Антоні Святаполк-Мірскі
Святар, законнік (1907–1942)

Ён паходзіў з польскай сям’і, належаў да Таварыства Езуса, у 1938 г. прыняў у Польшчы сакрамэнт святарства. Вельмі мала праслужыў гэты малады святар на радзіме, бо сэрцам адгукнуўся на заклік Віленскага біскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага і ў 1941 г. паехаў служыць на Беларусь.

Тады ў той місіі прынялі ўдзел святары Станіслаў Глякоўскі, Казімір Рыбалтоўскі, Дзяніс Малец, Вітальд Рорух, Генрык Глябовіч і ён, Антоні Святаполк-Мірскі.

Ён прыехаў служыць Богу і людзям у Полацк, у горад, дзе некалі напоўніцу квітнела дзейнасць ордэну езуітаў. Што праўда, былая слава ордэну даўно ўжо належала гісторыі, а езуіцкі касцёл святога Стэфана даўно ўжо быў перададзены Праваслаўнай Царкве і цяпер гэта быў Мікалаеўскі сабор. Таму служыць айцу Антонію Святаполку-Мірскаму давялося ў дамініканскім касцёле Маці Божай Ружанцовай, які ў гісторыю Полацка ўвайшоў як апошні чынны касцёл пры савецкай уладзе. А айцец Антоні па горкай іроніі лёсу стаў ягоным апошнім святаром.

Нядоўга яму давялося тут служыць, але ахвярная праца гэтага святара засталася ў памяці полацкіх католікаў. І не толькі полацкіх, бо святар Святаполк-Мірскі абслугоўваў таксама блізкія і аддаленыя ваколіцы: напрыклад, даязджаў на кані са святарскай паслугай у касцёл Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёску Рукшаніцы Ушацкага раёна.

Як лічаць польскія даследчыкі Крагель і Яцэвіч, айцец Антоні Святаполк-Мірскі быў арыштаваны гітлераўцамі ў вігілію Божага Нараджэння 1942 года і закатаваны ў Полацку.

Ян Вярсоцкі
Святар (1888–1937)

Ён нарадзіўся ў славутых Гальшанах, на Ашмяншчыне. Вучыўся ў Санкт-Пецярбургу — скончыў там духоўную семінарыю, а ў 1915 г. прыняў сакрамэнт святарства. Свой святарскі шлях Ян Вярсоцкі распачаў у Мінску — служыў вікарыем у касцёле святога Роха і ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, на Кальварыі.

У 1920 годзе ён быў накіраваны ў в. Забелы Віцебскай вобласці, дзе служыў у касцёле святога Юрыя (цяпер в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на). Гэта быў вельмі прыгожы касцёл, узведзены пад кіраўніцтвам слыннага італьянскага дойліда Глаўбіца, таго самага, па чыім праекце паўстаў і Сафійскі сабор у Полацку. Калісьці ў Забелах дзейнічала вядомая на ўсю Полаччыну ды Віцебшчыну Забельская дамініканская акадэмія, у якой атрымлівалі адукацыю многія вядомыя беларускія дзеячы. У ХХ ст. пра акадэмію, вядома, ужо ніхто тут не ўспамінаў, пра кляштар таксама, а хто такія дамінікане, ужо не змог бы адказаць ніводзін вучань школы, што размясцілася ў былых мурах дамініканскага кляштара. Ды тагачасным вучням такія пытанні настаўнікі не задавалі, а бацькам было не да гэтага.

Але касцёл пакуль што існаваў і апошнім яго святаром лёсіла быць маладому Яну Вярсоцкаму. Адначасна ён служыў яшчэ і ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дрысе (сучасны Верхнядзвінск).

Роўна за месяц да галоўнага парафіяльнага свята ў Дрысе, 8 жніўня 1927 года, святара арыштавалі і 25 жніўня Калегіяй ОГПУ ён быў прыгавораны да 5 гадоў сталінскага лагера. Так распачаўся крыжовы шлях святара Яна Вярсоцкага, і 2 студзеня 1928 года вязень Вярсоцкі прыбыў на жудасныя Салаўкі. Да заканчэння тэрміну зняволення заставалася трохі больш за год, калі яго арыштавалі зноў. На гэты раз у віну ставіўся ўдзел у групавой справе каталіцкага духавенства, якое абвінавачвалася «в создании антисоветской группировки, ведущей антисоветскую агитацию, тайно совершавшей богословские и религиозные обряды и осуществлявшей нелегальную связь с волей для передачи за границу сведений шпионского характера о положении католиков в СССР». Следства хадайнічала аб павелічэнні тэрміну пакарання да 10 гадоў. У выніку — новая высылка, на гэты раз у Алма-Ату. У апошнім сваім лісце ў Польскі Чырвоны Крыж вязень Вярсоцкі прасіў паклапаціцца і прыслаць яму чаравікі 43-га памеру, бо «ў Алма-Аце востры недахоп скуранога абутку, а перакупшчыкам мы вымушаныя плаціць утрая...»

Ці магчыма было ў такіх нялюдскіх умовах заставацца святаром, калі гэты святар не меў не тое што парафіі і касцёла, але і проста — магчымасці адпраўляць Імшу? Аказваецца, магчыма. І сведчанне таму — новы арышт у Алма-Аце. На гэты раз «за антысавецкую агітацыю сярод зняволеных» святар Ян Вярсоцкі 11.12.1937 г. быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны разам са сваім братом у святарстве, Карлам Лапіновічам. Пасмяротна рэалібітаваны ў 90-я гады.

Падрыхтавала Ірына Жарнасек.