Іх першынец, сын Артур, да трох месяцаў быў жвавым, здаровым хлопчыкам, аднак пасля пачала хутка прагрэсаваць хвароба, якую дактары акрэслілі як дзіцячы цэрэбральны параліч (ДЦП). Хутчэй за ўсё — наступства родавай траўмы. Пачаўся цяжкі перыяд інтэнсіўнага лячэння, якое ўключала ў сябе шэраг аперацый. Дактары не раз прапаноўвалі Наталлі і Анатолю адмовіцца ад дзіцяці, аргументуючы гэта тым, што яны маладыя і ў іх яшчэ будуць здаровыя дзеці. Такія прапановы не толькі балюча ранілі любячых бацькоў, яны іх проста абражалі. На той час Наталля і Анатоль былі ўжо практыкуючымі католікамі і ўсе падзеі ў сваім жыцці ўспрымалі па-хрысціянску.

Веры яны не атрымалі ў спадчыну ад бацькоў. Праўда, Анатолева бабуля (маці бацькі) заўсёды перад сном малілася на ружанцы, а дзед па матчынай лініі ўсё сваё жыццё жыў па Божых запаведзях, хаця веры не практыкаваў. Яго сын, родны Анатолеў дзядзька, стаў праваслаўным святаром і працуе ў Кастрамской вобласці.

Навяртанне да Бога ў Наталлі і Анатоля было імклівым і яскравым. Стаяў верасень 1994 года — цудоўны час іх рамантычнай закаханасці. Гуляючы па Мінску, Наталля і Анатоль праходзілі каля катэдры, якую толькі што вярнулі вернікам. У абоіх узнікла непераадольнае жаданне зайсці і паглядзець, што там адбываецца. На парозе іх сустрэў чалавек у рабочым адзенні з вельмі радаснай і шчырай усмешкай. Ён прывітаў моладзь, а яны запыталіся, хто ён. «Я ксёндз», — быў адказ. «Жартуеце!» — у адзін голас усклікнулі Наталля і Анатоль.

Ён не жартаваў. Гэта быў, сапраўды, ксёндз Юзаф Маціс, місіянер са Славакіі. Ён весела сказаў, што ім патрэбны маладыя сілы, і запрасіў папрацаваць. Дзяўчыну і хлопца перапаўнялі эмоцыі, яны ўпершыню так блізка бачылі ксяндза, які па-сяброўску, на роўных размаўляў з імі. Яны згадзіліся дапамагаць. Ксёндз Юзаф быў побач. Ён шмат жартаваў і між іншым запытаў, ці сур’ёзныя ў іх адносіны і ці не думаюць яны пра стварэнне сям’і. Адказ быў няпэўны: «Магчыма, так, але пазней...»

«Ксёндз Юзаф не чытаў нам пропаведзяў, а пра Бога гаварыў як бы між іншым, — расказвае Наталля. — І мы яму за гэта вельмі ўдзячныя, бо на той час мы былі не падрыхтаваныя пачуць нешта вельмі сур’ёзнае».

Побач з імі працавала і Ганна Раманаўна, катэхетка з катэдры. Ксёндз Юзаф прапанаваў Наталлі і Анатолю прыйсці да яе на заняткі і паслухаць тое, пра што яны яшчэ не чулі ў сваім жыцці. І яны прыйшлі. Заняткі працягваліся амаль паўгода. За гэты час умацавалася іх каханне і яны вырашылі пажаніцца. На гэта рашэнне таксама паўплывала адна дзівосная падзея. Анатоль так добра і не зразумеў, што гэта было — сон ці нейкая звышнатуральная з’ява. Вось што ён расказваў:

— Аднойчы пад раніцу, у спальні, насупраць вакна, узнікла белае воблака, з якога пачуўся голас. Гаварылася, што калі я цяпер не ажанюся, то ўжо ніколі не ажанюся. А ў халасцяцкім жыцці таксама два шляхі: пайсці ў манастыр, але для гэтага патрэбныя вялікія намаганні, або другі шлях і, магчыма, вельмі слізкі. Памятаю, што ў мяне халодны пот выступіў, калі ўбачыў на нейкія долі секунды, што можа здарыцца на тым дрэнным шляху.

