокал цёмна, і здаецца, што ніхто нічога не бачыць. Возьмем тую ж моладзь на дыскатэках — навошта яны выключаюць святло? Раней у часе баляў, наадварот, было шмат святла, бо былі прыгожыя танцы. Рок жа вызваляе ў чалавеку сексуальную энергію, і чалавек імкнецца паказаць сваё цела. Дэманстрацыя цела — гэта прыкмета таго, што нешта не так у душы. Бог прыкрыў нашае цела і даў чалавеку пачуццё сарамлівасці. Калі нішчыцца сарамлівасць, нішчыцца і душа. На вялікі жаль, сёння бессаромнасць трыумфуе ў свеце, таму нашая малітва павінна павялічвацца...

— Ксёндз Ігар, калі ласка, яшчэ колькі словаў пра Вашу працу як дэкана: колькі парафій налічвае Серабранскі дэканат і якія перспектывы яго развіцця?

— У нашым дэканаце 16 парафій, з іх зарэгістраваных пакуль што 8, і ва ўсіх ёсць святары. У бліжэйшы час плануем зарэгістраваць парафіі ў мікрараёнах Шабаны і Сокал. У планах на перспектыву — рэгістрацыя парафій у Мінскім раёне: у Міханавічах, Мачулішчах, пасёлку Прывольны, у Замасточчы, Сенніцы, Соснах. Добра цяпер у нас пайшла праца ў Гатаве, дзе служыць пробашчам ксёндз Артур Папроцкі CSMA. Парафія Божага Цела, што па вуліцы Ангарскай, таксама знайшла ўжо прытулак. Бог прыняў шчырыя просьбы і ахвяры парафіянаў, якія запрашалі святара ў свае дамы для цэлебрацыі святой Імшы. Дарэчы, айцец Юрый Находка OCD, які выконвае абавязкі пробашча гэтай парафіі, кожную нядзелю прыязджае яшчэ і ў вёску Сініло. Ксёндз Генадзь Кухарэвіч CSMA, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай, што ў мікрараёне Лошыца, займаецца арганізацыяй парафіі ў пасёлку Каралішчавічы. Тут з 1786 і па 1930-я гады дзейнічаў касцёл, потым яго разбурылі, а на тым месцы і з той жа цэглы пабудавалі клуб. Плануем там праводзіць святыя Імшы. Праца ідзе, можа, не так хутка, як хацелася б, бо шмат часу забірае будаўніцтва, але маем надзею, што з Божай дапамогай пераадолеем усе цяжкасці.

— Дзякую, ксёндз Ігар, за размову і ад імя ўсёй рэдакцыі жадаю поспехаў у Вашай нялёгкай, але такой пачэснай службе Богу і людзям.

Размаўляла Галіна Калевіч