«Любі Пана, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і усёю душою тваёю, і ўсімі сіламі тваімі» (Дрг 6, 5), — гэтыя словы Запавету, заключанага Богам са сваім народам і паўтораныя Езусам як галоўная запаведзь любові (Мц 22, 37), зноў і зноў абуджаюць у сэрцы хрысціяніна жаданне паглыбляць сваю любоў да Бога. Традыцыйна першы летні месяц у Каталіцкім Касцёле прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Менавіта праз ушанаванне Сэрца Езуса Хрыста чалавек веруючы можа больш глыбока прыняць таямніцу ўцелаўлення і збаўлення як аб’яўленне Божай любові да людзей і адкрыцца на тое, каб адказаць на яе сваёю любоўю і цалкавітай адданасцю Найвышэйшаму.
Культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса як культ ушанавання Божай любові пачаў распаўсюджвацца пасля аб’яўленняў Езуса Хрыста св. Маргарыце Марыі Алякок у 1675 годзе і паступова ахапіў увесь паўсюдны Касцёл, а ў 1856 годзе было ўстаноўлена свята Найсвяцейшага Сэрца.
Прапануем чытачам Ліст Святога Айца Бэнэдыкта XVI з нагоды 50-годдзя энцыклікі Haurietis aquas, якое адзначалася ў 2006 годзе і ў якой папам Піем XII былі абгрунтаваныя білейскія, патрыстычныя і тэалагічныя крыніцы культу Найсвяцейшага Сэрца, яго сувязь з Найсвяцейшай Тройцай і яго месца ў гісторыі збаўлення, у літургіі, а таксама ў жыцці Касцёла.

Словы прарока Ісаі — «Вы будзеце з радасцю чэрпаць ваду з крыніцаў збаўлення» (Іс 12, 3), — якімі распачынаецца энцыкліка Haurietis aquas Пія XII, напісаная з нагоды 100-годдзя ўстанаўлення свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса ва ўсім Касцёле, і сёння, праз пяцьдзесят гадоў, не страцілі свайго значэння. Садзейнічаючы пашырэнню культу Сэрца Езуса, энцыкліка Haurietis aquas заклікала вернікаў адкрываць таямніцу Бога і Ягонай любові, дазваляць гэтай Божай любові перамяняць іх. І праз пяцьдзесят гадоў для хрысціянаў надалей застаецца актуальным заданне ўсё больш паглыбляць сваю сувязь з Сэрцам Езуса, нанава ажыўляючы ў сабе веру ў Божую любоў, якая прыносіць збаўленне, і дзякуючы гэтай веры ўсё больш прымаць гэтую любоў у сваё ўласнае жыццё.

Энцыкліка Haurietis aquas указвае на прабіты бок Збаўцы як на крыніцу. Мы павінны чэрпаць з гэтай крыніцы, каб дасягнуць сапраўднага ведання Хрыста і як мага глыбей перажываць Ягоную любоў. Тады мы зможам лепей спасцігнуць, што гэта значыць — пазнаць у Езусе Хрысце Божую любоў, перажываць яе, углядаючыся ў Хрыста, аж пакуль мы цалкам не будзем жыць Яго любоўю так, што зможам сведчыць пра яе іншым людзям. Таму што — як казаў мой дарагі папярэднік Ян Павел ІІ — «ад Сэрца Езуса вучыцца чалавечае сэрца пазнаваць праўдзівы і непаўторны сэнс свайго жыцця і свайго прызначэння, спасцігаць каштоўнасць сапраўды хрысціянскага жыцця, засцерагаць сябе ад пэўнай сапсаванасці чалавечага сэрца і злучаць у сабе сыноўнюю любоў да Бога з любоўю да бліжняга. Так на руінах, нагрувашчаных нянавісцю і насіллем, зможа паўстаць такая жаданая цывілізацыя любові, валадарства Сэрца Езуса. Гэта і ёсць на самай справе тое перапрашэнне, якога чакае Сэрца Збаўцы»1.

Пазнаць Божую любоў у Езусе Хрысце

У энцыкліцы Deus caritas est я спаслаўся на словы з Першага Паслання св. Яна: «Мы пазналі і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог», каб падкрэсліць, што на пачатку існавання хрысціяніна стаіць сустрэча з Асобаю2. Паколькі Бог найпаўней аб’явіў сябе, калі прыняў у сваім Сыне чалавечую прыроду і стаў у Ім «бачным», то ў адносінах з Хрыстом мы можам пазнаць, кім на самай справе з’яўляецца Бог3. І далей, паколькі Божая любоў знайшла сваё найглыбейшае праяўленне ў тым, што Хрыстус аддаў за нас сваё жыццё на крыжы, то мы можам — перадусім, углядаючыся ў Яго пакуты і Яго смерць, — усё больш ясна пазнаваць нязмерную любоў Бога да нас: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго , не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).

