Працяг. Пачатак у № 3 за 2010 г. >>>

5. Духоўнае жыццё непарыўна звязана з пакліканнем, якое Пан Бог уклаў у нашыя душы. Мы павінны стаць святымі — як кажуць на маёй радзіме — «да апошняга воласа»: сапраўднымі шчырымі хрысціянамі, годнымі кананізацыі. Інакш мы не будзем вернымі вучнямі адзінага Настаўніка. Яшчэ звярніце ўвагу на тое, як Бог, клапоцячыся пра нас, адорваючы нас сваёю ласкаю, неабходнаю для змагання за дасягненне святасці ў свеце, надзяляе нас таксама імкненнем да апостальства. Прыслухайцеся да словаў аднаго з айцоў Касцёла, які кажа пра тое, як з гэтага імкнення выцякае наш клопат пра іншых людзей, нават на самым простым тле гуманнасці: «Калі вы бачыце, як нешта прыносіць вам карысць, вы імкнецеся прывабіць да гэтага іншых людзей. Таму вы мусіце жадаць, каб іншыя людзі далучаліся да вас і на шляхах Божых. Калі вы накіроўваецеся на форум або ў лазні і раптам сустракаеце некага, хто бавіць час у бяздзейснасці, вы запрашаеце яго далучыцца да вас. Чыніце ж і ў духоўным жыцці па гэтай зямной звычцы: калі ідзеце да Бога, не рабіце гэтага ў адзіноце» [Св. Грыгоры Вялікі, Homiliae in Evangelia, 6, 6 (PL 76, 1098)].

Калі вы не хочаце губляць часу без аніякай карысці, калі не жадаеце паддавацца ўздзеянню фальшывых апраўданняў, такіх як знешнія цяжкасці, што паўстаюць на вашым шляху, бо яны адвеку паўстаюць на шляху кожнага хрысціяніна, трэба прызнаць неабходнай усталяваную самім Езусам Хрыстом сувязь паміж нашым унутраным жыццём і тым, наколькі вялікая нашая здольнасць весці за сабою бліжніх. Хрыстус зрабіў святасць умоваю плённасці нашага апостальства. Я мушу выправіцца: не святасць, а меру нашай вернасці ёй, бо мы ніколі не станем святымі тут, на зямлі. Здаецца неверагодным, але Богу і бліжняму патрэбная з нашага боку вернасць — поўная, без выняткаў, вернасць ажно да самага канца, якая не пахіснецца і не паддасца спакусе, вернасць у паўнаце хрысціянскага паклікання, якой неабходна кіравацца і якую трэба старанна ажыццяўляць.

6. Магчыма, хтосьці з вас падумае, што я звяртаюся зараз выключна да выбраных асобаў. Не падманвайцеся так лёгка, не паддавайцеся баязлівасці або імкненню да асабістых выгодаў. Наадварот, няхай кожны адчуе тэрміновую патрэбу стаць другім Хрыстом, ipse Christus, самім Хрыстом. Патлумачу некалькімі словамі: гэтая тэрміновая патрэба палягае на тым, каб нашыя ўчынкі адпавядалі нормам веры. Гэта не тая другаякасная святасць, на якую мы прэтэндуем, святасць напалову, якой проста не існуе. І галоўнае, чаго Бог патрабуе ад нас і што добра адпавядае нашай натуры, — гэта любоў, якая ёсць сукупнасцю дасканаласці (пар. Кал 3, 14). Гэтую любоў мы павінны ажыццяўляць згодна з патрабаваннем, дакладна выказаным самім Богам у запаведзі любові: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёй, і ўсім розумам тваім (Мц 22, 37), не пакідаючы нічога для сябе. У гэтым выяўляецца святасць.

7. Безумоўна, гэта высокая мэта, яе цяжка дасягнуць. Але ніколі не забывайцеся пра наступнае: святымі не нараджаюцца — святасць выкоўваецца ў няспынным трывалым супрацоўніцтве Божай ласкі з добрай воляй чалавека. Адзін з пісьменнікаў першых стагоддзяў хрысціянства кажа: Усё, што расце, бывае спачатку маленькім. І яно, няспынна развіваючыся, атрымліваючы свой спажытак, нарэшце становіцца вялікім [Св. Марк Эрэміт, De lege spirituali, 172 (PG 65, 926)]. І таму я кажу табе: калі хочаш паводзіць сябе як паслядоўны хрысціянін, — а я ведаю, што ты здольны да гэтага, нягледзячы на тое, што часта бывае так цяжка перамагаць, уздымаць сваё нямоглае цела з каленяў і кіравацца да неба, — ты мусіш вельмі ўважліва ставіцца да найменшых дробязяў. Бо святасці, якой патрабуе ад цябе наш Пан, можна дасягнуць, выконваючы з любоўю да Бога сваю працу і штодзённыя абавязкі, якія амаль заўсёды складаюцца з дробязяў.

8. Я думаю пра тых з вас, хто на працягу многіх гадоў марнуе час, аддаючыся наіўным пустым марам ды ілюзіям, як Тартарын з Тараскона, у імкненні паляваць на ільвоў у калідорах уласнага дому, там, дзе можна злавіць толькі мыш, і тое, калі пашанцуе. Думаючы пра такіх людзей, я настойліва прагну паказаць вам веліч шляху да Бога праз вернае выкананне штодзённых абавязкаў, праз тую нябачную барацьбу, якая так радуе Пана Бога, і пра якую ведае толькі Ён і мы самі.

Пераканайцеся, што ў звычайным жыцці няма месца для бліскучых подзвігаў, проста па той прычыне, што не з’яўляецца такой магчымасці. І наадварот, існуе безліч магчымасцяў паказаць сваю любоў да Бога праз нешта малое і звычайнае. Святы Геранім піша: І ў самым малым здольная выявіцца веліч духу. Мы захапляемся Усемагутным, які стварыў не толькі неба і зямлю, сонца і акіян, сланоў, вярблюдаў, буйвалаў, коняў, леапардаў, мядзведзяў ды ільвоў, але таксама і найменшых жывёлаў: мурашоў, камароў, мухаў, вусеняў ды іншых істотаў такога кшталту, якіх мы распазнаем хутчэй па іх выглядзе, чым па найменнях. Як у вялікім, так і ў малым мы бачым тое ж майстэрства і захапляемся ім. Так і душа, якая прыносіць сябе ў дар Богу, вызначаецца аднолькавым запалам і ў вялікім, і ў малым [Св. Геранім, Epistolae 60, 12 (PL 22, 596)].

Пераклад з іспанскай мовы Юліі Шэдзько.

Паводле Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977 .

Працяг у нумары №6(183) 2010 >>>