Дамініканскі ордэн — гэта...

Дамінікане — гэта ордэн прапаведнікаў (лац.: Ordo Praedicatorum, скарочана: OP), або ордэн Абвяшчальнікаў слова Божага. Найпрасцей перадаць мэту існавання ордэну трыма словамі: laudare, benedicere, praedicare (лац). Такім чынам, дамінікане пакліканыя да таго, каб праслаўляць Бога (laudare), благаслаўляць людзей (benedicere) і прапаведаваць сваім жыццём і словам Евангелле (praedicar).

Праслаўляць Бога, благаслаўляць людзей могуць толькі тыя асобы, у чыіх душах жыве Божая любоў. Гэтая любоў да Бога і людзей з’яўляецца таксама крыніцай атрымання ласкі прапаведніцтва. Гэтую рысу дамініканскага ордэну найлепей перадае лацінскае выслоўе: «Contemplare! Contemplata allis tradere», што значыць: «Сузіраць слова Божае і перадаваць іншым людзям плён гэтага сузірання». Кантэмпляцыя, або сузіранне, гэта дар Духа Святога. Вось сутнасць гэтага дару: чалавек, які любіць Божае слова, захоўвае яго ў сэрцы і разважае над ім, дазваляе Божаму слову пранікаць у глыб сваёй істоты і перамяняць яе. Выходзячы з ачышчанага і напоўненага Духам Святым сэрца такога чалавека, гэтае Слова з незвычайнаю моцай пранікае ў глыбіню сэрцаў іншых людзей.

Варта памятаць, што слова Божае — гэта не нешта, а ХТОСЬЦІ — жывы Бог, якога мы сустракаем, калі з вераю бярэм у рукі кнігу Святога Пісання. Гэтае Слова — Езус Хрыстус, так кажа пра сябе: Я — Дарога і Праўда, і Жыццё (Ян 14,6). Ідучы гэтаю Дарогай, мы ідзем да Праўды, якая дае нам Жыццё.

 
Што такое Трэці Дамініканскі Ордэн?

Трэці Ордэн (ці інакш: Дамініканскія Фратэрні) — гэта супольнасць свецкіх асобаў, прывабленых Жывым словам (гэтым КІМСЬЦІ — Словам Айца). Іх мэта: сузіраючы слова Божае, дазволіць мудрасці Святога Пісання агарнуць розум, каб пасля несці з сабою гэтае Слова паўсюль, куды толькі накіроўвае Божы Провід — у сем’і, навучальныя установы, на працу. Свецкія дамінікане становяцца апосталамі Хрыста ў сваіх жыццёвых асяродках у той ступені, у якой дазваляюць Евангеллю ўплываць на сябе: фармаваць мысленне, словы і ўчынкі.

Для такой супольнасці, акрамя сведчання Евангелля жыццёвым прыкладам, важнай з’яўляецца малітва за свет і асабліва за тых людзей, якія яшчэ не пазналі Бога і Яго Любоў. Найбольшы плён мае малітва штодзённага ўдзелу ў святой Імшы, калі гэта не перашкаджае выкананню іншых абавязкаў, напрыклад, абавязкаў жонкі, маці, мужа, бацькі. Асобы, якія належаць да Дамініканскіх Фратэрняў, удзельнічаюць таксама ў Літургіі Гадзінаў, што называецца таксама малітвай Брэвіярыя: ютрані і нешпарах. Гэта штодзённая малітва Касцёла, якой моляцца не толькі святары, законнікі і законніцы, але ўсё часцей і свецкія людзі.

Штодзённая малітва Трэцяга Ордэну вылучаецца асаблівым духам пакуты. Гэтая пакута выяўляецца ў практыкаванні розных формаў аскезы, такіх як пост і цярплівае прыманне штодзённых цяжкасцяў і цярпенняў з любові да Хрыста, даверлівае ахвяраванне іх у інтэнцыі навяртання грэшнікаў. Гэтая малітва і пакута — дары Духа Святога, бяруць выток са шчырага спачування чалавечым бедам: жыццю ў граху і ў далечыні ад Божай любові.

 
У чым асаблівасць Трэцяга Дамініканскага Ордэну?

Асаблівасць Трэцяга Дамініканскага Ордэну грунтуецца на веданні Святога Пісання, Традыцыі (Credo) i Навукі Каталіцкага Касцёла (Magisterium). Веданне і пастаяннае вывучэнне гэтых трох крыніцаў, якія ўдакладняюць і дапаўняюць адна адну, з’яўляючыся вынікам дзеяння Духа Святога, даюць удзельнікам Дамініканскіх Фратэрняў здольнасць усё глыбей і прыгажэй размаўляць з Богам, а таксама ўсё глыбей і прыгажэй размаўляць з людзьмі пра Бога.

