Марына Буйніцкая вучыцца на ІІІ курсе Катэхетычнага інстытута і на курсах ігры на аргане ў класе прафесара Яна Падобы. Як сястра Легіёна Марыі Марына выконвае мноства рознай працы, але самае важнае яе заданне — гэта катэхізацыя маленькіх у Дзіцячым доме па вуліцы Гая, куды Марына ходзіць раз у тыдзень ужо другі год. Дзеці яе вітаюць: «Ура, касцёл!». Дзеці любяць слухаць пра Бога, ведаюць, што Ён усё можа. Навучыліся гаварыць малітвачку «Анёле, Божа». У гэтым Дзіцячым доме дзеці нічым не абдзеленыя, іх любяць выхавацелі. Ім бракуе толькі таты і мамы.

Ужо пяць гадоў запар Марына ходзіць у пілігрымкі ў Тракелі і тры гады далучаецца з групай з Беларусі да пілігрымкі з Польшчы, якая ідзе з Беластока ў Вільню. Мы размаўляем у зале Андрэя Баболі пры катэдры імя Францішка Ксавэрыя.

— Адкуль бярэцца такая смеласць — ісці ў пілігрымку? — пытаюся ў дзяўчыны.

— Як запахне вясной, я ўжо рыхтуюся да пілігрымкі. Збіраю інтэнцыі ў сяброў, сваякоў і знаёмых, за якія буду маліцца ў дарозе і ў санктуарыі разам з братамі і сёстрамі, — адказвае Марына. — У пілігрымаў такое адчуванне, што мы адна сям’я, і гэта самае прыгожае адчуванне.

Першы раз у 2003 годзе я выходзіла пасля цяжкай хваробы, брала з сабой шмат лекаў, якія пакрыёма прымала ў дарозе. На другі год я думала: няўжо гэта я ў мінулым годзе ішла ў пілігрымку з лекамі? Адбылося поўнае аздараўленне цела і душы.

— Якія адрэзкі дарогі найцяжэй прайсці — у пачатку ці ў канцы?

— Няма ніякіх цяжкасцяў ні ў пачатку дарогі, ні ў канцы. Я выбіраю закрыты абутак на два памеры большы і бяру шмат шкарпэтак. У гэтым годзе па дарозе ў Вільню ў мяне не было ніводнага мазаля. Мне не паверылі, перад Вільняй папрасілі, каб я паказала ногі… Агледзелі і сказалі: «Святая»… Але той, у каго ў пілігрымцы бываюць такія праблемы, мужна іх пераадольвае: ідзе басанож па траве на абочыне дарогі, а вочы поўняцца шчасцем. Калі б трэба было, знайшліся б ахвотнікі несці на руках. Але ніхто не хоча, каб яго неслі, усе склалі ахвяру дайсці пешкі. У Тракелі ходзяць пераважна моладзь і дзеці. У Вільню ходзяць людзі рознага ўзросту. У мяне ёсць сяброўка пані Антаніна з Кракава, ёй 74 гады, яна ходзіць кожны год, толькі ў гэтым годзе не змагла пайсці па сямейных абставінах. Адна старэйшая пані ішла з Беластока з забінтаванымі нагамі. Калі падымаецца ціск і трэба пад’ехаць, прыняўшы лекі, пілігрымы ўсё роўна ехаць адмаўляюцца, ідуць — і ўсё…

— Як адбываецца далучэнне да польскіх пілігрымаў беларускай групы?

— Беларуская група далучаецца да польскай, як дачка прыходзіць да маці. Мова пілігрымкі — гэта мова вачэй і сэрца. Калі ідзе пілігрымка па беларускай зямлі, сціраюцца межы. На літоўскай мытні пагранічнікі прымаюць нас, як анёлаў: расчулена глядзяць на нас, спрыяюць хуткаму пераходу мяжы. У гэтым годзе пілігрымаў з Беларусі было меней: не ўсе мелі магчымасць купіць дарожныя чэкі. Людзі чакаюць пілігрымаў і прымаюць нас вельмі шчыра. У Радуні я начавала ў доме мэра, вельмі прыветлівая сям’я і добрыя ўмовы для начлегу. У Забалаці нас сустракаў старэйшы гаспадар у гарнітуры, белай кашулі з гальштукам. Дома нас чакаў прыгожы стол з накрухмаленым бялюткім абрусам, усялякай смакаты на стале, а жывуць двое старыя… Мы кажам: «Навошта столькі гатавалі?». А гаспадар адказвае: «Не можа быць іначай, гэта для Пана Бога. Пілігрым у дом — Бог у дом».

Малыя вёсачкі вельмі чакаюць пілігрымаў, а мы ў некаторых нават не можам спыніцца. Яны на каленях вітаюць нас, калі праходзім, стаяць з вядром вады і кубкам, з кошыкам яблыкаў і канапкамі.

Некаму з іх прайсці 700 метраў цяжэй, чым мне з Гародні да Вільні. Гэта ўзаемнае адорванне верай. А як гэтыя людзі размаўляюць з ксяндзом! Нібы з Панам Богам! Не скардзяцца на жыццё. Кажуць: «Добра жывём!»

Літоўцы маюць іншы тэмперамент, чым беларусы. Яны перажываюць у сэрцы, але знешне стрыманыя. Беларусы для пілігрымаў збіраюць на стол, як сабе ў вялікія святы, аддаюць часам апошняе. Усе чакаюць пілігрымаў з гарачаю вадою і са шчодрым сталом, пытаюцца : «Што будзеце спачатку: есці ці мыцца?»

