Дзіўныя справы Твае, Пане! — хочацца ўсклікнуць пры знаёмстве з Уладзімірам Аляксандравічам Вайцяховічам. У часы, калі ў будынку мінскага катэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзіўся Дом фізкультуры, ён займаўся ў спартыўнай секцыі таэквандо. А цяпер гэта адзін з самых актыўных парафіянаў архікатэдры, які штодня прысутнічае на святой Імшы. Сёння на старонках нашага часопіса ён дзеліцца сваімі ўспамінамі і некаторымі разважаннямі аб архікатэдральнай святыні і веры.

«Вось Я закладаю на Сіёне камень, — камень выпрабаванняў, вуглавы, каштоўны, моцны спод: хто верыць у яго, не будзе асаромлены» (пар. Іс 28,16).

З гэтых словаў хочацца распачаць аповед сваёй любові да архікатэдральнай парафіі. Хачу падкрэсліць слова «любові», бо нашу архікатэдру не любіць немагчыма. Думаю, што гэтыя пачуцці блізкія многім нашым парафіянам. Чаму так? Магчыма таму, што нашую парафію Пан Бог узнагародзіў адзнакамі асаблівага благаславенства Беззаганнай Панны Марыі — у цудоўным абразе, у тытуле касцёла. І гэта вымагае чысціні ва ўсім: у веры, у любові, у паводзінах, наогул у жыцці. Аб гэтым, дарэчы, на мой погляд, нагадвае выява на столі касцёла Езуса, які бізуном выганяе са святыні гандляроў. Я думаю, што Езус хоча, каб сэрцы парафіянаў былі чыстыя, як у Яго Маці. Архікатэдра — гэта галава касцёлаў у архідыяцэзіі і нават ва ўсёй краіне, таму мы павінны быць узорам для ўсіх парафій. А там, дзе галава касцёла, там... галава змея. І, як вучыць святы Людовік Грыньён дэ Манфор, верныя дзеці Марыі з’яўляюцца Яе пятою, якою Пан Бог струшчыць галаву змею. Я думаю, што і Ян Павел ІІ хацеў нам гэта падкрэсліць, калі падараваў архікатэдры цудоўны абраз Беззаганнай Панны Марыі, што вісіць у галоўным алтары.

Я вельмі ганаруся тым, што з’яўляюся парафіянінам такой цудоўнай святыні. Менавіта тут пачалася мая школа любові да Пана Бога і да Яго Беззаганнай Маці. Яшчэ тады, калі архікатэдра была занятая пад Дом фізкультуры, шляхі Божыя прывялі мяне сюды. Я не ведаў тады, што гэта за будынак, не ведаў таксама і Бога, але моцна Яго шукаў. Цікавіўся рознымі рэлігіямі, у прыватнасці, усходнімі філасофіямі. Аднойчы на працы калега прапанаваў мне запісацца ў секцыю таэквандо. Падумаў: карэйскія адзінаборствы — гэта нешта новае, невядомае, і пайшоў. Займаўся там каля чатырох месяцаў. Усё было цудоўна, але мне нечага не хапала. У той самы час адбылося маё знаёмства з Езусам. Я зразумеў, што ў тым усходнім адзінаборстве мне не хапае менавіта Хрыста, бо без Яго няма глыбіні, няма сэнсу. Езус павінен быць у цэнтры. Тады ў маім сэрцы нарадзілася вельмі глыбокае перакананне, што любая рэлігія ператворыцца ў хрысціянскую, калі прыме Езуса Хрыста. Я кінуў секцыю таэквандо, а праз год зноў прыйшоў сюды. Тут ужо цэлебравалася святая Імша! І Езус быў у цэнтры! Вера людзей зрабіла цуд: Езус выгнаў са святыні спартсменаў і вярнуў касцёл вернікам. А цудоўная выява на столі архікатэдры, думаю, не страціць сваёй актуальнасці ніколі. Моцна веру, што Пан Бог вымагае ад нас настойлівага і няспыннага вынішчэння з сэрцаў розных формаў гандлярства, а дакладней — зла.

Хацелася б падзяліцца яшчэ адным меркаваннем. На маю думку, сапраўднаму парафіяніну архікатэдры Панам Богам падараваны вельмі вялікі прывілей асаблівым чынам прысвяціць сваё жыццё Панне Марыі і аддана Ёй служыць. І калі чалавек з удзячнасцю прымае гэты прывілей, то, напэўна, у яго жыцці споўняцца словы святога Людовіка дэ Манфора: «Тысячу разоў шчаслівы хрысціянін, які ў гэты момант моцна прывязаны да Яе, як да выратавальнага якара. Ніякія навальніцы і катастрофы не прымусяць яго здрыгануцца, нішто не адыме яго нязмерных багаццяў, падараваных Небам. Шчаслівыя тыя, хто знайшоў у Ёй прыстанішча, як у каўчэгу Ноя! Воды граху хлынуць на іх, і многія загінуць у гэтым патопе, але не будзе сярод іх дзяцей і слугаў Марыі, бо так гаворыць Найсвяцейшая Дзева з самой мудрасцю: працуючыя са Мною, не зграшаць». Сапраўды, у Беззаганным Сэрцы Марыі няма граху. Над гэтым Сэрцам не мае ўлады злы дух. І ўсё, што прысвечана Яе Беззаганнаму Сэрцу, злы дух пакідае. Дык паспяшаймася прысвяціць сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі, паспяшаймася ў шэрагі Яе верных памочнікаў і слугаў!

Уладзімір Вайцяховіч