Няшмат часу працуе ў нашай парафіі ксёндз Чэслаў Курэчка, але як многа зроблена ім для нас, для нашага касцёла Святой Тройцы — месца паломніцтва, куды прыязджаюць і прыходзяць тысячы людзей, каб памаліцца і папрасіць аб уласных патрэбах і аздараўленні. Лічыцца, што заступніцтва росіцкіх святароў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча і цяпер вельмі моцнае, бо не пакінулі яны сваіх вернікаў і загінулі ў полымі разам з жыхарамі Росіцы ў лютым 1943 года. У чэрвені 1999 года росіцкія святары Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч былі далучаныя Рымскім пасадам да ліку святых.

Да Другой сусветнай вайны Росіца была мястэчкам — 321 двор. Але ўсе будынкі і большасць людзей загінулі ў лютым 1943 гады. Захаваўся толькі касцёл. Пасля вайны Росіца адрадзілася. Пабудавалі новыя хаты, школу, бібліятэку, клуб, сталовую. Вёска стала вытворчым і сацыяльным цэнтрам. Але ненадоўга. На пачатку гэтага стагоддзя сталі занепадаць вёскі на нашай зямлі. У апошнія гады ў Росіцы зачынілі школу, сацыяльны цэнтр перамясцілі ў іншую вёску. Працаздольныя расічане перасяліліся бліжэй да месца працы і пакінулі свае хаты. Так што сённяшні пробашч росіцкага касцёла айцец Чэслаў Курэчка заступіў на службу зусім не ў лепшы час існавання вёскі. «Росіца будзе жыць!» — запэўніў святар і ўзяўся за працу. Дзякуючы айцу Чэславу паспяхова ідзе рамонт касцёла і плябаніі, а таксама добраўпарадкаванне ўсёй вясковай тэрыторыі. Паўсюль з’явіліся вялікія кветнікі, на якіх фарбы змяняюцца на працягу ўсяго сезону. Вясной наўкол касцёла палымнеюць 1528 цюльпанаў — столькі людзей загінула ў жахлівыя дні росіцкай трагедыі. Паступова расцвітаюць на клумбах нарцысы, гіяцынты, хосты, бягоніі, гладыёлусы, лілеі, ружы... У возеры на хвалях гойдаюцца рознакаляровыя гарлачыкі і лотасы. Кветкі «выбеглі» за межы касцёльнай тэрыторыі на вуліцы ўсёй вёскі. Упрыгожылі помнік воіну-вызваліцелю, да якога святар ставіцца з асаблівай пашанай, цэлебруючы тут Імшу у Дзень Перамогі.

Падтрымліваюць айца Чэслава раённыя ўлады, Сар’янскі сельсавет, дырэктар СП «Дрысенскі», мясцовыя настаўнікі. З іх дапамогай удаецца атрымаць тэхніку, грунт, будматэрыялы, вырашыць многія арганізацыйныя пытанні. Мясцовыя беспрацоўныя маюць магчымасць зарабіць на касцёльнай будоўлі і добраўпарадкаванні. А планы ў ксяндза Чэслава грандыёзныя. Задумана стварыць цэлы комплекс Памяці. Уздоўж касцёла ад могілак да возера пройдзе алея благаслаўлёных Юрыя і Антонія. Айцец Чэслаў плануе абсадзіць яе пірамідальнай туей — зялёнымі «свечкамі» ў гонар пакутнікаў. Цярністы іх шлях будзе сімвалізаваць чырвонае калючае кустоўе. На пачатку алеі плануецца расчысціць вадаём і ўпрыгожыць яго плакучымі пурпурнымі і срэбнымі вербамі. Будзе добраўпарадкаваны і бераг возера, дзе з’явіліся ўжо дзіўныя расліны — німфеі. Перад прыступкамі, што спусцяцца да вады, паўстане каваная брама — сімвал уваходу ў Валадарства Нябеснае.

Зразумела, для ажыццяўлення гэтых планаў трэба нястомна працаваць. А наш святар вельмі многа працуе, і мы ўпэўненыя, што з Божым благаслаўленнем і агульнай зацікаўленасцю ўсё магчыма. Мы бачым, як Росіца становіцца прыцягальным месцам для тысяч людзей, адным з цэнтраў беларускай духоўнасці. Няхай Добры Бог спрыяе нашаму айцу Чэславу ў яго высакародных справах, няхай адорыць яго моцным здароўем. А мы, парафіяне росіцкага касцёла Святой Тройцы, будзем маліцца за яго.

Ад імя парафіянаў — Надзея Кубака,
в. Росіца Верхнядзвінскага р-на.