У савецкі час галоўная каталіцкая святыня Беларусі — мінская архікатэдра — стаяла пад вывескай «Дом фізкультуры». Яе велічная прыгажосць была схаваная за савецкімі надбудовамі і прыбудовамі, і толькі збоку двара аб Божым доме нагадвалі старажытныя мураваныя сцены. Аднак мала хто тады ведаў, чым на самай справе з’яўляецца гэты будынак. Праўда адкрылася ў 1992 годзе, калі вернікі пачалі барацьбу за вяртанне сваёй святыні.

Пра тое, як гэта адбывалася, дзеляцца сваімі ўспамінамі ўдзельнікі і сведкі тых падзеяў. Мы таксама знайшлі і тых, хто памятае, якой была катэдра ў 20-я гады, памятае яе тагачаснага пробашча — ксяндза Адама Пучкара-Хмялеўскага. Ім слова.



Станіслава Уладзіміраўна Барысюк:

— Нарадзілася я ў 1917 годзе ў Мінску. З дзяцінства хадзіла з бацькамі ў катэдру. Тут з рук ксяндза Адама Пучкара-Хмялеўскага прымала Першую святую Камунію, маю нават здымак. Потым і шлюб тут брала. Дзіцём спявала ў касцёльным хоры (была самай малодшай). Памятаю, як аднойчы ксёндз Адам запрасіў усіх удзельнікаў хору да сябе. Я апошняя стаяла, забіўшыся ў кут. Ён запытаўся, а дзе тое дзіця, што так хораша спявае. Мяне да яго падвялі . Ён запытаўся маё імя, спытаў пра бацькоў. Мой тата на той час быў памёршы. Ксёндз даў мне грошай і сказаў, каб аднесла маме, а тая ведае, што купіць. Гэта быў ксёндз неверагоднай дабрыні, сапраўдны айцец. Калі яго ў 1937 годзе арыштавалі, гэта стала вялікім няшчасцем для ўсіх парафіянаў.

У тым жа 37-м па нечым даносе і мяне арыштавалі як «ворага народа». Спачатку трымалі на Валадарцы, потым у Віцебску і ўрэшце адправілі ў Караганду. Я была замужам, да таго ж цяжарная. Далі мне 8 гадоў, але я адседзела два з паловай. Мая маці ўсюды ездзіла і хадайнічала за мяне. Дапамагло тое, што я ніякіх папераў не падпісвала падчас допытаў. Мне потым сказалі: «Тваё шчасце, што ты была цяжарная, а так бы прымусілі падпісаць...».

Усе жыццё я трымалася Бога і, калі давялося на пачатку 90-х гадоў змагацца за вяртанне катэдры вернікам, не шкадавала ні сіл, ні часу. Была неаднойчы на прыёме ў Старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслава Шушкевіча, потым у галоўных прафсаюзных дзеячаў. Я гаварыла, што сама прайшла казахстанскі лагер і ўжо нічога не баюся. Нібыта ўсе спачувалі, але пахадзіць прыйшлося нямала.

Альдона Людвігаўна Плісневіч:

— Я добра памятаю катэдру канца 20-х гадоў. Памятаю тагачаснага пробашча катэдры ксяндза Адама Пучкара-Хмялеўскага. Яму тады на выгляд было гадоў 45. Высокі, прыгожы і вельмі адкрыты для людзей. Заўсёды на веласіпедзе ездзіў да хворых ці на пахаванні. Памятаю, калі памёр мой тата, ён таксама прыехаў да нас на веласіпедзе. Мама хацела яму потым даць грошы, але ён сказаў, паказваючы на нас, траіх дзяцей: «Купі ім спачатку сандалі, хутка восень, а яны ў цябе босыя». Потым ён дапамог маёй маці ўладкавацца на працу ў цырульню прачкай. Чым толькі мог — дапамагаў усім, хто быў у патрэбе. Быў неверагодна цяжкі час. За жменю зерня, узятага на працы, можна было трапіць у турму надоўга. Ксёндз Адам заўсёды вучыў сваіх парафіянаў, каб нічога нідзе не кралі, часта паўтараў: «Богу — Богава, а кесару — кесарава».

