Кажучы шчыра, калі я ўпершыню даведаўся пра Легіён Марыі, адразу крыху насцярожыўся. Ці мала якіх рухаў існуе ў свеце? Нават, памятаю, пазваніў знаёмаму святару, каб запытацца, што гэта за рух такі новы — са сваім статутам, правіламі, заданнямі… Святар супакоіў мяне, адказаўшы: «Калі рух унутры Касцёла і яго сходы праходзяць у касцёле, баяцца няма чаго». А пасля сталася так, што праз некаторы час менавіта гэты святар пачаў апекавацца прэзідыумам Легіёну. Гэта адбывалася ў Гродне гадоў пяць таму, калі Легіён толькі распачынаў там сваю працу.

Сёння прэзідыум гродзенскіх легіянераў вядомы не толькі ў парафіі св. Францішка Ксавэрыя (гродзенская катэдра, у якой дзейнічае прэзідыум) — пра яго не раз пісалі на старонках часопіса «Ave Maria». Дзякуючы Божай ласцы Легіён Марыі квітнее і развіваецца.

Размаўляючы з моладдзю, можна пачуць, што Легіён — гэта справа для пажылых людзей, у якіх шмат вольнага часу. Маўляў, штотыднёвыя сходы — зусім не для маладых, якія вечна нечым занятыя. Але гэта не так. І стварэнне першага ў Мінску моладзевага прэзідыума Легіёну Марыі —пацверджанне гэтаму. Легіянераў тут зусім няшмат — толькі трое, але, як кажуць, моц не ў колькасці… Мы звярнуліся да іх з пытаннямі.

— Раскажыце, калі ласка, пра сябе і пра тое, як вы прыйшлі ў Легіён Марыі.

Вольга Купрэйчык (студэнтка IV курса факультэта бізнесу БДУ):
— У Легіёне я ўжо больш за два гады. Але абяцанні легіянера склала толькі паўтары гады таму. Спачатку ў нас быў старэйшы прэзідыум, і толькі тры месяцы назад мы аддзяліліся, утварыўшы прэзідыум моладзевы. У тлумачэнні да арганізацыі працы Легіёну напісана, што ў моладзевы прэзідыум могуць уваходзіць вернікі да 18 гадоў. Нам крыху больш, але мы называемся моладзевым прэзідыумам. Мы вырашылі менавіта так, каб заахвоціць і зацікавіць справаю Легіёну іншую моладзь, каб да яго найбольш далучаліся маладыя людзі. Мяне ў Легіён запрасіў Сяргей Маціеўскі. Хаця ў Бабруйску, адкуль я родам, таксама працуюць легіянеры, пра супольнасць я даведалася толькі ў Мінску. Калі я ўжо далучылася да лёгіянераў, убачыла, што ў нашым бабруйскім касцёле нават аб’явы былі: «Спатканні Легіёну». Але пра іх працу я раней не чула. Калі ўзгадваць першы сход, на якім я прысутнічала, адразу ж ўразілі дысцыпліна і парадак, узаемапавага сярод легіянераў. Вельмі запомнілася так званае «прывітанне Марыі», калі трэба ўстаць і сказаць: «Я тут, Марыя!» і распавесці пра тое, выканаў ты сваё заданне ці не.

Марына Ліпай (трэцякурсніца хімфака БДУ):
— У Легіёне Марыі я крыху больш за год. Абяцанні склала ў верасні мінулага года. Працаваць мне падабаецца, тым больш натхняе існаванне моладзевага прэзідыума. Хоць нас і мала, але мы стараемся рабіць усё дружна і разам. Першы раз я трапіла на сустрэчу Легіёну Марыі такім чынам. Мяне запрасілі на святую Імшу ў першы панядзелак месяца (у гэты дзень святую Імшу заўжды цэлебруюць у інтэнцыі легіянераў). І мне даручылі падчас ахвяравання дароў несці кветку. Пасля Імшы адбывалася паседжанне прэзідыума. Было вельмі шмат людзей, гэта мяне крыху здзівіла, але сярод іх было ўсяго некалькі маладых людзей. Я зацікавілася, захацелася даведацца, чым займаецца Легіён, чым дыхае.

