Жнівень — гэта той месяц, калі ў Беларусі быў створаны апостальскі рух свецкіх людзей : Легіён Марыі. У гэтым годзе ён святкаваў сваё 14-годдзе. Час нараджэння сваёй супольнасці легіянеры стараюцца заўсёды адзначаць на рэкалекцыях, якія праводзяцца ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах. У гэтым годзе рэкалекцыі прайшлі з 31 ліпеня па 3 жніўня і бралі ў іх удзел больш за 150 чалавек. Праводзіў гэтыя духоўныя практыкаванні місіянер з ордэну аблатаў Марыі Беззаганнай, айцец Пётр Бялевіч. Духоўнай апекай атуліў прысутных таксама і мадэратар Легіёна Марыі, ксёндз Юзаф Дзеконьскі.

Рэкалекцыі — гэта час інтэнсіўнай працы над сабой, час асаблівай Божай ласкі. І не бывае такога, каб нехта вярнуўся з рэкалекцый духоўна не падмацаваным. Для легіянераў гэта вельмі важна, бо несці Божую вестку іншым — вялікая адказнасць. Галоўнае — не разлічваць на сябе, а прасіць дапамогі ў Пана Бога праз Марыю. Гэта думка была лейтматывам усіх рэкалекцый. «Бог добры! Ён мяне любіць і мае цудоўны план адносна мяне», «Бог пасылае грэшнаму чалавеку Збаўцу Езуса Хрыста», «Езус — мой асабісты Збаўца» — гэтыя тэмы, якія разглядаліся ў першы дзень рэкалекцый, дапамаглі легіянерам настроіцца на жывыя адносіны з Панам Богам і лагічна падвялі да навукі пра 10 Божых запаведзяў. Здавалася б, тут усё проста і зразумела. Аднак ужо з першай запаведзі многія зразумелі, што дух язычніцтва жыве ў людскіх душах да гэтай пары. Усе забабоны, якія часта трактуюцца ў народзе як традыцыя, нішто іншае, як парушэнне 1-й запаведзі: «Не май іншых багоў, апроч Мяне». «Калі Бог будзе ў цябе на першым месцы, усё будзе на сваім месцы», — вынікала з навукі айца рэкалекцыяніста. Не раз падкрэслівалася і тое, што ласку аздараўлення трэба шукаць толькі ў Касцёле.

Вельмі цікавай і павучальнай была канферэнцыя, прысвечаная сям’і. Вось толькі некалькі тэзісаў з яе. «Спачатку сям’я, а ўжо потым служба Богу. Муж павінен любіць жонку, а жонка мужа, а ўжо потым любіць дзяцей. Калі адбываецца наадварот, не будзе ладу. Крыкам і сваркай не нішчыце ў дзяцей духу дабрыні. Найперш трэба клапаціцца пра веру сваіх дзяцей, а потым пра іх адукацыю. Сям’я — гэта тое месца, дзе мы павінны дасканаліць лепшыя якасці сваёй душы. Грэх вычэрпвае каханне. Сваркі ў сям’і — наступствы нашага эгаізму. Выратаванне шлюбу заўсёды пачынаецца з асабістай адказнасці за яго».

Вядома, што адным з кірункаў апостальскай працы легіянераў з’яўляецца абарона ненароджаных дзяцей. Гэтай тэме было прысвечана шмат часу на рэкалекцыях. У дадатак да канферэнцыі адбыўся відэапаказ дакументальных фільмаў: «Сведчанні першых дзён жыцця», «Немы крык», «Цяжкая праўда». Легіянеры, якія займаюцца гэтай дзейнасцю, дзяліліся сваімі сведчаннямі і вопытам такой няпростай працы. Усё гэта падштурхнула многіх воінаў Марыі не баяцца ступаць на сцежкі барацьбы за выратаванне ненароджанага жыцця.

— Не бойцеся! Не бойцеся быць параненымі, — гучала з вуснаў айца рэкалекцыяніста. — Легіянер Марыі стаіць на першай лініі фронту. І гэта нармальна, што ён будзе паранены. Няма служэння Богу без ахвяры. Аднак ёсць лекі — Ружанец, споведзь, святая Камунія. У нас ёсць Марыя! Марыя і святая Эўхарыстыя найбольш абараняюць ад шатана. Пан насычае нас удосталь, бяры столькі, колькі здолееш узяць. Чэрпай з Крыніцы любові і надзеі, каб служыць і аддаваць!

Не раз падкрэслівалася, што эгаізм і сапраўдная вера — рэчы несумяшчальныя. Страшна, калі чалавек у сваіх малітвах круціцца толькі вакол сябе. Дар малітвы Пан Бог дае для таго, каб мы маліліся за іншых. Трэба запытацца ў Марыі: «Матуля, кім зранена сёння Тваё Сэрца? Я хачу Табе дапамагчы». Трэба часцей маліцца ў інтэнцыі Маці Божай, Яна ведае лепш, што нам найбольш патрэбна.

Тэма Марыі для легіянераў заўсёды важная і вельмі актуальная. Айцу Пятру ўдалося дайсці да глыбіні кожнага сэрца, каб паказаць ролю Марыі, Яе веліч, прыгажосць і адначасова пакору. Зрабілі гэта не столькі словы, колькі яго асабістае стаўленне да Маці Божай, любоў і давер, якімі прамянее яго душа. Асабісты прыклад, як вядома, мае найбольшую моц. Сёлета ўпершыню на рэкалекцыях з пятніцы на суботу адбывалася начная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, прысвечаная перапрашэнню за знявагі, якімі людзі абражаюць Божую Маці.

Легіянеры Марыі вельмі ўдзячныя Пану Богу, Маці Божай і сваім духоўным пастырам за магчымасць сабрацца разам, падзяліцца вопытам і ў чарговы раз упэўніцца ў тым, што пакліканне ў Легіён Марыі — гэта вялікая ласка, бясцэнны падарунак ад Пана Бога, якім трэба даражыць.

Галіна Калевіч