— Вось прыходзіце ў Вільню і што адчуваеце там?

— Я ў дзяцінстве ездзіла ў Вільню з сябрамі на цягніку, але ісці з сям’ёй — гэта зусім іншае адчуванне. У Вільні пілігрымы кладуцца крыжам і плачуць ад шчасця. Не думаюць, што нехта скажа пра іх паводзіны... Па Вільні трэба прайсці вялікі адрэзак дарогі па вузкіх вулках. Увечары адбываецца набажэнства ў Вострай Браме. Начуем у польскай гімназіі, але ў большасці пілігрымаў ёсць у Вільні сваякі. Ранкам святая Імша адбываецца ў катэдры. У гэтым годзе мы наведалі той касцёл, дзе малілася святая сястра Фаустына... У Вільню з пілігрымкай ідзе некалькі ксяндзоў. Кожны год у Вільню ідзе ксёндз-прэлат Мар’ян з Яраслаўя, ужо сівы, але дужы, падцягнуты. У дарозе гаворыць казанні, праводзіць рэкалекцыі, дзеля якіх толькі ўжо варта ісці ў пілігрымку. У гэтым годзе падараваў мне дзве свае кнігі. У гэтым годзе даў мне магчымасць праспяваць «Ларэтанскую літанію». Спытаў у мяне: «Сястра адмовіць ці заспявае?». Я адказала: «А заспяваю!» — і пасля сама дзівілася, што гэтак гучыць мой голас. З Гродна да літоўскай мяжы ішоў з пілігрымамі ксёндз Ян Радзюк, але ад мяжы яму трэба было вярнуцца.

У Тракелі пілігрымаў вядзе кіраўнік пілігрымкі кс. прафесар маральнай тэалогіі Андрэй Радзевіч, духоўны айцец семінарыі, вялікі аўтарытэт, добры арганізатар. Ён прыгожа спявае і гуляе ў футбол. Такая традыцыя — у Радуні ўвечары адбываецца футбольны матч паміж святарамі і свецкімі, і заўсёды выйграюць ксяндзы.

Кожны год у пілігрымку ў Тракелі ходзіць ксёндз прафесар Ежы Лявінскі, чалавек вялікага духоўнага дару, акуратны, элегантны, у белым накрухмаленым капелюшы. Моцны, малады духам, мудры вялікі сябра, які заўсёды ведае наперад, пра што хоча паразмаўляць з ім пілігрым у дарозе. Апостал Божай Міласэрнасці, ён кожны дзень, ідучы, а пятнаццатай гадзіне спявае «Вяночак да Божай Міласэрнасці» ў мікрафон і гаворыць казанне. А яшчэ ў пілігрымцы ў Тракелі ідуць клерыкі семінарыі, дыяканы. Клерык збірае ў шапку нашы інтэнцыі, за якія мы молімся ўсе разам на св. Імшах і ў дарозе. І найболей інтэнцый такога зместу: «Мамачка, зрабі так, каб мой тата не выпіваў!». Уяўляеце, дзіця моліцца ў пілігрымцы. Група АА далучаецца да тракельскіх пілігрымаў, але ў гэтым годзе яны ездзілі ў той самы час у Польшчу на рэкалекцыі, таму толькі прывіталі нас».

— Звычайна ў часе пілігрымкі адбываецца споведзь?

— Так. Пілігрым адыходзіць з ксяндзом убок, ідзе і размаўляе — вочы ў вочы, без кратак у канфесіянале. Гэта глыбокая размова. Здаецца, што споведзь у пілігрымцы высвечвае кожны куточак душы.

— Ці ўдзельнічае ў пілігрымцы біскуп?

— Так, удзел Яго Эксэленцыі вельмі адчувальны, адчувальная яго бацькоўская апека. Ён то прысылае некалькі скрынак чарэшняў, то яшчэ якую смакату. Памятаю — быў адпачынак. Ляжым, выцягнуўшы ногі, а нехта кажа: Біскуп! А ён — вочы, поўныя любові, бацькоўскага клопату і радасці. Не кожны асмельваецца падысці пацалаваць пярсцёнак, але ён сам падыходзіць і размаўляе. Яго позірк я не магу параўнаць ні з якім іншым…

А калі далучаецца да пілігрымаў на апошнім адрэзку, ідзе з намі, такая сіла з’яўляецца, што гатовыя ступаць босымі нагамі па іголках. Ідзе ў чорнай сутане і малінавай шапачцы, як струна, з ім заўсёды ксёндз-прафесар Раман Катлімоўскі. А ў мінулым годзе перад Тракелямі маладая пара пераапранулася ў шлюбны ўбор: яна ў вэлюме, белай сукні, ён — у гарнітуры.Так мы і ўвайшлі ў Тракелі.

У Тракелях мы вячэраем і абмываемся з дарогі ў школе. Але начлегу там не патрабуем, таму што адбываецца начное чуванне ў санктуарыі. У гэтым годзе ліў дождж і мы стаялі па калені ў вадзе, але вытрывалі. У адчуванні вялікага шчасця дзяліцца верай з братамі і сёстрамі, з навакольным светам, час спыняецца, уся пілігрымка праходзіць, як адзін дзень.

Я дзякую Марыне за яе чыстыя перажыванні, якімі яна падзялілася са мной і чытачамі часопіса «Ave Maria», жадаю ёй і яе маме здароўя і вялікага шчасця пілігрымавання ў санктуарыі Беларусі, Польшчы і свету, а Марына, развітваючыся, кажа, што пойдзе маліцца за мяне і за наш часопіс на ружанцы.

Данута Бічэль, Гродна