Сяргей Маціеўскі (працуе):
— Праца ў моладзевым Легіёне Марыі — гэта маё другое вяртанне. Першы раз, калі я прыйшоў сюды па запрашэнні, несумленна паставіўся да справы. Тады нам сапраўды не хапала моладзі, ды і сама справа аказалася няпростая. Але праз некаторы час настаў такі момант у маім жыцці, калі я даў неафіцыйнае, уласнае абяцанне Марыі, што абавязкова стану легіянерам. Я вельмі баяўся, што мяне не прымуць у Легіёне так, як раней. Але дарэмна баяўся: не толькі прынялі, але і абралі старшынёй у новы моладзевы прэзідыум.

— Ці можаце ўзгадаць самыя складаныя заданні, якія вы атрымлівалі?

Сяргей:
— Найбольш складаная і эмацыйна багатая — гэта праца ў абартарыях. Але атмасферу, якая пануе ў гэтых установах, трэба ўмець вытрымаць. Можна сказаць, што ў поўнай меры ты станеш легіянерам толькі тады, калі папрацуеш менавіта там, адчуеш, што значыць «сапраўдная праца легіянера», бо іншыя месцы — вакзалы, шпіталі, вуліцы — гэта нешта зусім іншае. Працу нельга назваць лёгкай, але яна павінна выконвацца, хоць чалавек, які заўжды займаецца адным і тым жа і хутка прызвычайваецца, вельмі цяжка вяртаецца да рытму жыцця Легіёну.

Марына:
— Для мяне самым складаным было заданне, калі разам з сястрой Валянцінай мы ездзілі да псіхічна хворай жанчыны. Часам было вельмі страшна, бо яна ўвогуле не магла стрымліваць свае эмоцыі. Памятаю, у яе пакоі на стале ляжаў нож, і гэта палохала, бо жанчына магла ў любы момант узяць яго і... Але ўсё было добра. Я тады шмат малілася, а сястра Валянціна размаўляла з гэтай жанчынай. Здаецца, гэта было маё першае заданне.

Вольга:
— Я некалькі разоў была ў абартарыі разам з сястрой Галінай Калевіч. Гэта насамрэч проста жудасна. Там увогуле ніхто нічога не хоча слухаць! Зусім нічога! Адзін раз я адважылася падысці да дзяўчыны, але тая вельмі рэзка адказала мне, і я была вымушаная паклікаць на дапамогу сястру. Пасля мы ўсё ж вырашылі, што для моладзі хадзіць у абартарыі — вельмі складанае заданне...

— Як быць у сітуацыі, калі чалавек зусім адмаўляецца размаўляць з вамі? Што рабіць, калі чалавек не хоча адкрывацца?

Сяргей:
— Кожны з нас па-свойму ставіцца да гэтага, у залежнасці ад характару. Калі бачная толькі агрэсія, я не лічу вартым засяроджваць менавіта на гэтым чалавеку ўсю сваю ўвагу, бо невядома, як ён стане сябе паводзіць. Але калі заўважаю, што чалавек вагаецца ў размове, тады я спрабую да яго дастукацца. Людзі розныя, не ўсе адразу паказваюць сябе такімі, якія яны ёсць.

— Любая праца патрабуе ад чалавека адказнасці і часу. Як атрымліваецца сумяшчаць працу легіянера з вучобаю, асабістым жыццём і іншымі заняткамі?