Ордэн св. Дамініка вылучаецца яшчэ тым, што ў ім сузіранне Божага слова адбываецца таксама праз разважанне над таямніцамі святога Ружанца, быццам праз сэрца Марыі. Дамінікане — своеасаблівыя «спецыялісты» па Ружанцы, якія ведаюць шмат спосабаў гэтай малітвы. Ружанец, як і чалавек, складаецца з «цела і душы. «Целам» ружанцовай малітвы з’яўляюцца словы, якія мы прамаўляем (Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому...), а «душою» — разважанне і сузіранне слова Божага, якое захоўваецца найперш ў Евангеллі. Як чалавек не можа жыць без душы, так і сапраўдная малітва на ружанцы не можа існаваць без разважання і сузірання. Гэтаму майстэрству можа навучыць толькі Дух Святы ў школе Марыі, уважлівымі вучнямі якой з’яўляюцца браты і сёстры Дамініканскіх Фратэрняў.

 
Месца Трэцяга Ордэну ў Дамініканскай Сям’і

Дамініканская Сям’я — гэта вялікая міжнародная супольнасць мужчынскіх і жаночых ордэнаў і жаночых кангрэгацыяў, якія жывуць духам святога Дамініка. У пачатку XIII ст. ён заснаваў мужчынскую кантэмпляцыйна-дзейную апостальскую манаскую супольнасць i жаночую кантэмпляцыйную манаскую супольнасць.З гэтых дзвюх пачатковых формаў з цягам часу з’явілася шмат іншых супольнасцяў і кангрэгацыяў, якія Дух Святы паклікаў да існавання ў Касцёле і якія імкнуліся да жыцця ў дамініканскай духоўнасці. З гэтай агульнай духоўнасці бяруць выток сямейныя (братэрскія і сястрынскія) адносіны паміж айцамі (так называюць звычайна законнікаў, якія атрымалі сакрамэнт святарства), братамі, кляўзуровымі сёстрамі-манашкамі і сёстрамі-законніцамі шматлікіх кангрэгацыяў. Да дамініканскага ордэну належаць таксама свецкія асобы, якія жывуць згодна з харызматам святога Дамініка, так званы Трэці Ордэн.

Дамініканская Сям’я налічвае некалькі тысяч чалавек ва ўсім свеце, якія падтрымліваюць адзін аднога малітвай, жыццёвым сведчаннем, духоўным кіраўніцтвам і супольнай працай у розных накірунках апостальства (напісанне, пераклад і выданне кніг, артыкулаў; выкладанне, правядзенне канферэнцыяў, рэкалекцыяў, казанняў і г.д.). Асабіста я не магу ўявіць сабе, напрыклад, як ўзяцца за справу, не маючы за плячыма малітоўнай падтрымкі маіх братоў у кляштары, Фратэрні свецкіх дамініканаў у Віцебску і кляўзуровых сясцёр-манашак трох польскіх кляштараў.

 
Для чаго існуе Трэці Дамініканскі Ордэн?

Асобы, пакліканыя Духам Святым да ўдзелу ў Дамініканскай Фратэрні (гэта «пакліканне ў пакліканні»), праз пэўны час складаюць шлюбы. Гэта нясе з сабою абавязак малітвы, пакуты, добрасумленнага выканання сваіх сямейных і прафесійных абавязкаў і таксама заклік да апостальства і супрацоўніцтва з усім ордэнам у рэалізацыі місіі прапаведавання праўды, Veritas. У гэтым слове таксама ўвасоблена мэта існавання і паклікання ўсёй Дамініканскай Сям’і, і сярод іншых, безумоўна, і ўдзельнікаў Дамініканскіх Фратэрняў.

Трэба адзначыць, што браты і сёстры Фратэрняў OP сістэматычна ўдзельнічаюць у фармацыйных сустрэчах і рэкалекцыях для таго, каб няспынна ўзрастаць у праўдзе перад Богам, перад сабою і бліжнімі. А жыць у праўдзе, Veritas, значыць жыць у пакоры. Пакора ж — гэта найперш праўда пра Бога, і толькі з праўды пра Бога (праўдзівых сустрэчаў з Ім) узнікае праўда пра чалавека. Пазнанне гэтай Veritas, пазнанне ласкі пакоры перад Богам, сабою і бліжнімі — гэта мэта, да якой імкнецца малітва, фармацыя, гэта праца над сабою ў жыцці ўдзельнікаў Фратэрняў OP. Толькі пакорным Бог дае ласку, без якой немагчыма быць сведкамі Евангелля ў свеце і рэалізоўваць дамініканскае пакліканне. Вось такім чынам, праз Veritas, Бог заклікае свецкіх дамініканаў прыйсці да тых людзей, з якімі не могуць сустрэцца іншыя асобы з Дамініканскай Сям’і: святары, сёстры дамініканкі, кляўзуровыя сёстры-манашкі. Трэці Ордэн існуе для таго, каб сярод яго ўдзельнікаў ўзрастала колькасць пакорных людзей, якія жывуць у Veritas. Падтрыманыя Божай ласкай, яны імкнуцца падтрымаць кожнага чалавека, якога сустракаюць, дзеяннем і словам, а таксама малітвай і пакутай набліжаюць і прапаведуюць Валадарства Божае, адначасова заклікаючы да навяртання.

