Прысягнуць — найвялікшая адказнасць: перад Богам, перад другім чалавекам, перад самім сабой, у рэшце рэшт. Прысягнуць — значыць узяць на сябе абавязак. Таму, напэўна, толькі занадта саманадзейнаму чалавеку дадзена без каліва сумневу ды без аглядкі на сюрпрызы, якія можа паднесці лёс, прамовіць вынесеныя ў загаловак гэтага артыкула словы з прысягі маладых падчас сакрамэнту сужэнства.

Героі гэтага допісу, Ірына і Аляксандр Азаронкі з віцебскай парафіі святога Антонія, — людзі дастаткова сціплыя, каб бачыць у вернасці сужэнскай прысязе штосьці надзвычайнае. Але ўсё адно з 25 гадоў сумеснага жыцця якраз той перыяд, калі яны пабраліся касцёльным шлюбам, у плане асабовай лучнасці і духоўнага ўзрастання выдзяляюць як самы плённы. Таму і юбілей, што адсвяткавалі Азаронкі ў сакавіку гэтага года, стаў для іх і своеасаблівым падрахункам пройдзенага, і падставай для сур’ёзных разважанняў пра дзень заўтрашні.


Для нармальнага існавання сям’і, здараецца, нават такога важнага складніка, як адзінаверства сужэнцаў, недастаткова. Нават калі, як у сям’і Азаронкаў, не адчуваецца дысанансу паміж пастулатамі веры і явай. «Ці здараюцца ў нас непаразуменні? Вядома, мы ж жывыя людзі!» — у адзін голас кажуць Ірына і Аляксандр. І за такім адказам чуецца жыццёвая мудрасць людзей, якія не толькі маюць моц успрымаць пэўныя жыццёвыя непамыслоты як наканаванасць, але і ведаюць, як даваць той наканаванасці рады. Ведаюць у немалой ступені, а, можа, і найперш — дзякуючы веры.

Цяжка хворая маці Ірыны жыве ў сям’і дачкі і зяця шмат гадоў. Складана ў стасунках з хворым чалавекам іншы раз стрымацца, не даць волю эмоцыям, раздражненню. Але ў Азаронкаў усё гэта — дзень учарашні. Усё змянілася з пачаткам іх актыўнага жыцця ў касцёле, і гэта, лічаць яны, — галоўны іх набытак. Сэнс існавання, асабовыя прыярытэты — усё бачыцца па-іншаму дзякуючы сумесным пошукам ісціны на шляху да Бога. А галоўнае — іначай бачацца ўласныя ўчынкі і недахопы, ад якіх кожны міжволі імкнецца пазбаўляцца праз усвядомленае разуменне патрэбаў бліжняга. І яшчэ — праз дараванне, без якога наогул наўрад ці сям’я можа быць паўнавартаснай.

Азаронкі — людзі шчаслівыя. 5 гадоў таму (яшчэ адзін юбілей) пабралася шлюбам з грэка-католікам Аляксеем Варанко іх дачка Святлана. Маладыя людзі разам вучыліся ва ўніверсітэце на аддзяленні тэалогіі і вось ужо разам гадуюць дачок Любу і Надзю, далучаюць дзетак да рэлігійнага жыцця. Па сёння многія вернікі, удзельнікі адной з пілігрымак у марыйны санктуарый у Шуміліне, памятаюць, як расчыніліся дзверы касцёла і на парозе з’явіліся Святлана і Аляксей з дзецьмі на руках. Што з’явіліся — не дзіва. Дзіва тое, што ішлі маладыя сужэнцы з дзецьмі пешкі, а гэта без малога 40 кіламетраў, ды яшчэ ў непагадзь.

І хоць жыве маладая сям’я асобна ад бацькоў, сустракаюцца яны часта, святкуючы разам рэлігійныя святы, аддаючы ў супольнай малітве падзяку Богу за дар любові і ўзаемаразумення. А што ўзаемаразуменне ёсць, сведчаць і водгукі маладых пра бацькоў, і, наадварот, старэйшых — пра маладых. Калі-нікалі далучаюцца да дружнай сябрыны і Ірыніны сваякі Аліна, Андрэй ды Тадэвуш, і тады каталіцкая супольнасць Азаронкаў-Варанко павялічваецца амаль удвая.

Словам — усюды яны разам. Вось так заўжды і ўсюды — у малітве, у пілігрымцы ў Будслаў, у любой хатняй справе — сумесна, у суладдзі з Божымі прыказаннямі і ўласным сумленнем. З гэткім настроем узялі нашы героі ўдзел і ў сёлетняй — напрыканцы жніўня — Міждыяцэзіяльнай пілігрымцы сем’яў у санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе.

Дом Ірыны і Аляксандра месціцца побач з парафіяльным касцёлам, на вулцы, якую не адразу і адшукаеш, ды затое пазнаеш адразу — па фігурцы Маці Божай Фацімскай у вакне, якую гаспадыня прывезла з пілігрымкі ў далёкую Партугалію. Ахоўніцы і Апякункі супакою хрысціянскай сям’і, што, прысягнуўшы аднойчы на адданасць падчас сакрамэнту шлюбу, імкнецца захоўваць тую адданасць як мага больш поўна.

Францішак Дубраўскі.
Фота з архіва сям’і Азаронкаў.