Вось ужо больш за год у касцёле Святой Тройцы (св.Роха), што на Залатой Горцы ў Мінску, кожную пятніцу а 20-й гадзіне збіраюцца вернікі на заняткі па вывучэнні Бібліі. Праводзіць іх айцец Пётр Бялевіч, дэкан Залатагорскага дэканата, місіянер ордэна аблатаў Марыі Беззаганнай. З першых заняткаў біблійнае кола набыло папулярнасць. З кожным разам сюды прыходзяць усё новыя слухачы. Людзі вельмі задаволены тым, што маюць магчымасць пачуць кампетэнтнае тлумачэнне слова Божага. Пра гэта яны напісалі нам у рэдакцыю. Некаторыя з водгукаў мы сёння друкуем.

 
Вера ад слухання

Каб паверыць у Пана Бога, трэба пачуць пра Яго. Ад каго мы чуем сёння Добрую Вестку? Слова Божае чуем у касцёле падчас святой Імшы, самастойна чытаем. Нешта разумеем, але ёсць рэчы ў Святым Пісанні, якія я, напрыклад, самастойна не магу зразумець. Патрэбна дапамога. Адразу ж узгадваецца сустрэча па дарозе ў Газу Піліпа і мужа Эфіопскага, вяльможы Кайдакіі, які чытаў прарока Ісаю. «Ці разумееш тое, што чытаеш? Той жа сказаў: як магу разумець, калі хто не наставіць мяне?»(пар. Дз св. Ап. 8, 30–31). Так і ў нас на занятках па вывучэнні Бібліі — зразумелыя рэчы набываюць глыбіню, а незразумелыя набываюць сэнс. Сабраныя ў адно паралельныя месцы Новага і Старога Запавету паказваюць, як дзейнічае Пан Бог і як Ён адкрываў сябе ў старажытныя часы і калі прыйшла поўня часу. Чым больш мы пазнаем праз Пісанне Пана Бога, тым больш умацоўваецца нашая вера і любоў да Яго.

Язэп Лысы

 
Каб пачаць бачыць

Я проста шчаслівая, што маю магчымасць наведваць біблійнае кола. Гэтыя сустрэчы па тлумачэнні слова Божага вернікам проста неабходныя. Я, напрыклад, належу да апостальскага руху свецкіх людзей, які называецца Легіён Марыі. Амаль усе легіянеры нашага прэзідыума Маці Божай Міласэрнасці стараюцца пастаянна наведваць гэтыя заняткі, бо тое тлумачэнне слова Божага, якое дае нам а. Пётр, вельмі дапамагае ў нашай апостальскай працы. Гэтае слова мы потым нясём у шпіталі да хворых, з гэтым словам ідзём ратаваць ненароджаных дзяцей у абортныя аддзяленні, з ім прыходзім у студэнцкія інтэрнаты, у скверы, паркі, дамы састарэлых.

Памятаю адны з першых заняткаў і тое, як мяне ўразіў урывак з Евангелля пра сляпога жабрака, што сядзеў ля дарогі і крычаў: «Сын Давідаў, змілуйся нада мною!» І калі вучні яго паклікалі: «Ён жа, скінуўшы з сябе вопратку, устаў і прыйшоў да Езуса <...>. Езус сказаў: што хочаш зрабіць табе? Сляпы сказаў Яму: Настаўнік, каб мне зноў бачыць. Езус жа сказаў яму: ідзі, вера твая збавіла цябе. І ён зараз жа пачаў бачыць і пайшоў за Езусам па дарозе» (пар. Мк 10; 46 — 52). Аказваецца, «скінуць адзенне» — гэта скінуць маску, стаць перад Езусам такім, якім ты ёсць на самай справе, адкінуць усё тое, што перашкаджае прыйсці да Хрыста. Тое, што сляпы крычаў, — вельмі важны момант у гэтым урыўку. У нашым жыцці таксама ёсць моманты, калі трэба крычаць, крычаць у малітве. Прасіць для сябе і сваіх блізкіх, каб пачалі бачыць. А потым, калі мы пачнем бачыць, трэба няўхільна ісці за Хрыстом. Лічу, што заняткі ў біблійным коле вельмі дапамагаюць вучыцца бачыць. Усе сустрэчы праходзяць вельмі цікава, а гадзіна заняткаў пралятае, як адно імгненне. Асабіста мне ўдзел у гэтай супольнасці дапамагае больш мудра адносіцца да сваіх бліжніх, знаходзіць узаемапаразуменне з імі.

Марыя Казлоўская

 
Карысць для душы

Дзякуй Пану Богу, што нарэшце ў Мінску пры касцёле арганізаваныя заняткі па вывучэнні Бібліі. Ведаю, што пра гэта даўно марылі многія вернікі. Святое Пісанне асабіста я пачала чытаць гадоў 15 таму з дапамогай сяброў пратэстантаў. Цяпер, калі хаджу ў касцёл, чую слова Божае падчас кожнай святой Імшы. Шчыра кажучы, думала, што амаль усё разумею і, наведваючы біблійнае кола, «Амерыкі для сябе не адкрыю». Аднак з першых заняткаў зразумела, што амаль нічога не ведаю. Вельмі часта мы разумеем той ці іншы тэкст Бібліі літаральна і памыляемся. Вось, напрыклад, у раздзеле 13, верш 18 Адкрыцця Яна Багаслова чытаем: «Хто мае розум, аблічы лічбу звера; бо гэта лічба чалавека. І лічба яго шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць». Нам растлумачана, што ў Пана Бога свае лічбы. Як, напрыклад, лічба «7» лічыцца сімвалам дасканаласці, так лічба «6» — недасканаласці, і «666» гэта нішто іншае, як бясконцая недасканаласць. Так і з лічбаю 144000 выратаваных. « І пачуў я лічбу папячатаных: сто сорак чатыры тысячы папячатаных із усіх родаў сыноў Ізраэлевых» (пар. Ап 4,7). Гэта азначае не канкрэтную лічбу, а бясконцую колькасць збаўленых.

Вельмі даступна святар тлумачыць і Стары Запавет (гісторыю ізраільскага народа), праводзячы паралелі з Новым Запаветам (жыццём Езуса Хрыста). Становіцца зразумелым, што Стары Запавет цалкам прасякнуты падрыхтоўкай ізраільскага народа да збаўчай місіі Езуса Хрыста.

Апошнім часам мы разглядаем тэму Божых запаведзяў. Здавалася б, усё проста і зразумела, аднак, не. Ужо з першай запаведзі разумееш, што шмат у чым з’яўляешся язычнікам, бо паддаешся спакусам розных забабонаў і не заўсёды Пан Бог у тваім жыцці займае першае месца.

Шмат можна пісаць пра свае ўражанні і перажыванні. Практычна, кожныя заняткі — сапраўднае адкрыццё, а карысць для душы проста неацэнная. Наведванне біблійнага кола вельмі дапамагае ў падрыхтоўцы і перажыванні святой споведзі. Хвала Пану Богу за гэта!

Тэрэза Руткевіч