У маі былі скончаны заняткі па катэхізацыі, а 12 жніўня ксёндз Юзаф удзяліў маладым сакрамэнт шлюбу. Да гэтай падзеі яны прыйшлі добра падрыхтаванымі, перажыўшы шчырую споведзь. Прыклад іх навяртання пацвярджае тую ісціну, што жывая вера пачынаецца з сапраўднага пакаяння. Сёння яны бясконца ўдзячныя Пану Богу за тое, што паставіў на іх шляху такіх мудрых, па-сапраўднаму святых людзей, як ксёндз Юзаф Маціс, сястра Ганна Раманаўна, якія дапамаглі адчыніць сэрцы на Божую ласку. А з жывою вераю, калі адчуваеш Божую прысутнасць у сваім жыцці, нашмат лягчэй пераносяцца ўсе выпрабаванні.

Сёння іх старэйшаму сыну Артуру ўжо 13 гадоў, але ён па-ранейшаму не ходзіць і не размаўляе, хоць па ўсім бачна, што гэта шчаслівае дзіця. Яго аддана і самаахвярна любяць бацькі, а таксама вельмі любяць сямігадовая сястрычка Эмілія і чатырохгадовы брацік Арцём. Побач са сваім старэйшым братам малодшыя вучацца сапраўднай дабрыні, міласэрнасці, ахвярнасці. Перш чым нешта смачнае з’есці, нясуць заўсёды Артуру.

— Маўклівае цярпенне сына — вялікі прыклад і для нас, — гаворыць Анатоль. — Калі бачым яго пакуты, сорамна наракаць і скардзіцца на нейкія цяжкасці.

Каля дзесяці гадоў таму Божы Провід прывёў сям’ю Кажушкаў у касцёльную супольнасць «Факаляры», што з італьянскай мовы перакладаецца як «Ачаг». Дэвіз гэтай супольнасці: «Каб усе былі адно». Тут вучацца разважаць над словам Божым, вучацца любіць Бога і бліжняга, не на словах, а на справе бескарысліва і шчодра стараюцца дапамагаць адзін аднаму. Так, дзякуючы сябрам з «Факаляраў» у Анатоля вырашылася праблема з працай. Пасля заканчэння геалагічнага факультэта БДУ ён 13 гадоў працаваў у Міністэрстве ўнутраных справаў экспертам-крыміналістам. Часта яго суткамі не было дома. Пакутаваў сам, пакутавала сям’я. Здавалася, што няма выйсця, але Бог прыйшоў са сваёй дапамогаю. Цяпер Анатоль працуе ў арганізацыі, якая займаецца праектаваннем рамонту аўтадарог. «Чым больш усведамляеш, што без Бога нічога немагчыма зрабіць, тым больш Пан Бог праяўляе сваю шчодрасць», — гаворыць Анатоль.

Тры гады таму сям’я атрымала 4-пакаёвую кватэру, дакладней, пабудавала. Але і тут, па словах гаспадароў, Пан Бог паклапаціўся, каб фінансава яны не былі занадта абцяжараныя. «У сваіх малітвах мы заўсёды дадаем: не нашая, але Твая воля няхай будзе, Пане, — гаворыць Наталля, — і атрымліваем заўсёды больш, чым просім».

Наталля таксама расказала, што ў іх сям’і вельмі любяць маліцца да Маці Божай Вастрабрамскай і заўсёды адчуваюць Яе падтрымку. Сказала, што вельмі хоча як найчасцей бываць у касцёле. Але, на жаль... У такія хвіліны яна глядзіць на прыкутага да інваліднай каляскі сына і разумее, што яна павінна цяпер быць менавіта каля гэтага свайго крыжа, яна павінна быць разам з Марыяй, бо толькі Міласэрная Маці, якая зведала невымоўны боль пад Крыжам свайго Сына, добра яе разумее. І заўсёды дапаможа.

Галіна Калевіч.
Фота з архіва сям’і Кажушкаў.