Да цяперашняга часу стаіць у вачах тагачасны вельмі прыгожы алтар катэдры, а таксама незабыўнае свята Пасхі. У Вялікую пятніцу гроб з Езусам знаходзіўся ў дольным касцёле, дзе і праводзіліся спецыяльныя набажэнствы. А велікодным ранкам, калі ўпершыню гучала «Аллелюя», на алтары з-пад зямлі падымалася манстранцыя з Эўхарыстычным Езусам (магчыма, там быў нейкі люк). Людзі міжволі падалі на калені, плакалі наўзрыд і адаравалі сапраўды Жывога Уваскрослага Хрыста...

Вельмі цяжка было потым, калі наша катэдра стаяла знявечаная. Дзякуй Пану Богу, што прыйшоў час адраджэння! Ад імя сведкаў тых падзеяў выказваем шчырую падзяку ксяндзу Уладзіславу Завальнюку за яго сапраўдны подзвіг у змаганні за нашыя касцёлы, у тым ліку за архікатэдру!

Эма Іосіфаўна Сабалеўская:

Я родам з-пад Рубяжэвічаў. Бога люблю з дзяцінства, а Усемагутны даў мне ласку смела вызнаваць сваю веру ў любыя часы і нічога не баяцца. Цэлы год мне давялося хадзіць па розных інстанцыях для таго, каб аддалі нам Чырвоны касцёл, а потым 8 месяцаў мы з вернікамі змагаліся за катэдру. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк тады дабіўся, што гарадскія ўлады і начальства Дома фізкультуры дазволілі арандаваць спартыўную залу на 3-м паверсе для цэлебрацыі святой Імшы. Аднак, калі на набажэнства, прысвечанае святу Беззаганнага Сэрца Марыі сабралася каля 400 вернікаў, спартсмены ўварваліся ў залу і пачалі нас выганяць. Яны скакалі праз галовы пажылых людзей, дэманструючы прыёмы ўсходняй барацьбы. Ксёндз Уладзіслаў лёг на падлогу крыжам, а мы — за ім. Ціха ляжалі і маліліся. Памятаю, што ксёндз Уладзіслаў ляжаў нерухома вельмі доўга, ажно яго старэнькая маці нахілілася паслухаць, ці ён увогуле жывы.

Аднойчы мы сабраліся каля будынка, у якім сядзела начальства спорткамітэта (месца цяперашняй плябаніі), каб паразмаўляць з імі. Да нас ніхто не выходзіў, а мы маліліся і спявалі. Раптам мяне ззаду нехта моцна ўдарыў па шыі. У вачах пацямнела, і я страціла прытомнасць. На «хуткай дапамозе» мяне прывезлі ў бальніцу. Дзякуй Богу, я там доўга не затрымалася.

Потым, калі катэдру нам аддалі, я кінула працу, каб дапамагаць у яе адбудове. Не забуду, як нам, дзевяці чалавекам, трэба было разгрузіць дзве машыны бетону. Амаль да ночы працавалі і былі змучаныя да паўсмерці. Але якімі ж шчаслівымі мы сябе адчувалі!

Кацярына Іванаўна Сямёнава:

— Калі мы ваявалі за Чырвоны касцёл, было вельмі цяжка, але нас тады не білі. У барацьбе ж за катэдру нацярпеліся і маральна, і фізічна. Спартсмены тады ясна сказалі: «Мы знойдзем сродкі і магчымасці выкінуць вас адсюль назаўсёды». Але вернікі, а нас было тады чалавек 50, кожную раніцу хадзілі вакол катэдры з крыжам і маліліся. З вокнаў і балконаў на нас кідалі агрызкі, смецце, лілі ваду і памыі. Запальвалі нейкія пакеты, якія ўзрываліся пад нашымі нагамі. Вырывалі з рук крыж і неаднойчы яго ламалі. Памятаю, Эма Францаўна, вечны супакой, не аддавала крыж, дык яе так штурхнулі, што яна ледзьве не забілася, давялося выклікаць «хуткую дапамогу». Нават жанчыну без рукі, пані Ванду, не саромеліся біць...

