Скіроўваючы апосталаў на місію, Езус кажа ім: «Ідзіце і навучайце ўсе народы», таму першачарговае заданне кожнага святара — вучыць тых, да каго ён пасланы. Старажытная лацінская мудрасць гаворыць: Verba docent, exempla trahunt — словы павучаюць, а прыклады прыцягваюць. Нават самы красамоўны прамоўца не зможа быць настолькі пераканаўчым, як той, хто пацвярджае навучанне сведчаннем свайго жыцця.

Сем дзесяцігоддзяў святарства кардынала Казіміра Свёнтка сталі адным вялікім, годным веры сведчаннем. Яго святарскае жыццё — гэта дасканалае ўвасабленне патройнай місіі Касцёла: мартырыі — прапаведніцтва праз сведчанне, літургіі — здзяйснення святых абрадаў, і дыяканіі — служэння любові. Аднак менавіта мартырыя — сведчанне — стала лейтматывам яго сямідзесяцігадовага святарскага шляху. Падобна да martyres — мучанікаў першых стагоддзяў хрысціянства, якія сведчылі аб вернасці Хрысту ўласнаю крывёю і цярпеннямі, Казімір Свёнтэк стаў сведкам веры ў страшныя часы пераследу і ганенняў ХХ стагоддзя і застаецца ім на пачатку ХХІ стагоддзя хрысціянства, у час татальнага ўпадку сапраўдных непрамінальных каштоўнасцяў, панавання бязвер’я і спажывальніцтва.

Для нас, свецкіх вернікаў, жывы прыклад святароў сёння асабліва важны, і нездарма ў беларускай мове словы «святар» і «святы» такія блізкія па гучанні. Кардынал Казімір Свёнтэк — гэта святар, які сам ідзе да святасці і вядзе за сабою шматлікіх вернікаў. Дасягнуўшы паўнаты святарства, ён не стаў пастырам толькі ў адной дыяцэзіі. Святар, біскуп, кардынал Казімір Свёнтэк —прыклад вернасці Хрысту і Божаму народу для ўсіх беларускіх хрысціянаў, а яго жыццё — сімвал і ўвасабленне гісторыі Касцёла на нашых землях у адзін з найбольш драматычных яе перыядаў.

У прыгожы 70-гадовы юбілей святарства ўсе супрацоўнікі рэдакцыі часопіса «Ave Maria»— ад найстарэйшых, якім давялося доўгі час блізка працаваць поплеч з шаноўным юбілярам, да наймалодшых, для каго кардынал Казімір Свёнтэк — жывая легенда, — ад усяго сэрца віншуюць Яго Эмінэнцыю і жадаюць, каб Езус, якому ён верна служыць усё жыццё, праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, чыя выява дамінуе ў біскупскім гербе кардынала, шчодра ўзнагародзілі яго за адданае служэнне Богу і Касцёлу. З радасцю даем магчымасць святарам і свецкім вернікам павіншаваць шаноўнага юбіляра са старонак нашага часопіса.

Рэд.

 

Віншуем!

Яго Эмінэнцыі ксяндзу кардыналу Казіміру Свёнтку, які вельмі любіць дрэвы і кветкі

Не з лісткоў, не са сцяблінаў,
не з шумлівай зеляніны,
прыгажосці яснай поўны,
вырас сад для Вас чароўны.

Ёсць ад кожнага там сэрца
па жывой усмешцы-кветцы.
Там шапочуцца цікава
дрэўцы Вашых добрых справаў.

У дзівосным гэтым садзе
мы таксама штось пасадзім.
А як блісне бліскавіца,
будзем за яго маліцца.


Аня С. па даручэнні
дзяцей-католікаў

 

Ваша вера яднае пакаленні

Ваша Эмінэнцыя, паміж намі — моладдзю Каталіцкага Касцёла і Вамі, здавалася б, ляжыць бездань даўжынёю ў 70 гадоў — 70 гадоў Вашага святарства. Але злучае нашыя пакаленні трывалы мост, якому не страшны час і перашкоды, мост, па якім Вы цвёрда ішлі, не баючыся ўпасці — мост Хрыстовай веры. Веры, якую мы сёння бачым у Вашых вачах — маладых і зіхоткіх, як вясновае неба над галавою. Па гэтым мосце да Бога мы хочам прайсці з той жа мужнасцю і вернасцю выбранаму шляху, з якімі Вы ідзеце па ім. Каму выходзіць цяпер?

Хто мерае поўнай мерай?
Выданыя на смерць,
Сведкі Хрыстовай веры.
Што чакае абраных,
На вузкім шляху, зменным,
Дзе Пётр укрыжаваны,
Настаўніку свайму верны.
Дзе Павел вечна вандруе,
Са словам Божым па свеце.
Дзе свецкіх Ружанец гуртуе
Ў закон Дамініка трэці.
Там, падтрыманы Францішкам,
Тамаш нясе пелікана,
Сцякае кроплямі ціша
Па сумным чале Бэрнарда.
Тэрэза, прысеўшы на хвілю,
Сагрэе кветку ў далонях.
За стомленым Казімірам
Каня правядзе Баболя.
За рукі возьме Марыя
Пакорных айцоў з Друі,
І з імі — без імені — тыя,
З гулагаў, вогнішчаў, турмаў.
Той шлях, што павінны сцвердзіць
Спрадвечныя Божыя планы.
Дзе выданыя на смерць —
Абраннікамі Жыцця стануць.

Ад імя моладзі
Юлія Шэдзько

 

Дзякуем за веліч веры

70 гадоў святарства кардынала Казіміра Свёнтка — гэта падарунак Нябеснай Каралевы для нашага Касцёла, для нашага народа і для ўсяго свету.

