Задарожскі касцёл Маці Божай Ласкавай на Глыбоччыне святкуе сёлета сваё стагоддзе. У параўнанні з парафіяй, якая ўзнікла тут чатырыста гадоў таму, і з тым невялікім драўляным касцёлам, што паўстаў, паводле старой легенды, пасля перамогі Жыгімонта ІІІ Вазы над шведамі як знак падзякі Маці Божай караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага, мураваны чырвоны касцёл зусім малады. Яму ўсяго толькі сто гадоў. Але ўсе мы, хто адчыніў ягоныя дзверы ў дні святкавання, і тыя, хто ўжо не здолее іх адчыніць, усе мы ведалі і ведаем, як моцна ўплеценыя нашы жыццёвыя шляхі ў ягоны. Ён, наш касцёл, стаў часткай нашага жыцця. Гэтак жа, як і мы сталі неад’емнай часткай ягонай гісторыі...

* * *

Мой бацька — равеснік задарожскага касцёла. Сёлета, 1 студзеня, мы, трое з пецярых яго дзяцей, святкавалі стагоддзе з дня нараджэння свайго таты, які вось ужо 16 гадоў спачывае на задарожскіх могілках, блізу нашага касцёла. Побач з ім — апошні прыстанак мамы, трохі воддаль — брата і сястры...

Тата сябраваў з айцом Люцыянам, пробашчам задарожскага касцёла, шмат гадоў. Іх аб’ядноўвала цяжкая хвароба — язвы на нагах. Можа з тае прычыны, а можа і з іншае ў гады майго дзяцінства на гарышчы нашай хаты ляжалі два стосы вялізных абразоў з касцёла, да якіх нам было сурова забаронена набліжацца. Каб не пашкодзіць. Гэта было тады, калі ўлады ўстанаўлівалі касцёлу ліміт, колькі можна мець абразоў, касцёльнага начыння і г.д. Усё, што было звыш таго ліміту, патрабавалася здаваць у сховы дзяржавы. Так і апынуліся тыя абразы на нашым гарышчы і праляжалі там шмат гадоў. Магчыма, тады з касцёла быў усё ж забраны абраз святога Юзафа з Дзіцяткам Езусам, які і цяпер захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея. Вельмі прыгожы абраз.

* * *

Айцец Люцыян Паўлік прыехаў у Задарожжа не з Польшчы, дзе нарадзіўся і ўзгадаваўся, не з польскага Скурца, дзе стаў марыянінам, не з беларускай Друі, дзе распачаў свой святарскі шлях, а са сталінскага лагера Чаболта, у якім ён прабыў 6 пакутніцкіх гадоў. Шэсць замест пакарання смерцю, на якую быў асуджаны, і замест дваццаці пяці гадоў, якія сталінскі суд вызначыў для яго «з ласкі» ўзамен на смерць. У 1956 годзе, калі айцец Люцыян прыехаў у нашу парафію, касцёл пуставаў. Давялося яго рамантаваць ды выганяць галубоў, што пасяліліся пад скляпеннямі. І ўсё ж гэта было не так страшна, як пасля руйнавання святыні трактарамі альбо стойламі для коней. Наша святыня была зачынена, але не спаганена, як ў іншых месцах. Мабыць таму, праз шмат гадоў, генерал ордэну марыянаў Адам Банецкі, увайшоўшы ў яго, упэўнена сцвердзіў, што гэтае месца намоленае і моцна адрозніваецца духам ад нядаўна вернутых да жыцця святыняў.

* * *

Той, хто ў хрушчоўска-брэжнеўскі час патаемна прывозіў да айца Люцыяна хрысціць дзіця, хто ехаў пасля доўгіх гадоў паспавядацца альбо прасіў айца Люцыяна памаліцца ў нейкай інтэнцыі, ведае, што гэта значыла — пераступіць цераз уласны страх, перамагчы яго. Але дзіўная рэч: страх панаваў да таго, як прымалася тое рашэнне, у часе дарогі, у тыя хвіліны, калі людзі набліжаліся да касцёла, тады, калі цябе маглі ўбачыць нядобрыя вочы даносчыкаў. Такія, на жаль, таксама здараліся блізу нашага касцёла. А зрэшты, каля якога ў той час іх не было?

Але страх пакідаў, калі чалавек адчыняў цяжкія касцёльныя дзверы. Пакідаў і... падступаў новы, той, які ў катэхізісе называюць Божай бояззю. Бо верніка чакала размова з ксяндзом Люцыянам, чакала споведзь, часта пасля доўгіх гадоў жыцця без Бога. Ксёндз Люцыян не лічыўся ні з прафесіяй, ні з пасадай, ні нават з тым, камсамолец ты, камуніст альбо беспартыйны. Для яго ўсе былі роўныя. Няпроста часам вяліся тыя размовы. Але як жа лёгка станавілася на душы пасля іх!

* * *

Задарожскі касцёл унікальны сваім месцазнаходжаннем. Хоць ён і носіць імя тутэйшай вёскі, але знаходзіцца не ў ёй, а паміж суседнімі — Вусавам і Мнютам. А вакол шмат-шмат іншых вёсак!.. У хрушчоўска-брэжнеўскі час ягоная парафія раскінулася на палову Віцебшчыны, а то й далей, шырэй...

