З гэтага нумара мы пачынаем друкаваць урыўкі з кнігі святога Хосэ Марыя Эскрывы «Сябры Божыя».

Хосэ Марыя Эскрыва нарадзіўся 9 студзеня 1902 года ў Барбастро (Іспанія). Ужо ва ўзросце 15–16 гадоў хлопчык адчуў пакліканне да святарскага служэння. З 1918 года ён вучыўся ў семінарыі ў Логроньё, з 1920 года — у Сарагосе, дзе таксама вывучаў грамадзянскае права ва універсітэце. 28 сакавіка 1925 года Хосэ Марыя атрымаў святарскае пасвячэнне і пасаду ў дыяцэзіі Сарагосы. Увесну 1927 года ён выехаў адтуль і распачаў працу ў шпіталях і прытулках Мадрыда з хворымі і паміраючымі, з жыхарамі гарадскіх ускраінаў, а таксама апекаваўся Фондам дапамогі хворым. У той жа час Хосэ Марыя працягваў працу над доктарскай дысертацыяй у галіне грамадзянскага права.

2 кастрычніка 1928 года Хосэ Марыя пад уздзеяннем Божай ласкі стаў заснавальнікам арганізацыі Opus Dei — «Справа Божая», мэтаю якой было паказаць людзям усіх сацыяльных колаў шлях, які дазваляе, застаючыся ў свеце, імкнуцца да святасці і практыкавацца ў апостальскім служэннні праз асвячэнне паўсядзённай працы.

Падчас ганенняў на Касцёл у грамадзянскую вайну (1936–1939) Хосэ Марыя працягваў сваё служэнне, нягледзячы на шматлікія цяжкасці і перашкоды. 14 лютага 1943 года ён заснаваў Святарскую Супольнасць Святога Крыжа, непарыўна звязаную з Opus Dei, якая дазваляла святарам жыць яе духоўнасцю і шукаць святасці ў выкананні сваіх святарскіх абавязкаў. 28 кастрычніка 1982 года Слуга Божы папа Ян Павел ІІ надаў Opus Dei статус Асабістай Прэлатуры. Святы Хосэ Марыя быў дарадцам Папскай камісіі па тлумачэнні Кодэкса Кананічнага Права і Святой Кангрэгацыі семінарый і універсітэтаў, Ганаровым прэлатам Яго Святасці і Ганаровым акадэмікам Папскай рымскай тэалагічнай акадэміі.

26 чэрвеня 1975 года ён адышоў да Бога, а ў 1981 годзе быў распачаты працэс па яго беатыфікацыі. 17 траўня 1992 года Хосэ Марыя Эскрыва быў абвешчаны благаслаўлёным, а 6 кастрычніка 2002 года папа Ян Павел ІІ кананізаваў яго, назваўшы «святым паўсядзённасці».

Святы Хосэ Марыя Эскрыва — аўтар шматлікіх духоўных твораў, перакладзеных на розныя мовы свету, сярод якіх: «Шлях» (1939), «Святы Ружанец» (1934), «Сябры Божыя» (1977), «Хрыстус праходзіць побач» (1973), «Кузня» (1988), «Баразна» (1986) і інш.

Сябры Божыя
Раздзел 1. Веліч паўсядзённасці

1. Шмат гадоў таму мы ішлі па адной з дарогаў Касцільі. Удалечыні, у полі, мы назіралі сцэну, якая ўзрушыла мяне да глыбіні душы, і пра якую я часта ўзгадваю падчас малітвы: некалькі чалавек з сілаю забівалі ў зямлю слупы, на якіх пасля замацоўвалі сетку такім чынам, што яна ўтварыла загарадку. Пазней да таго месца падышлі пастухі са статкам: авечкамі і ягнятамі. Яны клікалі авечак па імёнах, і адна за адною жывёлы заходзілі ў аўчарню, каб заставацца там усім разам у бяспецы.

І сёння я, о мой Божа, асаблівым чынам узгадваю гэтых пастухоў і гэтую аўчарню, бо ўсе мы, хто сабраўся тут, каб размаўляць з Табою, як і многія іншыя ў свеце, знаходзімся ў Тваёй аўчарні. Ты сам сказаў: Я — Добры Пастыр і ведаю авечак Маіх, а Мае ведаюць Мяне (пар. Ян 10, 14). Ты добра ведаеш нас, ведаеш, што мы прагнем чуць і заўсёды слухацца Твайго пастырскага поклічу, ісці за ім, бо вечнае жыццё ў тым, каб мы спазналі Цябе, адзінага сапраўднага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста (пар. Ян 17, 3).