Марына:
— Як казаў святы Аўгустын, трэба паставіць Бога на першае месца, а ўсё астатняе само стане на свае месцы. Вядома, на хімічным факультэце я мушу вучыцца з ранку да вечара, у дзве змены. Але стараюся знайсці вольны час, каб сабрацца ўсім разам: мы давяраемся Пану Богу і ідзем выконваць заданні. Заўсёды можна знайсці крышачку часу, а для Пана Бога — тым больш...

Сяргей:
— Калі я ўпершыню прыйшоў у Легіён, гэта сапраўды выклікала пэўныя цяжкасці. Вядома, для сучаснага чалавека праблема часу — хіба што самая вялікая праблема. Атрымліваецца, што ў легіянера як мінімум два дні на тыдзень занятыя: першы — калі ты абавязкова прыходзіш на сход, а другі — калі ты ідзеш выконваць заданні. Але я добра разумею значнасць, якую маюць нашы заданні. Значнасць не для нас, а для тых людзей, да якіх мы ідзем. Таму з часам я прызвычаіўся да такога рытму працы.

Вольга:
— Так, час бяжыць, а паспець стараешся паўсюль. Для мяне кожны аўторак — дзень нашага сходу, абавязковы і вельмі істотны, бо ў самой сустрэчы і ў сумеснай малітве — вялікая сіла. Легіянер і сам штодня павінен маліцца, але ў гэты дзень нашыя малітвы аб’ядноўваюцца. Мы ўзрастаем духоўна.

Сяргей:
— Справа, да якой мы спрычыняемся, вельмі адказная, і да яе пакліканы па сутнасці кожны чалавек. Адзінае адрозненне ў тым, што мы бярэм на сябе абавязкі, якія выконваем. Для нас Легіён — не гурток па зацікаўленасцях. Я заклікаю моладзь, каб яна адказна ставілася да справы, на якую яе паклікаў сам Хрыстус, бо кожны з нас з’яўляецца Яго апосталам…

Ад імя чытачоў часопіса «Ave Maria», а асабліва «Моладзевага квартала», пажадаем моладзеваму прэзідыуму моцы, духоўнай сілы і апекі Маці Божай у нялёгкай справе!

Гутарыў Ілья ЛАПАТО.
Фота аўтара.

«Сёння ў Беларусі каля 500 актыўных легіянераў, яшчэ каля 600 — дапаможных, — гаворыць духоўны кіраўнік Легіёну Марыі ў Беларусі айцец Юрый Находка OCD. — У Беларусі каля 60 прэзідыумаў, сканцэнтраваных, у асноўным, у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Мы працуем над распаўсюджаннем працы Легіёну і ў іншых дыяцэзіях, стараемся рэкламаваць рух у парафіях, на сустрэчах пробашчаў і святароў. Легіянеры працуюць у розных галінах — перадусім гэта апостальства — яны пакліканыя да евангелізацыі свайго штодзённага асяродку. Рух Легіёну ўзнік у Ірландыі як ініцыятыва свецкіх католікаў, якія такім чынам хацелі ўключыцца ў справу евангелізацыі.

У Беларусі легіянеры шмат размаўляюць з моладдзю пра духоўнае жыццё, споведзь, захаванне касцёльных і Божых запаведзяў. Яны заахвочваюць людзей знайсці ў жыцці месца для Касцёла і веры, дапамагаюць хворым, якія жадалі б сустрэцца са святаром, падрыхтоўваючы іх да сустрэчы. У Легіён Марыі ўваходзяць пераважна старэйшыя асобы. Той, хто сам сталы ў веры, можа падзяліцца сваім прыкладам і сваім досведам з іншымі. Паступова ўзнікаюць дзіцячыя і моладзевыя прэзідыумы. У Беларусі моладзевыя прэзідыумы ўжо існуюць у Стоўбцах, Мінску, Магілёве, Маладзечне, Вілейцы, Смаргоні, Гродне і іншых мясцінах. Кожны, хто мае моцную веру і хоча дзяліцца ёю з іншымі, можа знайсці для сябе месца ў Легіёне Марыі».