А мы і ў мароз, і ў дождж маліліся. Нават пасля аперацыі я разам з усімі кленчыла на снезе і ў вадзе, каб прыняць святую Камунію. Бывала так адубееш, што ружанец з рук вывальваўся. Вада замярзала, і мы ў кіёску, што стаяў побач, грэлі яе для ксяндза Уладзіслава Завальнюка, які цэлебраваў святую Імшу. На жаль, многія з тых, хто адваёўваў тады катэдру, ужо адышлі ў вечнасць. Гэта былі сапраўды гераічныя людзі! З імі можна было горы звярнуць! Няхай Пан Бог іх усіх узнагародзіць у шчаслівай вечнасці...

Тэрэза Вацлаваўна Лявонцьева:

— Я дзякую Пану Богу за магчымасць удзельнічаць у змаганні за вяртанне нашай архікатэдры. З самых першых дзён разам з іншымі вернікамі, дзень у дзень, я была, што называецца, на лініі фронту. Нас было дзве групы: старэйшыя і больш маладыя. Мы, старэйшыя, хадзілі па дзяржаўных кабінетах, а другая група — да кіраўніцтва спартыўных арганізацый і Таварыства аховы помнікаў. Цяжка і безвынікова, здавалася, было ўсюды. Нам казалі: няма дакументаў, што будынак належыць католікам, а таксама няма дакументаў, пацвярджаючых, што гэта маёмасць спартсменаў. Аднак закон на той час сведчыў: хто ў дадзены момант займае будынак, той і гаспадар. Але мы не здаваліся...

Памятаю, калі нарэшце спартсменам далі памяшканне, то мы за свае грошы купілі фарбу і рабілі там рамонт, каб толькі яны хутчэй вызвалілі нам катэдру. А калі мы першы раз увайшлі ў касцёл, кінуліся ў вочы словы, якія ўздоўж цяперашняга алтара былі напісаныя на лацінскай мове. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк нам патлумачыў: «Жыццё мне — смерць табе!» Гэта, аказваецца, быў дэвіз тых спартсменаў.

Працавалі фізічна шмат і вельмі цяжка. Тоны смецця і друзу выграбалі з гарышча і па жолабе ў вёдрах спускалі ўніз. Пыл стаяў такі, што мы не бачылі адзін аднаго, таму працавалі з марлевымі павязкамі. Праз хвілін 7—10 мяняліся, бо немагчыма было вытрываць. Калі ксёндз Ян Шуткевіч, на той час ужо пробашч катэдры, падымаўся наверх, ён амаль плакаў, гледзячы на нас. Было і такое: мы з Ганнай Лапко зносілі па сходах уніз цяжкі металічны стол, раптам яна спатыкнулася і павалілася, а стол — на яе. Мы так спалохаліся, усе над ёй пачалі маліцца і, дзякуй Богу, абышлося без сур’ёзных пашкоджанняў. За гэтую працу нам нехта выдзеліў потым грошы, але мы іх ахвяравалі на адбудову нашай святыні.

Уладзіслаў Вінцэнтавіч Лапо:

— Свайго жыцця я не ўяўляю без Бога і вельмі шчаслівы, што меў магчымасць у свой час адстойваць веру і касцёлы. Сем гадоў давялося змагацца за кальварыйскі

касцёл у Мінску. Не раз у Маскву для гэтага ездзіў з вернікамі. А потым, калі нарэшце яго аддалі, то сюды з вёскі Краснае пачаў прыязджаць ксёндз Ян Адамовіч. Мы пачалі дабівацца, каб тут, на Кальварыі, быў святар пастаянна. Нам параілі ехаць у Рыгу да біскупа. Ездзілі мы туды шмат разоў і ўрэшце на Беларусь прыбыў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, спачатку ў Даўгінава, а потым і ў Мінск. За рэлігійную актыўнасць мяне звольнілі з працы, а дачку не прынялі ў інстытут, але любоў да Бога была мацнейшая за страх. Заўзята я змагаўся потым разам з іншымі вернікамі і за Чырвоны касцёл, і за катэдру, а таксама працаваў на іх адбудове. Самы незабыўны, шчаслівы момант для мяне быў тады, калі падымалі вялікі драўляны крыж на будынак адваяванай катэдры. Умацоўваў крыж, святой памяці, Ян Якімовіч. Многія тады не маглі стрымаць слёзаў радасці і шчасця, а ў галаве міжволі гучалі словы Святога Пісання: «І брамы пякельныя яго не перамогуць!»

Падрыхтавала Галіна Калевіч.
Фота аўтара і з архіва парафіі.