Мой улюбёны вобраз — Хрыстус, аточаны з правага і левага боку сваімі авечкамі, таму абраз Езуса Добрага Пастыра я вырашыў размясціць у капліцы, дзе звычайна цэлебрую святую Імшу. У іншых жа месцах — як званочак Божай прысутнасці — я папрасіў напісаць словы Хрыста: cognosco oves meas et cognoscunt me meae — ведаю авечак Маіх, а Мае ведаюць Мяне, каб у кожнае імгненне мы ўсведамлялі, што Ён дакарае нас, вучыць і настаўляе як пастыр свой статак (пар. Сір 18, 13). Таму гэты выпадак на палях Касцільі вельмі дарэчы ўзгадваецца мне.

2. Мы з вамі з’яўляемся часткаю Хрыстовай сям’і, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святыя і беззаганныя перад Ім у любові, прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі (пар. Эф, 1, 4). Гэтае выбранне, дараванае нам і атрыманае ад Бога, ставіць перад намі добра вызначаную мэту — асабістую святасць, як настойліва паўтарае нам святы Павел: haec est voluntas Dei: sanctificacio vestra, бо воля Божая ёсць асвячэнне вашае (пар. 1 Тэс 4, 3). Дык не забываймася ж: мы знаходзімся ў аўчарні нашага Пана, каб дасягнуць гэтай вяршыні.

3. У мяне не выходзіць з памяці адзін выпадак, які здарыўся шмат гадоў таму, калі я пайшоў маліцца ў катэдральны касцёл Валенсіі. Там я праходзіў каля магілы вялебнага Рыдауры і пачуў цікавую гісторыю пра гэтага святара. Ён быў ужо вельмі стары, і калі яго спыталі: «Колькі вам гадоў?», святар упэўнена адказаў па-валенсійску: poquetes — трошачкі, не больш, чым я служу Богу. Многія з вас змогуць па пальцах пералічыць гады, якія прайшлі з таго часу, як вы вырашылі павярнуцца тварам да Пана Бога, служыць Яму ў свеце, у сваім асяродку, паўсядзённаю ўласнаю працаю і служэннем. Але колькасць — гэта не істотна. Істотна — агнём выпаліць у сваёй душы наступнае: заклік да святасці, які Езус Хрыстус скіроўвае да кожнага чалавека без выключэння, патрабуе ад нас унутранага духоўнага развіцця, штодзённага практыкавання ў хрысціянскіх цнотах. І гэта вымагае не абы-якой працы, і недастаткова проста плыць па цячэнні штодзённасці, ні нават з усёй стараннасцю выконваць свае абавязкі. Мы павінны прыкладаць для дасягнення гэтай мэты сапраўды гераічныя высілкі, у самым прамым і поўным сэнсе гэтага слова.

4. Мэта, якую я прапаную вам, лепш сказаць, мэта, якую перад усімі намі ставіць Пан Бог, — гэта не міраж або недасяжны ідэал. Я мог бы прывесці вам колькі заўгодна канкрэтных прыкладаў звычайных мужчын і жанчын, такіх жа, як вы і я, якія знайшлі Хрыста, што крочыць quasi in occulto — не адкрыта, а як бы патаемна (пар. Ян, 7, 10) самымі звычайнымі шляхамі. І яны вырашылі пайсці за Ім, з любоўю прыціскаючы да сябе крыж штодзённасці (пар. Мц 16, 24). У цяперашні час суцэльнага зруйнавання, абыякавасці і ўпадку духу, распушчанасці і анархіі мне здаецца як ніколі актуальнай тая шчырая і глыбокая ўпэўненасць, якая не давала мне спакою з самага пачатку святарскага служэння. Мая душа гарыць прагненнем адкрыць чалавецтву: усе гэтыя сусветныя крызісы — ёсць крызісы святасці.

Пераклад з іспанскай мовы Юліі Шэдзько.
Паводле:
Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios» (1977).

Працяг у нумары №4(181) 2010 >>>