Калі іншыя жанчыны абмяркоўваюць спорт або cябровак, яна кідае ў люстэрка апошні погляд і папраўляе пасмачкi валасоў. Яна заўсёды імкнецца выглядаць як мага лепш. Яе валасы заўсёды прыбраныя ў прычоску, якая ёй асабліва пасуе да твару, яна выкарыстоўвае дэкаратыўную касметыку роўна ў той меры, якая адпавядае моманту. Яе сукенка заўсёды вылучаецца жаноцкасцю. Туфлі пасуюць, а даўжыня спадніцы заўсёды залежыць ад сітуацыі. Яна — увасабленне мяккасці і далікатнасці. У ёй няма нічога мужчынскага — ні ўласцівай мужчынам агрэсіўнасці, ні сілы, нi смеласцi. Пры гэтым яна застаецца цудоўнай гаспадыняй, мае добры характар і бліскучыя манеры. У натоўпе жанчын яна нязменна вылучаецца — самая чароўная з усіх...

Усе мы ведаем такіх жанчын. Часам здаецца, што яны зачароўваюць літаральна кожнага чалавека на сваім шляху, у той час як іншыя, не менш прывабныя і цудоўныя, застаюцца незаўважанымі і непрызнанымі. У чым жа заключаецца жаночая прыцягальнасць? Такая асоба ведае галоўную праўду: жанчына — гэта дар Бога для свету. І гэтага будзе дастаткова, каб зразумець, што ўсе прыцягальныя якасці ўласцівыя кожнай з нас. Мы — дар Бога. І калі ў цябе гэтых якасцяў няма, то адбылося гэта таму, што ты сама знішчыла іх у сабе. Ці варта іх адрадзіць? Безумоўна, бо ў гэтым свеце для нас няма больш важнага прызначэння, чым быць жанчынай, выпраменьваць радасць і асвятляць сваім святлом змрочныя дні.

На жаль, нават у сучасны перыяд гісторыі, калі чалавеку даступная вялізная колькасць інфармацыі ў любой галіне ведаў, дастатковых звестак пра тое, якія менавіта якасці павінна мець сапраўдная жанчына, вельмі мала. Многія дзяўчаты не ведаюць, чым кіравацца, і не бачаць перад сабой узораў, з якіх яны маглі б браць прыклад. Таму здараюцца памылкі, якія не дазваляюць ім удасканальвацца і імкнуцца да лепшага. Менавіта дзеля таго, каб здабыць патрэбныя веды, варта звярнуцца да праўды, якая існуе па-за часам.

«Жанчына — дар Бога свету» — так гучала асноўная тэма рэкалекцый, якія праходзілі ў Баранавічах з 2 па 7 жніўня. Больш за 40 дзяўчат з усіх куткоў Беларусі і нават з Расіі прыехалі ў кляштар, каб прыняць удзел у канферэнцыях, прысвечаных жаноцкасці. Кожны этап рэкалекцый быў скіраваны на адкрыццё і вывучэнне самага лепшага, што ёсць у кожнай жанчыне. Крок за крокам пад кіраўніцтвам сястры Паўлы Бабёр, галоўнага арганізатара гэтай сустрэчы, дзяўчаты адкрывалі для сябе тыя праўды, пра якія, магчыма, раней і не задумваліся. Сапраўды, не чакаеш убачыць сваю сілу ў слабасці, сваё прызначэнне — у шлюбе або адзіноце, палёт душы — у сапраўдным каханнi. Падчас рэкалекцый мы кожны дзень атрымлівалі лісты. Што было ў гэтых лістах? Любоў.

Любоў, якой хочацца дзяліцца, пра якую павінна ведаць кожная жанчына.

Вось урывак з такога ліста:

«Дарагая жанчына, Я стварыў цябе дасканала. Твае рысы маюць трываласць косткі, але ў той жа час ты пяшчотная і далікатная.
Ты забяспечваеш ахову самага адчувальнага, уразлівага і далікатнага, што ёсць у мужчыны, — яго сэрца. Сэрца з’яўляецца цэнтрам ягонай сутнасці.
Ты не была ўзятая з часткі яго нагі, каб падпарадкоўвацца яму.
Ты не была ўзятая з часткі ягонай галавы, каб быць вышэйшай за яго. Ты была створаная з рабрыны, менавіта з гэтай часткі ягонага цела дзеля таго, каб быць побач з ім і ахоўваць яго.
Ты — самае прыгожае Маё тварэнне. Маё сэрца напаўняе шчасце, калі Я гляджу на цябе.
Ты незвычайная, таму што праз сябе ты аб’яўляеш Мяне.
Я люблю цябе. Твой Бог».

Паразважайце над гэтым... Магчыма, у вашым жыцці многае зменіцца.

Аліна Вольская, Пінск.