У нядзелю Божай Міласэрнасці, якая сёлета прыпадае на 19 красавіка, у нашай архідыяцэзіі распачынаецца перэгрынацыя — своеасаблівае «вандроўка» па парафіях — абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, спаведніка святой Фаустыны Кавальскай. Такое рашэнне было прынятае Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і Радай святароў архідыяцэзіі.

Перэгрынацыя распачнецца ў архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, затым абраз і рэліквіі наведаюць старажытнейшую сталічную парафію Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха), а пасля іх па чарзе будуць прымаць парафіі іншых дэканатаў Мінска, Мінскай і Магілёўскай вобласцяў. Абраз і рэліквіі будуць знаходзіцца ў кожнай парафіі на працягу сутак, пасля чаго іх будуць урачыста перадаваць у суседнюю парафію.

Мэта перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага — гэта аднаўленне пабожнасці Божага народа і паглыбленне веры ў Божую Міласэрнасць вернікаў кожнай парафіі згодна з наказам самога Езуса Хрыста, дадзеным «сакратарцы Божай Міласэрнасці» святой Фаустыне Кавальскай, законніцы з кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Езус аб’яўляўся святой Фаустыне ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі ў розных гарадах: у Кракаве і Плоцку (Польшча), а таксама ў Вільні. Захаваўся яшчэ той будынак, дзе сястра атрымала аб’яўленні, і той касцёл, дзе ўпершыню, згодна з пажаданнем Езуса, быў выстаўлены абраз Езуса Міласэрнага і дзе ён захоўваўся.

Падчас перэгрынацыі абраза будуць праводзіцца набажэнствы ў розныя гадзіны, каб кожны вернік мог у зручны час прыйсці і памаліцца перад святою выяваю. Дзякуючы наведванню абраза Езуса Міласэрнага вернікі змогуць аднавіць і паглыбіць пашану да Божай Міласэрнасці і, нягледзячы на сваю слабасць і грэшнасць, адчуць поўны давер да Бога, згодна з надпісам, змешчаным пад выяваю міласэрнага Збаўцы: «Езу, давяраю Табе».

Разам з ушанаваннем іконаў адною з традыцыйных і найбольш старажытных формаў хрысціянскай пабожнасці з’яўляецца ўшанаванне рэліквій. Таму разам з абразом Езуса Міласэрнага для ўшанавання будуць выстаўленыя таксама рэліквіі благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, частка якіх па просьбе нашага архіпастыра ў дзень беатыфікацыі спаведніка святой Фаустыны была перададзена нашай архідыяцэзіі Мітрапалітам Беластоцкім арцыбіскупам Эдвардам Азароўскім. Для беларускіх вернікаў гэта асабліва каштоўны дар, таму што благаслаўлёны ксёндз Міхал Сапоцька быў цесна звязаны з Беларуссю. Яго маці паходзіла з парафіі Воўчкавічы, што непадалёк ад Мінска. Сёння пра воўчкавіцкі касцёл нагадвае толькі вялікі чорны крыж на маляўнічым пагорку на беразе вадасховішча Пціч. Бацькі будучага благаслаўлёнага ўзялі шлюб у парафіі Пяршаі на Валожыншчыне.

Міхал Сапоцька нарадзіўся 1 лістапада 1888 года ў Юшаўшчыне (цяпер — Навасады Валожынскага раёна), быў ахрышчаны ў касцёле ў Забрэззі. Працаваў на Ашмяншчыне, шмат ягоных сваякоў жыло ў парафіі Лоск. Стаўшы святаром, сваю першую прыміцыйную святую Імшу Міхал Сапоцька цэлебраваў у парафіі Лебедзева, непадалёк ад Маладзечна. Падчас Першай сусветнай вайны служыў у касцёлах Магілёва і Бабруйска. У той час памёр бацька ксяндза Міхала, які быў пахаваны ў Барысаве.

Благаслаўлёны ксёндз Міхал Сапоцька як спаведнік святой сястры Фаустыны на пэўным этапе дапамог ёй належным чынам асэнсаваць і растлумачыць іншым, чаго Езус чакае ад свайго вернага народа. Гэты адданы святар быў яе дарадцам у выкананні ў Касцёле няпростай місіі, даручанай звычайнай законніцы самім Збаўцам. У нашыя дні ўвесь каталіцкі свет ведае пра аб’яўленні Езуса святой Фаустыне Кавальскай, амаль кожнаму верніку знаёмы абраз Езуса Міласэрнага з надпісам «Езу, давяраю Табе», і ўсё гэта дзякуючы благаслаўлёнаму ксяндзу Міхалу Сапоцьку. Няхай жа гэты благаслаўлёны, які жыў у пераломныя часы гісторыі, выпрошвае ў Бога для ўсіх вернікаў, якія ў сучасным свеце перажываюць шмат розных выпрабаванняў, ласкі, патрэбныя для жыцця ў святасці і захавання вернасці Евангеллю і святому Касцёлу.

Біскуп Антоні Дзям’янка