У гісторыі аб’яўленняў вядомы толькі адзіны такі выпадак, калі Езус Хрыстус выказаў жаданне, каб быў намаляваны абраз з Ягонаю выяваю, і паказаў, якім чынам належыць гэта зрабіць. Пасля таго, як абраз быў намаляваны, Езус неаднаразова аб’яўляў святой сястры Фаустыне Кавальскай сваю жывую прысутнасць менавіта ў такім выглядзе, як было паказана на іконе. Абяцанне асаблівых ласкаў для ўсіх, хто будзе ўшаноўваць гэтую выяву, надало абразу Езуса Міласэрнага надзвычайную рэлігійную каштоўнасць: «Праз гэты абраз Я буду спасылаць шмат ласкаў, таму няхай кожная душа мае да яго доступ» (З «Дзённіка» св. Фаустыны Кавальскай, 570). І яшчэ: «Я даю людзям начынне, з якім яны павінны прыходзіць па ласкі да крыніцы міласэрнасці. Такім начыннем з’яўляецца гэты абраз з подпісам: „Езу, давяраю Табе“» (тамсама, 327). «Два прамені (на абразе) азначаюць кроў і ваду: бледны прамень азначае ваду, якая апраўдвае душы; чырвоны прамень азначае кроў, якая з’яўляецца жыццём душаў. Гэтыя два прамені выйшлі з сярэдзіны Маёй міласэрнасці ў той час, калі Маё канаючае сэрца было прабіта дзідаю на крыжы <...>. Шчаслівы той, хто будзе жыць у іх святле, бо яго не дасягне рука Божага правасуддзя» (тамсама, 299).

Вось як была створана тая славутая ікона. На пачатку 1934 года спаведнік сястры Фаустыны ксёндз Міхал Сапоцька звярнуўся да віленскага мастака Яўгена Казіміроўскага, з якім жыў у адным доме, з просьбаю намаляваць абраз Езуса Міласэрнага. Паўгода сястра Фаустына прыходзіла ў майстэрню мастака і казала, што трэба дадаць ці змяніць, каб абраз выглядаў як мага больш дакладна. Падчас заканчэння святкавання Юбілею 1900-годдзя Адкуплення свету з 26 па 28 красавіка 1935 года абраз Езуса Міласэрнага дзякуючы намаганням ксяндза Міхала быў упершыню выстаўлены ў вакне Вастрабрамскай капліцы для публічнага ўшанавання вернікамі. У апошні дзень урачыстасці, якім была першая нядзеля пасля Вялікадня, у набажэнстве брала ўдзел сястра Фаустына, а гамілію, прысвечаную Божай Міласэрнасці, як таго жадаў Пан Езус, прамовіў ксёндз Міхал Сапоцька. 4 красавіка 1937 года абраз быў асвячоны і змешчаны ў віленскім касцёле святога Міхала, і з гэтага часу пашана да яго сярод вернікаў нязменна ўзрастала.

З пачаткам Другой сусветнай вайны ў гісторыі абраза насталі цяжкія часы: шмат гадоў яго, скручаным у сувой, захоўвалі на гарышчы, трымалі ў вільгаці і на марозе, некалькі разоў непрафесійна аднаўлялі. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, па волі Божага Провіду выява Міласэрнага Збаўцы захавалася. Да 1949 года абраз знаходзіўся ў касцёле святога Міхала ў Вільні, пасля чаго быў вывезены ў Беларусь, дзе трапіў у касцёл святога Юрыя ў Новай Рудзе, што на Гродзеншчыне. У 1970 годзе касцёл быў зачынены і ператвораны ў склад. Ксёндз Міхал Сапоцька, які ў той час жыў у Польшчы, заўсёды цікавіўся лёсам абраза і прасіў перанесці яго ў іншае, больш бяспечнае месца. У 1986 годзе абраз Езуса Міласэрнага вярнуўся ў Вільню. Па прапанове тагачаснага вастрабрамскага вікарыя ксяндза Тадэвуша Кандрусевіча яго змясціў у касцёле Святога Духа ксёндз Аляксандр Кашкевіч, які быў там тады пробашчам. Падчас сваёй пілігрымкі ў Літву Слуга Божы Ян Павел ІІ 5 верасня 1993 года маліўся перад абразом Езуса Міласэрнага і ў сваёй прамове да вернікаў назваў яго святою выяваю.

У свята Божай Міласэрнасці 18 красавіка 2004 года арцыбіскуп Мітрапаліт Віленскі кардынал Аўдрыс Юозас Бачкіс рэкансэкраваў адноўлены касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Вільні як санктуарый Божай Міласэрнасці. Разам з тым ён даручыў асаблівае малітоўнае служэнне ў гэтым санктуарыі супольнасці Сясцёр Езуса Міласэрнага, заснаванай благаслаўлёным ксяндзом Міхалам Сапоцькам у Вільні ў 1941 годзе, праз тры гады пасля смерці святой сястры Фаустыны. У верасні 2005 года ў санктуарыі, што знаходзіцца зусім недалёка ад касцёла Святога Духа, была змешчана першая ікона Езуса Міласэрнага, напісаная са словаў святой Фаустыны. Такім чынам была выканана апошняя воля благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, які за два гады да смерці ў сваім тэстамэнце напісаў: «Абраз Найміласэрнейшага Збаўцы завяшчаю санктуарыю Божай Міласэрнасці ў Вільні».

Паводле www.faustyna.eu.