Таямніца любові Бога да нас — гэта, аднак, не толькі аб’ект для культу Сэрца Езуса. Яна з’яўляецца таксама зместам кожнай сапраўднай містыкі і хрысціянскай пабожнасці. Таму так важна зрабіць акцэнт на тым, што падставы гэтага культу такія ж старажытныя, як і само хрысціянства. А менавіта, існаванне хрысціяніна магчымае толькі тады, калі ён звяртае свой позірк да крыжа нашага Збаўцы, углядаецца ў Таго, «якога яны прабілі» (Ян 19, 37; пар. Зах 12, 10). Энцыкліка Haurietis aquas небеспадстаўна нагадвае нам пра тое, што рана ў боку і шрамы, пакінутыя цвікамі, для незлічонай колькасці душаў былі знакам любові, якая накладвала ўсё мацнейшы адбітак на жыццё гэтых душаў4. Пазнанне ва Укрыжаваным Божай любові стала іх унутраным досведам, і гэта дазваляе ім вызнаваць разам з Тамашам: «Пан мой і Бог мой» (Ян 20, 28), а ў сваім безагаворачным прыняцці Божай любові яны могуць дасягнуць самых глыбіняў веры5.

Перажываць Божую любоў, углядаючыся ў Сэрца Езуса Хрыста

Найглыбейшае значэнне культу ўшанавання Сэрца Езуса адкрываецца тады, калі мы ўважліва разгледзім не толькі яго ўклад у пазнанне Божай любові, але таксама — і перадусім — яго ўклад у асабістае перажыванне гэтай любові як поўнае даверу і адданасці служэнне ёй6. Уласны досвед і пазнанне, зразумела, не застаюцца аддзеленымі адно ад аднаго — яны спасылаюцца адно на аднаго. Акрамя таго, трэба падкрэсліць, што сапраўднае пазнанне Божай любові магчымае толькі ў паставе пакорнай малітвы і велікадушнай гатоўнасці аддаць сябе ў поўнае распараджэнне [Таму, хто з’яўляецца крыніцаю гэтай любові]. У кантэксце такой унутранай паставы позірк, звернуты на прабіты кап’ём бок Збаўцы, становіцца ціхай адарацыяй. Сузіранне прабітага боку Пана, з якога выцеклі «кроў і вада» (пар. Ян 19, 34), дапамагае нам пазнаць багацце дароў ласкі, якія струменяць з яго7, робіць нас адкрытымі на ўсе іншыя формы хрысціянскай пабожнасці, заключаныя ў кульце Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Вера, зразуметая як плод уласнага досведу Божай любові, — гэта ласка, Божы дар. Аднак чалавек можа мець веру толькі па меры ласкі, па меры таго, наколькі ён прымае яе ў сваё сэрца як дар, наколькі прагне ёю жыць. Культ ушанавання Божай любові, да якога заклікала веруючых энцыкліка Haurietis aquas8, павінен дапамагчы нам няспынна разважаць над тым, што Хрыстус дабравольна прыняў на сябе гэтыя пакуты «дзеля нас», «дзеля мяне». Калі мы ўшаноўваем Сэрца Езуса, то не толькі, поўныя ўдзячнасці, выказваем пашану Божай любові, але ўсё больш адкрываемся для гэтай любові, так што нашае жыццё паступова фармуецца ёю. Бог, які вылівае сваю любоў «у сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам» (пар. Рым 5, 5), нястомна запрашае нас прыняць Ягоную любоў. Таму запрашэнне цалкам аддацца любові Хрыста, якая прыносіць збаўленне, ахвяраваць сябе ёй, сваёй першаю мэтаю мае сувязь з Богам9. І гэтым тлумачыцца, чаму культ, які цалкам датычыць Божай любові, любові Бога, які прыносіць сябе ў ахвяру дзеля нас, мае такое незаменнае значэнне для нашай веры і для нашага жыцця ў любові.

