У альбоме «In nomine Domini» («У імя Пана»), які выйшаў у выдавецтве «Pro Christo» з нагоды 300-годдзя кансэкрацыі касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, сучаснай архікатэдры, адлюстравана гісторыя святыні, пабудаванай езуітамі на пачатку XVIII ст. і кансэкраванай у 1710 годзе.

За час свайго існавання шмат чаго давялося спазнаць гэтым старажытным святым мурам. Яны перажывалі перыяды росквіту і заняпаду, але з волі Божай захаваліся ў віры бурлівых падзеяў. Архікатэдра — гэта не толькі галоўная каталіцкая святыня Беларусі, але і каштоўны помнік архітэктуры, які цудам перажыў гады ваяўнічага атэізму, хоць і быў моцна знявечаны, цалкам перабудаваны і на працягу сарака гадоў выкарыстоўваўся як Дом фізкультуры. Сёння мінская архікатэдра, адбудаваная і ўзноўленая ў сваім велічным архітэктурным абліччы, — гэта яскравы знак адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

У альбоме змешчана каля 350 ілюстрацый, якія суправаджаюцца тэкстамі на беларускай і англійскай мовах.

Рэд.