Найбольш вядомай свецкай дамініканкай была св. Кацярына з Сіены (+1380 г.), доктар Касцёла, апякунка Еўропы; апошні благаслаўлёны тэрцыярый на сённяшні час — Пётра Фрасаці (+1925 г.), узор для моладзі. Гэта асобы, якія з палаючым сэрцам і думкамі дазволілі, каб іх накіроўваў Дух Святы, і здолелі дасканала ажыццявіць ідэалы дамініканскай духоўнасці, унесці ў асяродак свайго жыцця і ў гісторыю шмат дабра і святла Божай Мудрасці.

 
Значэнне Трэцяга Дамініканскага Ордэну ў сучасным свеце

У Айцоў Касцёла існуе такая фармулёўка: таямніца поўні (з лац. misterium lune). Яна апісвае з’яву, якую мы назіраем у прыродзе, каб патлумачыць праўду, істотную для кожнага хрысціяніна, а таксама для свецкіх дамініканаў і дамініканак. Кожны з нас ведае, што поўня не выпраменьвае свайго святла, святло ж, якое дасягае зямлі ўночы з дапамогаю поўні, — гэта адбіткі сонечных промняў. Гэтак жа і чалавек: як Божае стварэнне, ён сам па сабе нічога не мае, а ўсё, што яму ўласціва, атрымаў ад Бога Творцы. Пакліканне чалавека, як і ў прыкладзе з поўняй, якая адлюстроўвае сонечнае праменне, — быць адбіткам Божай славы, жыць дзеля хвалы Божай. І, як поўня, у залежнасці ад свайго становішча адносна сонца, можа быць у зацьменні, станавіцца маладзіком, вострым, як серп, або ветахам, можа быць асветленая на малой частцы, напалову, на большай частцы паверхні, а таксама бывае «ў поўні», так і чалавек праяўляецца адносна Бога. Чалавек, найлепш з’яднаны з Богам, — гэта Марыя, падобная да поўні, якая ўсёй сваёй паверхняй адбівае сонечнае святло. Яна ўсёй сваёй істотай адлюстроўвала і адлюстроўвае Божае святло, і па гэтай прычыне названая Найсвяцейшай. У Ёй няма ніводнага ценю, ніводнай плямкі. І ўсе іншыя святыя — наколькі яны аддалі сябе Богу ва ўжытак, настолькі ў іх жыла і жыве misterium lune, настолькі яны свецяць святлом Божага Сонца (Лк 1, 78).

Такім чынам, варта задаць сабе пытанне: у якой ступені ўва мне спаўняецца misterium lune? Бог, як Сонца, скрытае за гарызонтам свету, мае патрэбу ў сваіх дзецях, каб у цемры ночы, у якой жывуць нашыя сучаснікі, Ён мог карыстацца намі, як сонца — поўняй. Бог хоча, каб мы адлюстроўвалі праменне Яго любові і Мудрасці, якім Ён асвятляе цемру смерці і граху. Кожны ўдзельнік Дамініканскай Фратэрні павінен імкнуцца стаць поўняй, якая адбівае святло як мага большай часткай сваёй паверхні; святло, што з’яўляецца плёнам сузірання і пакорнай Veritas, якая дазваляе праўдзе Евангелля асвятляць усё жыццё. Няхай жыццё ўдзельнікаў Трэцяга Ордэну св. Дамініка будзе пранікнута адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, сузіраннем слова Божага, глыбокім вывучэннем Veritas, любоўю да Марыі і святых Дамініканскага Ордэну. Гэта дасканалы шлях, які дазваляе душы трываць у Божым святле і цяпле.

Таму адказ на пытанне пра значэнне Трэцяга Ордэну ў сучасным свеце (гэтае пытанне можа сабе задаць любы хрысціянін) залежыць перадусім ад misterium lune ў кожным з нас. Бяда зацемненай поўні! Яна застанецца без ужытку, як соль, якая страціла смак і будзе выкінута прэч на патаптанне людзям (Мц 5,13). Мы жывем, аднак, надзеяй, што праз Contemplatio і Veritas чалавек дазволіць, каб яго асвятляла святло Сонца праўды, якое не ведае захаду, і праз яго свяціла таксама і бліжнім. Трэба, аднак, памятаць пра тое, што сонечнае святло, адбітае поўняй, часта становіцца прычынаю супраціўлення з боку асобаў, якія выбралі ў сваім жыцці цемру. І, наадварот, яно будзе радасцю для тых, хто пакорна шукае дарогі і праўды, якія вядуць да хрысціянскага жыцця.

Сведчанне хрысціянаў у сучасным свеце падобнае да таго, як бацькі выхоўваюць дзяцей. Дарослыя могуць шмат чаго распавесці сваім малым, але тыя зразумеюць найперш жыццёвы прыклад.

Айцец Раман Шульц OP