Жыць досведам Божай любові і сведчыць пра яе

Той, хто ў глыбіні душы прымае Божую любоў, фармуецца ёю. Досвед Божай любові перажываецца чалавекам як «заклік», на які ён павінен адказаць. Позірк на Пана, які «ўзяў на сябе нашую слабасць і панёс хваробы» (Мц 8, 17), дапамагае нам станавіцца больш уважлівымі да цярпенняў і патрэбаў іншых людзей. Сузіранне ў адарацыі прабітага кап’ём боку робіць нас успрымальнымі да збаўчай волі Бога. Такое сузіранне дае нам здольнасць самім даверыцца міласэрнай любові, якая прыносіць збаўленне, і ў той жа час умацоўвае ў нас прагненне ўдзельнічаць у Яго збаўчай справе, становячыся Ягонымі прыладамі. Дары, прынятыя з прабітага боку, адкуль выцеклі «кроў і вада» (пар. Ян 19, 34), прычыняюцца да таго, што нашае жыццё для іншых людзей таксама становіцца крыніцаю, з якой выплываюць «рэкі жывой вады» (Ян 7, 38)10. Досвед любові, пачэрпнуты з ушанавання прабітага боку Збаўцы, захоўвае нас ад небяспекі замкнуцца ў саміх сабе і чыніць так, што мы становімся больш здольнымі быць у распараджэнні іншых, жыць дзеля ўсіх людзей. «Па гэтым пазналі мы любоў, што Ён аддаў за нас сваё жыццё. І мы павінны аддаць жыццё сваё за братоў» (1 Ян 3, 16)11.

Адказ на запаведзь любові становіцца магчымым толькі дзякуючы досведу таго, што любоў была падараваная нам Богам ужо раней12. Такім чынам, ушанаванне той любові, якая становіцца бачнаю ў актуалізаванай падчас кожнай эўхарыстычнай цэлебрацыі таямніцы Крыжа, з’яўляецца падставаю для таго, каб мы маглі стаць людзьмі, здольнымі да любові і самаадданасці13, і праз гэта былі прыладамі ў руках Хрыста, — толькі такім шляхам магчыма стаць верагодным абвяшчальнікам Ягонай любові. Аднак гэтае адкрыванне самога сябе на Божую волю павінна пастаянна аднаўляцца, бо «любоў ніколі не з’яўляецца „закончанай“ і завершанай»14. Такім чынам, позірк на «прабіты дзідаю бок», з якога бясконца ззяе збаўчая воля Бога, не можа разглядацца выключна як нейкая часовая форма пабожнасці. Адарацыя Божай любові, знайшоўшы сваё гістарычнае і культавае ўвасабленне ў сімвале «прабітага сэрца», застаецца неадменнаю для жывой сувязі з Богам15.

Няхай жа <...> у сэрцах усё большай колькасці вернікаў узнікае поўны самаадданасці адказ на любоў Сэрца Езуса. З пажаданнем гэтага ўдзяляю вам <...>, хто актыўна прыкладае намаганні для садзейнічання гэтаму культу, спецыяльнае апостальскае благаслаўленне.

Падрыхтавала Ірына Бурак.

Паводле Ліста Бэнэдыкта XVI да Генеральнага настаяцеля Таварыства Езуса з нагоды 50-годдзя энцыклікі Haurietis aquas, 15 мая 2006 года.



Пане, прыходжу да Цябе
(паводле Бэнэдыкта XVI)

Пане, прыходжу да Цябе, бо Ты — мая адзіная Дарога. Я хачу ісці шляхам Тваіх запаведзяў, Твайго навучання, Твайго прыкладу. Хачу наследаваць Цябе ў паслухмянасці, адрачэннях, ахвярнасці. Гэта шлях, які вядзе да Цябе, да неба.

Езу, Ты — маё жыццё дзякуючы асвячальнай ласцы, якая з’яўляецца жыццём нашых душаў. Ты — маё жыццё дзякуючы Твайму вучэнню, якое нясе ў сабе словы вечнага жыцця. Ты — маё жыццё дзякуючы святым сакрамэнтам, асабліва сакрамэнту Эўхарыстыі, у якой Хлеб Жывы сыходзіць з неба. Ты — маё жыццё дзякуючы Твайму Найсвяцейшаму Сэрцу, якое з’яўляецца крыніцаю жыцця для кожнай асобнай душы, а таксама збаўленнем для ўсяго чалавецтва.

Усім сэрцам веру Твайму слову. Глыбока прагну Эўхарыстыі, Жывога Хлеба, які сышоў з неба. Шырока адкрываю сваё сэрца на жыватворныя крыніцы ласкі, якія струменем б’юць з Твайго Сэрца. Згаджаюся з усімі Тваімі планамі. Няхай Тваё Боскае Сэрца валадарыць над усімі дзецьмі Касцёла і над усім чалавецтвам. Амэн.