Кардынал Казімір Свёнтэк — дзіця Марыі. Ён з’яўляецца сведкам Яе цнотаў у сённяшнім свеце, праменьчыкам Яе святла, які дапамагае нам знайсці Божае святло.

Дзякуем Яго Эмінэнцыі за веліч веры, за мужнасць і адвагу ў яе вызнанні, за адказнасць і працавітасць у служэнні, за трываласць у малітве, за бадзёрасць і радасць, якія выплываюць з яго добрага айцоўскага сэрца, за сціпласць і любоў да Бацькаўшчыны.

Просім, каб Маці Божая Будслаўская ахінала яго пад сваім плашчом, мела ў сэрцы, несла на сваіх пяшчотных руках да адкрытага Сэрца Пана Бога і клапатліва вяла да Нябеснага Айца.

З павагаю і любоўю ад імя Легіёна Марыі
Марыя Мартыненка.

 

Дзякуем Пану Богу

Ваша Эмінэнцыя! У гэтыя дні мы асаблівым чынам дзякуем Пану Богу за пакліканне, якое Вы адчулі больш за 70 гадоў таму, калі адказалі на заклік Бога сваім рашучым «так». У той час Вы не маглі ні ведаць, ні нават уявіць сабе, якімі шляхамі Бог павядзе Вас праз жыццё і што Вас чакае наперадзе. Вы проста заўсёды хацелі і імкнуліся быць святаром, ва ўсім паслухмяным Божай волі, і прыкладалі для гэтага ўсе свае намаганні. Бог меў для Вас асаблівыя планы і ўжо на першых кроках Вашага святарскага жыцця не шкадаваў для Вас ні выпрабаванняў, ні сваёй ласкі і дапамогі, каб іх пераадолець. Вы ніколі не ўцякалі ад цяжкасцяў і з аднолькаваю гатоўнасцю прымалі з рук Бога і прыгожа квітнеючыя ружы святарскіх радасцяў, і калючае церне цярпення, якога было нямала ў Вашым няпростым жыцці.

І вось, 8 красавіка, спаўняецца 70 гадоў з таго дня, калі Вы прынялі сакрамэнт святарства. Які прыгожы юбілей! Далёка не кожнаму святару Бог дае ласку яго адзначыць. Ваш юбілей — гэта свята для ўсіх вернікаў нашай краіны, якія ў гэты дзень моляцца за Вас. Я таксама хацеў бы пажадаць Вашай Эмінэнцыі Божага благаслаўлення, якое ўключае ў сябе ўсё, што найбольш патрэбна Вам ў жыцці, каб гэтак жа аддана, як і раней, Вы маглі служыць Касцёлу на Беларусі як біскуп і паўсюднаму Касцёлу як кардынал. Я заўсёды памятаю пра Вас у сваіх малітвах са шчыраю ўдзячнасцю за сакрамэнт святарства, які атрымаў з Вашых рук.

Ксёндз Антоні Клімантовіч,
пробашч архікатэдральнай парафіі
Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

 

Прыклад жыцця і веры

Спачатку хачу падзякаваць Усемагутнаму Богу за тое, што Ён даў мне, Ягонаму сціпламу слузе, сустрэць на маім святарскім шляху сапраўднага айца, святара, біскупа кардынала Казіміра Свёнтка.

Вядомы філосаф Сенека дзяліў чалавечае жыццё на тры перыяды: «цяпер» — вельмі кароткае, «заўтра» — няпэўнае і непрадказальнае, «учора» — добра вядомае. Як жа красамоўна ўпісана гэтая формула Сенекі ў жыццё і служэнне Яго Эмінэнцыі!

З вялікім захапленнем гляджу я на яго дынамічнае і плённае жыццё. Ведаючы, што «цяпер» — кароткае (толькі 24 гадзіны), кардынал паспяхова выкарыстоўвае кожную хвілінку. Ён вельмі шмат патрабуе ад сябе і ў гэтым застаецца недасягальным для іншых. Патрабуе як кіраўнік; просіць, як бацька; размаўляе, як з братам, рэалізуючы заўсёды і ўсюды правіла святога біскупа з Гіпоны: для вас я — біскуп, а з вамі — святар. Захапляе вялікая энергія кардынала, якая сведчыць пра неўвядальную маладосць ягонага духу, а крыніца гэтай энергіі — малітва і крыж.

Кардынал Казімір Свёнтэк — вялікі рэаліст. Яго служэнне супала з цяжкім перыядам у жыцці Касцёла на нашай зямлі. Гісторыкі ў будучыні не будуць мець недахопу ў хвалюючых, трагічных, неверагодных фактах, у якіх заўсёды прысутнічаюць Божая ласка і моц.

Выконваючы абавязкі Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, я меў Божую ласку працаваць, маліцца разам з кардыналам, слухаць яго, бачыць і проста быць разам з сапраўдным добрым пастырам.

Ніколі не забуду, як кардынал Казімір Свёнтэк рыхтаваўся да штомесячных сустрэчаў са святарамі: на каленях, у капліцы, размаўляючы з Панам Богам, утоеным у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Пасля малітвы ён запісваў на аркуш паперы усё, што добры Айцец Нябесны параіў свайму сыну.

Жадаю, каб кардынал Казімір Свёнтэк заўсёды заставаўся для нас прыкладам жыцця, згоднага з Божаю воляю і Божымі планамі, нягледзячы на крыж і цярпенне, працу і высілкі. Жадаю здароўя і абяцаю малітоўную памяць пра Вас, добры ойча, сведка нязломнай веры.

Ваш удзячны духоўны сын,
прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі.