У трохсотгадовай гісторыі адно дзесяцігоддзе, як кропля ў моры — было, мінула, паглынулася часам і таксама стала гісторыяй, яе неад’емнаю часткаю. Ужо больш за дзесяцігоддзе свайго жыцця ўклаў у гісторыю мінскай архікатэдры яе сённяшні пробашч — ксёндз Антоні Клімантовіч. Уклаў, як цаглінку ў падмурак велічнага гмаху, каб мацней стаяў, каб больш упэўнена трымаўся... Пра гэтае дзесяцігоддзе служэння ў архікатэдральнай парафіі — наша з ім размова.

— Ксёндз Антоні, адлік гісторыі ў мінскай архікатэдры пачаўся для Вас з 1995 года, калі Вы прыйшлі сюды працаваць дыяканам і затым, 9 ліпеня, з рук ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка атрымалі святарскае пасвячэнне. Прыгадайце, калі ласка, той час і пачатак вікарыяту ў мінскай архікатэдры.

— Для мяне было прыемнаю нечаканасцю трапіць у Мінск пасля семінарыі. Спачатку я служыў у катэдры дыяканам, а потым — вікарыем. І паколькі да семінарыі я ўвогуле не жыў у горадзе, бо нарадзіўся і вырас у вёсцы (зрэшты, семінарыя таксама не ў лік, бо гэта закрытая навучальная ўстанова), то было ўсё ўпершыню, новым і незнаёмым. Але людзі, якія працавалі ў той час у зруйнаванай і толькі нядаўна аддадзенай катэдры, былі вельмі ахвярныя і зычлівыя. Скрозь стаялі рыштаванні, кожны дзень было шмат пылу і бруду, бо ішлі працы па аднаўленні касцёла і парафіяне штодня рыхтавалі яго да святой Імшы. Яны дапамагалі нам, а мы, святары, дапамагалі ім... Было складана, цяжка, але вельмі цікавава, бо святыня будавалася на нашых вачах... Гэта ў той час кардынал сказаў, што вяртанне мінскай архікатэдры і гісторыя святыні, якая цяпер распачынаецца наноў, — гэта гісторыя ўсяго Касцёла на Беларусі... І сапраўды, тады ж не толькі наша катэдра, але многія касцёлы былі ў руінах, многія аднаўляліся і будаваліся новыя. Таму, нягледзячы на цяжкасці, хацелася працаваць і працаваць дзеля хутчэйшага аднаўлення і катэдры, і катэдральнай парафіі.

— Так, сапраўды, аднаўляліся не толькі муры святыні, аднаўляўся жывы касцёл, парафіяльная супольнасць...

— Цяпер ужо вельмі многіх з тых, хто тады складаў касцяк парафіі і вельмі моцна дапамагаў, на жаль, няма сярод нас, але я заўсёды іх памятаю ў сваіх малітвах, бо гэтыя людзі сапраўды былі адданыя Касцёлу, ахвярна служылі яму і заўсёды стаялі на яго варце. Іх я ўвесь час памятаю і буду памятаць. Часам толькі шкада, што не заўсёды чалавек можа паспець з дапамогаю, з добрым словам. Але такое жыццё... Таму трэба імкнуцца ўсё рабіць своечасова, асабліва дапамагаць іншаму, як сказаў ксёндз і паэт Ян Твардоўскі: «Спяшайцеся любіць людзей. Яны так хутка адыходзяць...»

— А якія падзеі з таго часу Вам найбольш запомніліся, што найчасцей згадваецца?

— Вельмі запомнілася тая капліца, што была ў прыбудове на трэцім паверсе, дзе тады збіралася зусім мала людзей. Калі прыходзіла на Імшу 20–30 чалавек, то гэта ўжо было вельмі добра. Але тыя першыя святыя Імшы мне дасюль згадваюцца. Потым, калі мы перайшлі ў адрэстаўраваную бакавую наву, ужо быў бачны касцёл, скляпенні... Хоць вакол усё было зацягнута плёнкаю і да завяршэння рэстаўрацыі было вельмі далёка, але людзі радаваліся...

Асабліва ж памятаюцца тыя хвіліны, калі я прымаў святарскае пасвячэнне. Падлога была страшэнна рыпучая, і таму яе ўсю заслалі дыванамі. Мабыць, не кожны прымаў пасвячэнне на такім мностве дываноў. (Смяецца.) Тыя перажыванні сапраўды засталіся ў душы назаўсёды, бо гэта было першае святарскае пасвячэнне на першым паверсе катэдры: да гэтага ксёндз кардынал удзяляў святарскія пасвячэнні на трэцім паверсе...

Памятаю, як засыпалі керамзіт у алтарную частку, каб была лягчэйшая падлога. Памятаю, як клалі гэтую падлогу, як тынкавалі сцены... Памятаю ўсіх працаўнікоў з польскай рэстаўрацыйнай майстэрні REHABIT, якія выконвалі ўсе гэтыя працы і рабілі ўсё вельмі аддана і сумленна. Памятаю, як узносіліся вежы, як у бочнай капліцы ўсталёўваліся купалы, як падымалі крыжы...

Увогуле, рэстаўрацыя катэдры — гэта як адна памятная падзея. Так, яе можна падзяліць на эпізоды, але гэта ўсё роўна адно цэлае...

— Напэўна, Вам было цяжкавата. Што дапамагала вытрываць?

— Радасць ад таго, што адчуваў сябе тут патрэбным. Гэта найбольшая радасць для святара, дый для чалавека ўвогуле, калі ён адчувае сябе патрэбным. Зразумела, былі і цяжкія хвіліны, перажыванні, калі хацелася проста плакаць... Тут, у катэдры, на пачатку майго святарства мне шмат дапамог ксёндз Ян Шуткевіч, тагачасны мінскі дэкан і пробашч катэдры. Ён вучыў мяне, падказваў і, галоўнае, адразу даручыў мне ўсё, што я мог рабіць сам. Гэта быў вялікі давер. У далейшым ён таксама дапамагаў мне проста служыць людзям і выконваць тую працу, да якой я пакліканы. Пасля ад’езду ксяндза Яна ў Вільню, калі кардынал Казімір Свёнтэк прызначыў мяне выконваючым абавязкі пробашча, было сапраўды цяжкавата: такая вялікая парафія, вялікая святыня, якую якраз рыхтавалі да рэкансэкрацыі... Сам бы я, напэўна, усяго не зрабіў. Вельмі дапамагалі іншыя людзі, нашы вернікі. Памятаю дапамогу ксяндза Яна Крэміса, бо, калі ён прыйшоў сюды працаваць, дапамагаць мне, мы заўсёды раіліся, што і як найлепш зрабіць. Гэта было вельмі прыемнае супрацоўніцтва. І я, і ён былі тады маладыя, і мы яшчэ вучыліся працаваць. Было цяжка, але цікава — праца была вельмі творчая. Мы заўсёды ўсё ўзгаднялі з Яго Эмінэнцыяй. Часам, калі пыталі ў яго парады, кардынал казаў, што мусіць з гэтым «два-тры дні паспаць»... І сапраўды, два-тры дні ён не даваў нам адказу, а пасля казаў, добрая гэта ідэя ці трэба яшчэ крыху пачакаць.

— Так здарылася, ксёндз Антоні, што большасць часу, у які Вы працуеце тут, катэдра знаходзілася ў рыштаваннях. Нават пасля рэкансэкрацыі ізноў ставіліся рыштаванні, нешта дараблялася. Цяпер касцёл ужо цэлы год без рыштаванняў, прыгожы, утульны, але, здаецца, у Вашых планах ёсць яшчэ штосьці па ўдасканаленні гэтага ўнутранага хараства?

— Мяркуючы па ранейшых здымках катэдры, якіх не так і шмат, яна была вельмі багатаю святыняю. Недарэмна яна была катэдрай. Плануецца яшчэ зрабіць бакавыя алтары, алтары пры калонах, трэба ўзбагаціць прэзбітэрый і трон... Можна шмат чаго пералічыць, але на ўсю гэтую працу патрэбны час і праекты... Я цешуся, што дзякуючы ахвярнасці парафіянаў былі выкананыя стацыі Крыжовага шляху — выдатная мастацкая праца Уладзіміра Андрыенкі. Зрабілі таксама прыгожы галоўны алтар, што з’яўляецца заслугаю найперш Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка. Усе гэтыя рэстаўрацыйныя працы робяць нашую катэдру велічнаю і надзвычай прыгожаю. Цяпер яшчэ вядзецца праца па раскрыцці фрэсак. Мы клапоцімся пра тое, каб захаваць старыя фрэскі такімі, якімі яны ёсць цяпер. У касцёле вільготна, і таму патрэбна тэрміновая кансервацыя фрэсак, бо можам страціць і тое, што ёсць...

Увогуле, планаў вельмі шмат. І час ад часу ўзнікаюць новыя. Катэдра будзе прыгажэць.

— Быць пробашчам галоўнай каталіцкай святыні — гэта вялікі гонар, але і вялікая адказнасць. Як удаецца спраўляцца з абавязкамі?

— Напэўна, сам чалавек нічога не змог бы зрабіць, каб не меў Божай дапамогі і добрых супрацоўнікаў. Мне дапамагаюць ксёндз Віталій Драздоўскі, ксёндз Дзмітрый Пухальскі, сёстры законныя, пан Зэнан, пан Збышак... Мы ўсё робім разам. Дапамагаюць таксама вернікі. Вядома ж, найперш раюся з Яго Эксцэленцыяй арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, асабліва ў найбольш важных пытаннях. З яго прыходам наша архікатэдра стала больш шырока вядомаю ў свеце, бо тут праходзяць важныя міжнародныя канферэнцыі і сімпозіумы. 1 сакавіка 2008 года тут адбыўся першы на Беларусі тэлемост з удзелам Святога Айца Бэнэдыкта XVI.

Цяпер рыхтуемся да вялікай падзеі — 300-годдзя святыні. Вельмі шмат людзей жадае дапамагчы — і малітваю, і матэрыяльна, і працаю, і сваімі шматлікімі ідэямі. Адзін чалавек ніколі гэтулькі працы не зрабіў бы...

— Сапраўды, без такіх актыўных памочнікаў было б складана. А што Вы ўвогуле можаце сказаць пра катэдральную парафію, у чым яе асаблівасць?

— Як я ўжо казаў, калісьці на набажэнствы прыходзіла ўсяго 20–30 чалавек. Цяпер наша парафія вялікая, і колькасць вернікаў пастаянна расце. Калі паназіраць за статыстыкай шлюбаў, хростаў, то бачна, што ў першыя гады было 40–50 шлюбаў у год, а цяпер — больш за паўтары сотні. У гэтым годзе будзе яшчэ больш. Павялічылася і колькасць хростаў. Парафія заўважна разрастаецца. На святых Імшах прысутнічае штораз больш людзей. Моладзь, якая любіць раніцою паспаць, прыходзіць пераважна на вячэрнюю Імшу. Вельмі шмат споведзяў. Спецыфіка катэдральнай парафіі ў тым, што тут заўсёды ёсць святар, які на працягу дня дзяжурыць у сакрыстыі, і ў любы час кожны вернік можа прыступіць да споведзі, звярнуцца да яго з рознымі пытаннямі. Нас тут трое святароў, і мы заўсёды рады, калі людзі прыходзяць да нас, шукаюць дапамогі, бо святар для таго і ёсць, каб дапамагаць людзям вырашаць праблемы, яднацца з Богам...

— Раскажыце крыху пра душпастырства моладзі ў архікатэдры.