У гады сваёй маладосці мая маці хадзіла ў касцёл са сваіх Чаранкоў за восем кіламетраў. Хадзіла басанож, несучы ў руках туфлі, каб абуць іх на падыходзе да касцёла. Ні яна, ні яе сястра, ні сяброўкі не лічылі гэтую адлегласць далёкай, цяжкай. Тым больш, што ў дзяцінстве, калі наведвалі ўрокі рэлігіі, якія праводзіў для іх ксёндз Францішак Рамэйка, яны адольвалі тыя восем кіламетраў амаль бегма. Мама ўзгадвала, што тая катэхізацыя была для іх сапраўдным святам, бо пасля заняткаў ксёндз выносіў ці то мандаліну, ці то балалайку, сядаў пад касцёльнымі ліпамі і пачынаў граць ды весела спяваць:

Бульбу смажаць,
бульбу параць,
Бульбу печанай ядуць...

Весела было малым слухаць яго ды падпяваць, радасна. Ды толькі знайшліся пільныя людзі і данеслі польскім уладам на «няправільнага» ксяндза, які не толькі песні з дзятвой па-беларуску спявае, але нават і казанні на беларускай мове кажа. Непарадак! Ксяндза Францішка забралі, і ў хуткім часе ён трагічна загінуў у Вільні...

* * *

Стромкі чырвоны гмах задарожскага касцёла натхняў у свой час «вечнага вандроўніка», мастака Язэпа Драздовіча. І аднойчы па дарозе з Германавічаў у свае родныя Пунькі ён увасобіў яго на сваім палатне...

Не змаглі прайсці-праехаць паўз яго і ўдзельнікі пленэра імя Драздовіча ўжо напрыканцы ХХ стагоддзя. І як вынік — задарожскі касцёл з’явіўся на іх палотнах.

Ведала аднаго хлопчыка, які маляваў задарожскі касцёл, схаваўшыся воддаль ад яго ў кустах. Бо хіба зразумеюць такі занятак мясцовыя працавітыя людзі, калі ўбачаць? Засмяюць жа! Хлопчык вучыўся тады ў гарадской мастацкай школе, і яму трэба было здаць малюнкі пасля летніх канікулаў. Мастаком той хлопчык не стаў. Але затое ён стаў святаром.

Ведаю і яшчэ аднаго «мастака», праўда ён маляваў не палотны, але ў тое вызначальнае для яго лета фарбаваў стары дах над сакрыстыяй. Фарбаваў, думаў, маракаваў... Нарэшце не змог больш трываць — кінуў на даху вядро з фарбай і пабег да ксяндза Люцыяна: «Я іду!» «Куды ідзеш?» — запытаў святар. «У семінарыю іду!» — быў адказ. І пайшоў. А дах у тую восень так і застаўся недафарбаваны. Давялося потым сакрыстыяніну сканчваць працу.

* * *

Як заўсёды, калі чакаеш у дом гасцей, трэба шмат чаго зрабіць. Сёлета задарожскія парафіяне, рыхтуючыся да юбілею сваёй святыні, напрацаваліся ўдосталь. І гэтая праца таксама сталася часткай гісторыі касцёла.

А гасцей было шмат. Найперш, вядома, Віцебскі біскуп Уладзіслаў Блін, чый род таксама паходзіць з задарожскай парафіі. А пра нас, былых задарожскіх парафіянаў, якія з’ехаліся на юбілей сваёй святыні, не хочацца казаць як пра гасцей, бо не хочацца думаць, што мы не належым да нашага касцёла.

На свяце былі прадстаўнікі ўладаў, якія, дарэчы, таксама далучыліся да падрыхтоўкі юбілею касцёла. У гэты адметны дзень, на Унебаўзяцце Маці Божай, дыяканскае пасвячэнне з рук біскупа Уладзіслава Бліна прыняў Генадзь Ляўкоў.

Клопатам цяперашняга пробашча Эдварда Нарадоўскага і ягоных парафіянаў перад галоўнай брамай святыні ўстаноўлена фігура Маці Божай. Каб кожны, хто будзе праязджаць альбо праходзіць каля святыні, затрымаўся пры Ёй, нашай Маці. Яна ў задарожскім касцёле — Маці Божая Ласкавая. Таму ты, прахожы, можаш распавесці Ёй усё-усё пра свае жыццё, пра сваё радасці і беды, пра свае прыгожыя і непрыгожыя ўчынкі. Тут цябе прымуць і не пасмяюцца з тваіх няўдачаў. Бо ты — Божае дзіця, ты — той, каго Пан Бог палюбіў першым. Палюбіў і паклікаў да годнага жыцця. Дык не бойся адчыніць цяжкія касцёльныя дзверы. Павер: пасля, выходзячы са святыні і зачыняючы іх, тваё сэрца зведае сапраўдную палёгку. Бо ты зразумееш, як гэта шмат — калі цябе, менавіта цябе, любіць сам Пан Бог...

* * *

...Удзячная сваім бацькам, якія разам з маімі хроснымі ў адну з заснежаных зімаў прывезлі мяне, немаўля, у задарожскі касцёл. У той дзень я стала хрысціянкай, і маё імя было запісана ў Кнізе Вечнасці.

Удзячная Богу за тое, што ў маім жыцці і ў жыцці маіх сыноў быў гэты касцёл — у ім яны таксама прынялі хрост і зрабілі свае першыя крокі на доўгім шляху веры.

Ніколі не забуду тых дзён, калі ў гэтым жа касцёле я, падлетак, назаўсёды развітвалася з маім братам, потым, ужо дарослая, — з бацькамі, сястрой, шваграм... Заўсёды, калі прыязджаю ў родны касцёл, наведваю магілы дарагіх мне людзей. Яны спачываюць зусім блізка ад касцёла, на тутэйшых могілках. І таксама хачу, каб мой жыццёвы шлях у той час, калі пакліча мяне Пан Бог у вечнасць, таксама завяршыўся тут, перад алтаром Маці Божай Ласкавай...

Ірына Жарнасек.
Фота кс. Віктара Місевіча.