Працяг. Пачатак у № 3 за 2010 г. >>>

19. Ва ўнутраным жыцці, у знешніх паводзінах, у стасунках з іншымі людзьмі, у працы кожны павінен імкнуцца заўжды заставацца ў Божай прысутнасці, трываючы з Ім у размове — дыялогу, які не заўважны звонку, дакладней, не выяўляецца як звычайна, у гучанні словаў, але ў настойлівасці і поўнай любові руплівасці, з якімі мы ставімся да выканання ўсіх сваіх справаў, як значных, так і дробных. Згубіўшы гэтае пастаянства, мы будзем мала адпавядаць годнасці Божых дзяцей, якімі з’яўляемся. Мы занядбаем тыя скарбы, якія Божым Провідам рассыпаныя каля нас, каб мы здолелі прыйсці да годнасці «чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты» (Эф 4, 13). Падчас апошняй (грамадзянскай) вайны ў Іспаніі я часта наведваў са святарскаю апекаю шматлікіх маладых людзей на фронце. Аднойчы ў траншэі ля Тэруэля я пачуў дыялог, які назаўжды адбіўся ў маёй памяці. Малады жаўнер казаў пра іншага, відавочна, у нечым нерашучага і маладушнага: «Гэта не цэльны чалавек!» Мяне агарнуў вялікі смутак ад таго, што пра кагосьці з нас можна з абгрунтаваных прычынаў сказаць, што ён чалавек непаслядоўны; чалавек, які запэўнівае ўсіх, што хоча быць сапраўдным хрысціянінам, святым, але не звяртае ўвагі на асяроддзе і ў выкананні сваіх абавязкаў не заўжды выяўляе пяшчоту і сыноўскую любоў да Бога. Калі такім чынам вымалёўваецца стыль нашых паводзінаў, ні ты, ні я не з’яўляемся цэльнымі хрысціянамі.

20. Давайце імкнуцца запаліць з самай глыбіні сэрца гарачае жаданне, вялікае прагненне дасягнуць святасці, нават усведамляючы сваё поўнае ўбоства. Не бойцеся таго, што чым больш вы развіваецеся ва ўнутраным жыцці, тым больш ясна бачыце ўласныя заганы. Божая ласка дзейнічае, нібы крышталёвыя лінзы, якія павялічваюць да неверагодных памераў найменшую пылінку, амаль нябачную пясчынку. Душа атрымлівае тую Боскую далікатнасць, калі нават малы цень турбуе свядомасць, і яна цешыцца толькі Божаю чысцінёю. Скажы цяпер з самай глыбіні сэрца: Пане, я сапраўды хачу стаць святым, сапраўды прагну стаць годным Тваім вучнем, ісці за Табою, нягледзячы ні на што. І пасля пастаў для сябе задачу кожны дзень аднаўляць тыя вялікія ідэалы, што натхняюць цябе ў гэтыя хвіліны.

Езу, учыні, каб мы былі трывалымі, з’яднаныя ў Тваёй любові! Учыні, каб мы здолелі ў сваёй працы выявіць тое прагненне, якое Ты сам абуджаеш у нашых душах! Як найчасцей задавайце сабе пытанне: дзеля чаго я жыву на зямлі? Тады вы здолееце дасканала і ў любові завяршаць свае штодзённыя справы і з уважлівасцю ставіцца да дробязяў. Звернемся да прыкладаў святых, такіх жа, як мы, з цела і крыві, з тымі ж слабасцямі і заганамі, якія яны здолелі перамагчы і вырачыся саміх сябе з дапамогаю і дзеля Божай любові. І надалей будзем углядацца ў жыццё святых і, як пчолы, што выбіраюць з кожнай кветкі найкаштоўнейшы нектар, скарыстаемся прыкладам іх дасягненняў. Давайце навучымся знаходзіць мноства цнотаў у сваім асяроддзі: у людзях, якія вучаць нас працавітасці, ахвярнасці, радасці. Не будзем залішне звяртаць увагу на іх недахопы, толькі пры вострай неабходнасці прапануем ім братэрскую дапамогу ў выпраўленні.

21. Як і нашаму Пану, мне вельмі падабаецца размаўляць пра чаўны і сеткі, бо ўсе мы ловім у гэтых евангельскіх сцэнах дакладныя і ясныя прапановы. Святы Лука распавядае пра тое, як рыбакі мылі і цыравалі сеткі каля Генісарэцкага возера. Езус наблізіўся да чаўноў, што стаялі на беразе, і ўвайшоў у той з іх, які належаў Сымону. Як жа натуральна Настаўнік уваходзіць у нашыя чаўны! «Каб ускладніць нам жыццё!» — чуюцца скаргі. Пан сустракае і вас, і мяне на шляху, каб далікатна і з любоўю ускладніць нашае існаванне.