— Моладзь — гэта наша будучыня. У архікатэдральным касцёле па традыцыі два разы на год адбываюцца моладзевыя чуванні, на якія збіраюцца маладыя людзі не толькі з нашай архідыяцэзіі, але і з іншых дыяцэзій. Кожны чацвер праводзяцца сустрэчы са студэнцкаю моладдзю, якія ўключаюць малітву, разважанне над Святым Пісаннем, абмеркаванне розных тэмаў, што цікавяць сучасную моладзь. Па панядзелках перад святою Імшою адбываюцца сустрэчы са школьнай моладдзю, а пасля Імшы — моладзевая малітва і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Гэта была ініцыятыва самой моладзі, бо маладыя вернікі разумеюць, што ад малітвы шмат залежыць. І мы бачым, што на гэтыя вячэрнія адарацыі збіраецца ўсё больш людзей, каб у цішыні паразважаць, памаліцца і атрымаць святарскае благаслаўленне...

— Ксёндз Антоні, Вы часта любіце паўтараць прыгожы евангельскі заклік «радуйцеся!». Я назвала б Вас чалавекам радасці. Усходняя мудрасць гаворыць, што дасягнуў вяршыні той, хто ведае, чаму радавацца. А чаму радуецеся Вы як пробашч мінскай архікатэдры, як святар, увогуле як чалавек?

— Усяму радуюся... Кожнаму дню, кожнаму поспеху, кожнаму дасягненню... Ведаеце, вельмі лёгка перадаць іншым свой смутак. Вось адзін раз засмуткаваў — і гляджу: усе смуткуюць... Чаго? Радасць цяжэй перадаваць іншым. Але калі жывеш у радасці, маеш у сабе супакой, то радасць гэтая яднае цябе з іншымі, спрыяе паразуменню з людзьмі і з самім сабою. Увогуле, радасна радавацца...

— Вось і яшчэ адна вялікая радасць нас усіх чакае: 9 кастрычніка будзем адзначаць 300-гадовы юбілей нашай святыні. Раскажыце крыху чытачам часопіса пра падрыхтоўку да юбілею і пра тое, як мяркуецца святкаваць гэтую важную падзею.

— Непасрэдная падрыхтоўка да святкавання юбілею распачнецца навэннай 30 верасня. Будзем маліцца таксама Ружанец да Маці Божай, просячы Яе апекі і заступніцтва. Будуць праведзены спецыяльныя канферэнцыі, якія ўвядуць нас не толькі ў гісторыю і жыццё катэдры, але ўвогуле ў жыццё і гісторыю Касцёла... Дзевяць дзён навэнны дапамогуць вернікам праз гэтыя канферэнцыі больш пазнаць сутнасць Касцёла. Гэта будзе малітоўная і пазнавальная падрыхтоўка для нашых парафіянаў.

На ўрачыстасць запрошана вельмі шмат гасцей. Мы будзем вітаць легата Папы кардынала Ёзафа Томко, шмат біскупаў з іншых дзяржаваў, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу, прадстаўнікоў дзяржаўнай і мясцовай улады, будзем рады бачыць усіх святароў і вернікаў. Перад святыняй будзе ўсталяваны экран, каб больш людзей магло ўдзельнічаць ва ўрачыстасці...

Мінскай архікатэдрай і выдавецтвам «Pro Christo» падрыхтаваны вельмі прыгожы альбом пра нашу святыню, які плануецца выдаць да юбілейнай даты. Такі альбом падрыхтаваны ўпершыню за ўсю гісторыю катэдры. Ужо цяпер мы малітоўна рыхтуемся да юбілею і просім Бога, каб гэтая падзея аднавіла нашу парафію, каб мы яшчэ больш давяралі Богу і больш ахвярна працавалі дзеля Яго хвалы, дзеля тае гісторыі, якую пакінем сваім нашчадкам.

— Дзякуй вялікі, ксёндз Антоні, за шчырую гутарку.

Размаўляла Крыстына Лялько.
Фота з архіва парафіі.