Скончыўшы казанне з Пятровага чаўна, Езус звярнуўся да рыбакоў: Duc in altum, et laxate retia vestra in capturam! — «Плыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову!» (Лк 5, 4). Давяраючы словам Хрыста, яны падпарадкаваліся і злавілі вялікае мноства рыбы. Гледзячы ж на Пятра, які разам з Якубам і Янам не мог пераадолець здзіўлення, Пан сказаў яму: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей.

А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім» (Лк 5, 10–11).

Твой човен — твае здольнасці, памкненні, поспехі нічога не вартыя, калі ты не ахвяруеш іх Хрысту, калі не дазволіш Яму свабодна ўвайсці, калі будзеш ператвараць іх у бажкоў. Самотны ў сваім чаўне, ты вырачаны на згубу, калі адмаўляешся ад Настаўніка, які звышнатуральным чынам прамаўляе да цябе. Толькі калі ты прымаеш, калі шукаеш прысутнасці і ўлады Пана Бога, будзеш выратаваны ад шторму і жыццёвых бураў. Пакладзі ўсё ў Божыя далоні, няхай твае думкі, цудоўныя ўзлёты твайго ўяўлення, твае поўныя чалавечай годнасці памкненні, твая чыстая любоў пройдуць праз Хрыстовае сэрца. Інакш рана ці позна іх загубіць тваё самалюбства.

22. Калі дазволіць Богу кіраваць тваім чаўном, быць яго гаспадаром, якую ж гэта дае ўпэўненасць!.. Нават калі здаецца, што Яго няма, што Ён заснуў, што не клапоціцца пра цябе, а між тым пачынаецца навальніца і навокал пануе суцэльны змрок. Святы Марк распавядае пра такі выпадак з апосталамі, калі Езус, «убачыўшы іх знясіленых веславаннем, бо вецер дзьмуў ім насустрач, каля чацвёртай варты ночы прыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсці міма іх. Яны ж... бачылі Яго і спалохаліся. Ён адразу загаварыў з імі і сказаў ім: Будзьце мужнымі, гэта Я, не бойцеся! І ўвайшоў да іх у лодку, і вецер сціх» (Мк 6, 48, 50–51).

Дзеці мае, у жыцці часам здараецца такое! Я магу расказаць вам, нічога не хаваючы і не змякчаючы, пра боль, пакуты, катаванні, мучаніцтва, пра гераізм многіх душаў. Нашым вачам і розуму здаецца часам, што Езус спіць і не чуе нас. Але святы Лука распавядае, як Пан ставіцца да сваіх вучняў: «У час плавання іхняга Ён заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх хвалямі, і яны былі ў небяспецы. І падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік, Настаўнік, гінем. Але Ён, устаўшы, загразіў ветру і хваляванню вады, і перасталі, і зрабілася цішыня. Тады Ён сказаў ім: дзе вера вашая?» (пар. Лк 8, 23–25).

Калі мы аддаемся Яму, Ён аддае нам сябе. Трэба бязмежна давярацца Настаўніку, трэба да канца аддаць сябе ў Ягоныя рукі і сваімі ўчынкамі даказваць, што Пан гаспадарыць у нашых чаўнах, што мы прагнем, каб Ён распараджаўся як заўгодна ўсім, што мы маем.

Я заканчваю, просячы заступніцтва Дзевы Марыі ў наступным: каб мы жылі ў веры, каб трывалі ў надзеі, каб былі верныя Хрысту і сапраўды, сапраўды, сапраўды любілі Яго, каб мы шукалі Любові і цешыліся ёю, каб былі ўлюбёныя ў Бога, каб мы дазволілі Хрысту ўвайсці ў наш убогі човен і валадарыць у нашых душах у якасці Гаспадара і Пана, каб мы шчыра паказвалі Яму, што імкнемся заўжды, удзень і ўначы, заставацца ў Ягонай прысутнасці, бо Ён паклікаў нас да веры: Ecce ego quia vocasci me! — «Вось я, Ты клікаў мяне!» (пар. 1 Сам 3, 8). Увойдзем жа ў Ягоную аўчарню, ідучы за голасам Добрага Пастыра, які кліча нас, і будзем упэўненыя, што толькі ў Ягоным прытулку мы знойдзем сапраўднае шчасце — зямное і нябеснае.

Пераклад з іспанскай мовы Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.